БДІПЧ АБСЕ: Прызнанні Пратасевіча і Сапегі на ТБ парушаюць права на справядлівы суд

У Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ лічаць, што прызнанні Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, паказаныя па тэлебачанні, парушаюць іх права на справядлівы суд, і могуць быць прыкметай таго, што іх катавалі.

Крыніца: Instagram


«Нядаўна паказаныя відэа Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі выклікаюць глыбокую трывогу, парушаюць іх права на справядлівы суд і могуць быць прыкметай таго, што іх прымушалі і катавалі, што забаронена міжнародным правам. Бо такія абставіны выключаюць справядлівы суд для Пратасевіча і Сапегі, я заклікаю неадкладна іх вызваліць», — цытуе REFORM.by заяву дырэктара БДІПЧ АБСЕ Матэа Мекачы.

У АБСЕ нагадваюць, што ў 2020 годзе краіны-чальцы АБСЕ абавязаліся не ўжываць катаванні і жорсткі зварот на допытах, у тым ліку для атрымання прызнання.

БДІПЧ лічыць, што беларускія ўлады павінны расследаваць, ці падвяргаліся Пратасевіч і Сапега катаванням і іншаму забароненаму абыходжанню. «Любая спроба выкарыстаць “прызнанні” як доказ на судовым працэсе супраць іх яшчэ больш падарве законнасць судовага разбору», — гаворыцца на сайце БДІПЧ.

У арганізацыі адзначаюць, што як запіс прызнанняў на відэа, так і іх трансляцыя па тэлебачанні адразу пасля арышту сур’ёзна парушаюць права Пратасевіча і Сапегі на прэзумпцыю невінаватасці.

Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Сафію Сапегу затрымалі ў Беларусі 23 траўня, пасля таго як самалёт, на якім яны ляцелі з Афін у Вільню, прымусова пасадзілі ў Мінску праз паведамленне пра бомбу на борце.

На наступны дзень пасля затрымання праўладны Telegram-канал апублікаваў відэа з Пратасевічам, на якім ён кажа, што супрацоўнічае са следствам. 2 чэрвеня на АНТ паказалі фільм з фрагментамі допыту Пратасевіча, а 3 чэрвеня Раман даў «інтэрв’ю» кіраўніку АНТ Марату Маркаву.

Відэа з Сафіяй з’явілася ў адным з праўладных Telegram-каналаў праз два дні пасля яе затрымання. На відэа яна кажа, што была адміністратарам экстрэмісцкага Telegram-канала.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: