БХД заклікае дасылаць Мінгандлю фота продажу алкаголю каля кас

У рамках кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя праводзіць маніторынг крамаў на прадмет размяшчэння алкагольнай прадукцыі ў гандлёвых залах.



«Тое, як яны размяшчаюць алкагольную прадукцыю, выклікае абурэнне не толькі ў мяне, як чалавека, які хоча нешта змяніць у гэтым кірунку, але і ў многіх грамадзян Беларусі. Мы ўсе разумеем, што ўладальнікі крамаў у першую чаргу зацікаўленыя прадаць больш і атрымаць прыбытак, і іх не хвалюе, што алкагалізм у Беларусі гэта катастрофа, якая пачынаецца ў іх на прылаўках», —  адзначыла каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова.
 
 
Месяц таму аргкамітэт БХЛ звярнуўся ў міністэрства гандлю з зваротам, да якога прыкладаліся фатаграфіі продажу алкагольнай прадукцыі ў прыкасавых зонах. У сваім адказе Мінгандлю заявілі, што парадак выкладкі тавараў у гандлёвай зале крамы заканадаўства не рэгулюе, а для абмежавання даступнасці алкаголю для насельніцтва міністэрства праводзіць ТЛУМАЧАЛЬНУЮ працу з суб'ектамі гандлю, не дапушчаючы размяшчэнне яго ў «прыкасавых» зонах.
 
 
«Тлумачальная праца, гэта па сутнасці — бяздзейнасць, бо пасля яе сітуацыя ніяк не змяняецца. Я лічу, што пры існуючай сітуацыі з ужываннем алкаголю ў Беларусі растлумачальнай працы даўно не дастаткова, неабходныя заканадаўча замацаваныя абмежавальныя меры, у тым ліку магчымасць продажу алкаголю толькі ў асобных аддзелах крамаў і замацаваныя ў правілах гандлю дакладныя крытэрыі раскладкі тавараў у крамах, не дапушчаючы продаж алкаголю на касах», — дадаў Вольга Кавалькова.
 
 
Паводле яе слоў, гэта дапаможа не толькі знізіць выдаткі міністэрства на тлумачальную працу, але і ў некалькі разоў знізіць колькасць неабдуманых пакупак алкаголю на касе, «калі ты і не сабіраўся купляць, а тут на табе і проста ў рукі».
 
 
«Назіраючы шматгадовую бяздзейнасць органаў улады і аналізуючы беларускае заканадаўства, якое рэгулюе выраб і продаж алкаголю, і атрымліваючы такія адказы, прыходзіш да высновы, што асноўны лабіст алкагалізацыі насельніцтва — гэта дзяржава. І мы ў межах кампаніі змагаемся за змяненне сітуацыі і просім неабыякавых да гэтай праблемы грамадзян звяртацца ў міністэрства гандлю з зваротамі аб нязгодзе з дзеючым парадкам продажу алкаголю на rbmintorg@gmail.com», — дадала каардынатар кампаніі.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: