Бела-чырвона-белы сцяг: абярэг незалежнасці і ідэнтычнасці беларусаў

Афіцыйнаму выкарыстанню бела-чырвона-белага сцяга (БЧБС) паклаў пачатак Першы Усебеларускі кангрэс, які праходзіў у Мінску ў снежні 1917 года.


Гэтую практыку працягнула Беларуская Народная Рэспубліка, абвясціўшы сябе 25 сакавіка 1918 года незалежнай дзяржавай. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка катэгарычна не прызнала такі сцяг, палічыўшы яго варожым. А вось удзельнікі нацыянальна-вызвольнага руху на той тэрыторыі Беларусі, што паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 года адышла да Польшчы, з вялікім гонарам неслі БЧБС у сваіх руках, за што мы павінны быць бясконца ўдзячнымі ім, казаць толькі «Дзякуй!».

Пад савецкай забаронай

Выкарыстанню беларускага нацыянальнага сцяга прыйшоў канец у верасні 1939 года, калі Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь з-пад улады Польшчы. Прычына непрызнання БЧБС: пэўны час пад ім беларускія нацыянальна-патрыятычныя сілы змагаліся за рэальную дзяржаўную незалежнасць роднага краю, а бальшавікі, прыйшоўшы да ўлады ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, усяляк перашкаджалі яму стаць на шлях незалежнага дзяржаўнага развіцця. Пра гэта не маглі не ведаць тыя, хто з верасня 1939 года ўсталёўвалі савецкую ўладу на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Таму тут адразу ж, як і ў БССР, залунаў дзяржаўны сцяг чырвонага колеру.

Леанід Лыч, фота Дзіяны Серадзюк

Леанід Лыч, фота Дзіяны Серадзюк

Калі ў Савецкай Беларусі на сыходзе 1930-х гадоў многія ўжо не мелі праўдзівага, аб’ектыўнага ўяўлення пра бела-чырвона-белы сцяг, для іх суродзічаў з «усходніх крэсаў» Польшчы ён заставаўся самым дарагім нацыянальным сімвалам, пад якім яны амаль два дзесяцігоддзі самаахвярна змагаліся за законныя правы быць гаспадаром на роднай зямлі, абаранялі яе народ ад дзяржаўнай палітыкі паланізацыі. Варта адзначыць, што нягледзячы на ўсе яе негатыўныя наступствы, па стане на верасень 1939 года жыхары «ўсходніх крэсаў» Польшчы вызначаліся куды больш выразнай беларускасцю, чым гэта было характэрна народу БССР. Масавыя фізічныя рэпрэсіі 1930-х гадоў моцна падарвалі яго нацыянальныя ўстоі.

Толькі крыху больш за паўтара года давялося ўз’яднанай Беларусі пажыць без вайны, развязанай фашысцкай Германіяй. За гэты кароткі прамежак часу «заходнікі» не забыліся на БЧБС, і па іх ініцыятыве (а не мінчан ці магіляўчан) ён стаў у гады фашысцкай акупацыі афіцыйным сцягам цывільнай мясцовай адміністрацыі.

Карысталіся ім і нацыянальныя грамадскія арганізацыі. Вядома, не без настойлівага хадайніцтва і першых, і другіх перад акупацыйнымі ўладамі. І тое, што апошнія пагадзіліся на выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга, можна з поўнай падставай лічыць за перамогу мясцовай цывільнай адміністрацыі, нацыянальна свядомых колаў беларускага грамадства. Акупанты ж свабодна маглі навязаць Беларусі толькі нямецкую сімволіку, і ніхто ціўкнуць не асмеліўся б. Тут нам дужа пашанцавала: вярнулі да жыцця тое, што прагрэсіўныя беларускія нацыянальныя сілы здабылі ў ходзе барацьбы за права мець уласную дзяржаўнасць і не выпускалі з сваіх рук у нялёгкім змаганні з польскім прыгнётам.

У 13-гадовым узросце аўтар гэтых радкоў бачыў бела-чырвона-белы сцяжок у памяшканні Магільнянскай валасной управы Вуздзенскага (у тагачасным напісанні і вымаўленні. – Л. Л.) павета. На пытанне: «Чаму ён такі?», не атрымаў адказу ні ад бацькі, ні ад настаўнікаў (усе яны былі ў маладым узросце). З восені 1942 года маё роднае мястэчка Магільнае апынулася ў паласе партызанскага руху, чаму я быў вельмі рады, і БЧБС канчаткова выпаў з маёй галавы.

Вяртанне да жыцця

Зусім непадобнае становішча склалася на падуладнай акупацыйнаму рэжыму беларускай тэрыторыі, дзе было дазволена функцыянаванне цывільных мясцовых уладаў. У іх хапала асобаў (сёння іх называюць калабарантамі, атаясамліваючы са здраднікамі) трывалай прабеларускай пазіцыі, не абыякавых да лёсу Бацькаўшчыны. Яны, вядома, не маглі не паклапаціцца і пра наяўнасць у яе адпаведнай з умовамі таго часу нацыянальнай сімволікі. Усе суседнія беларусам народы ўжо мелі яе, аддаючы перавагу той, што існавала ў часы іх нацыянальнага ўздыму. Такім падыходам кіраваліся і беларускія нацыянальна-патрыятычныя колы, лічачы цалкам правамерным вярнуць да жыцця бела-чырвона-белы сцяг — гонар Першага Усебеларускага кангрэса, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, амаль дваццацігадовага гераічнага змагання заходніх беларусаў супраць польскага прыгнёту.


У вернутым да жыцця БЧБС не знайсці было нават рысачкі з чаго-небудзь нацысцкага. Гэта была выключна беларуская нацыянальная сімволіка, што толькі дапамагала ёй пасяляць у душах нашых людзей пэўную надзею на выжыванне, захаванне сваёй этнічнай тоеснасці. На дзяржаўным жа грунце палітыка анямечвання не праводзілася. Для яе вызначаўся больш позні час. І, што вельмі важна, — беларуская мова абслугоўвала ўсе сферы грамадскай дзейнасці.

Варта адзначыць, што выкарыстанне ў часы фашысцкай акупацыі БЧБС ніколькі не пасягала на нацыянальныя інтарэсы ніводнай з этнічных супольнасцяў Беларусі, нічым не шкодзіла захаванню паміж імі міру і згоды, што так жыццёва неабходна было ў той экстрэмальнай сітуацыі.

Вяртанне да афіцыйнага ўжытку БЧБС радавала не толькі моцна заклапочаных лёсам Бацькаўшчыны нацыянальных актывістаў, але і ў не меншай ступені занятых у мясцовых цывільных органах улады службоўцаў. Апошніх проста зразумець: у гэтым сцягу яны знаходзілі тое, што дазваляла ім глядзець на сваю дзейнасць як на праяву калі не пэўнай дзяржаўнай, дык хаця б адміністрацыйнай самастойнасці ва ўмовах функцыянавання акупацыйнага рэжыму. Дарэчы, нямецкая свастыка парадкам саступала яму па маштабах распаўсюджання на падуладнай захопнікам тэрыторыі Беларусі, што ішло толькі на карысць нацыянальнаму інтарэсу.


З цягам часу бачыць бела-чырвона-белы сцяг у грамадскіх месцах стала зусім звычайнай з’явай. Яго маглі зусім не заўважаць заклапочаныя цяжкім станам жыцця людзі, бальшыня беларускага народа. А вось у маладых пакаленняў, асабліва ў асяроддзі навучэнцаў, БЧБС добра прыжыўся, пра што добра паклапаціліся педагагічныя калектывы, кіраўніцтва створанага ў чэрвені 1943 года Саюза беларускай моладзі (СБМ).

Моладзевае пытанне дужа цікавіла нямецкіх акупантаў і тыя колы беларускага грамадства, што супрацоўнічалі з імі. Падыходы да яго былі дыяметральна процілеглымі: першыя імкнуліся падпарадкаваць моладзь інтарэсам Трэцяга рэйха, другія – зрабіць яе актыўным носьбітам беларускай нацыянальнай ідэі. Другія дамагліся непараўнальна больш за першых. Бясспрэчна, значную частку сяброў СБМ удалося вывезці на працу ў Германію, накіраваць у войска. Але такога зладзейства яшчэ ў большых памерах удалося б зрабіць ворагу пры адсутнасці СБМ, кіраўніцтву якога ўдавалася ўлагоджваць з акупантамі многія прынцыповыя для нацыянальнага інтарэсу Беларусі пытанні. І самым важным было тое, што сябры СБМ шмат чаго карыснага рабілі для сваёй Бацькаўшчыны, а самі ўзгадоўваліся ў адпаведнасці з яе спрадвечнымі нацыянальна-культурнымі традыцыямі, ніколькі не анямечваючыся.

Нацыянальная трагедыя

Інакш, як страшэннай беларускай нацыянальнай трагедыяй, нельга назваць тое, што вялікая колькасць такой моладзі да прыходу ўлетку 1944 года Чырвонай Арміі пакінула Беларусь і падалася на Захад, а тая, што засталася дома, стала аб’ектам жорсткіх савецкіх рэпрэсій. Калі б выхаваная за гады акупацыі ў беларускім нацыянальным духу моладзь не скранулася з месца, мела пасля вызвалення Бацькаўшчыны магчымасць працаваць у розных сферах грамадскай дзейнасці, нашае пасляваеннае жыццё не было б такім знявечаным ненаеднай русіфікацыяй нават пры ўсёй дапамозе ёй з боку Крамля, мясцовых ордаў нацыянальных нігілістаў.


Бела-чырвона-белы сцяг, магутны кліч «Жыве Беларусь!» вялі ў гады акупацыі за сабою моладзь не да здрады, а да абароны святога беларускага нацыянальнага ідэалу. Таму яшчэ раз паўтаруся: інакш, як страшэннай нацыянальнай трагедый, нельга назваць масавыя ўцёкі той моладзі ў краіны Заходняй Еўропы.

Ніколькі не выключаю, што атрыманы моладдзю за час знаходжання ў СБМ нацыянальны зарад пазней спрычыніўся б да яе актыўнага супраціву савецкай палітыцы русіфікацыі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Моладзь цэнтральных і ўсходніх раёнаў БССР, дзе ў гады акупацыі дзейнасць СБМ не мела такога размаху, вяла сябе пасіўна ў дачыненні да русіфікацыі сістэмы народнай адукацыі — асноўнай нацыястваральнай сферы любога народа. Савецкая Феміда была не ў меру жорсткай у дачыненні да колішніх сяброў СБМ за іх нават сімвалічны супраціў самай, як было прынята лічыць, прагрэсіўнай у свеце сталінскай нацыянальнай палітыцы. Праўда, у адрозненне ад практыкі 1930-х гадоў, нікога не расстралялі, а па 25 гадоў няволі ўлупілі нямала каму.

Сказанага больш чым дастаткова, каб у дзейнасці СБМ бачыць не толькі адну крамолу, а яшчэ і пазітыўнае, натхняльнай крыніцай якой з’яўляўся і бела-чырвона-белы сцяг. Таму вялікая несправядлівасць, сапраўдны здзек вырываць сёння БЧБС з рук моладзі за яе шчырае жаданне нарэшце дамагчыся сапраўднай суверэннай дзяржавы, бачыць у сваім народзе паўнавартасную самабытную нацыю, а не спаласаваны бяздумнай русіфікацыяй натоўп. А сёння з абрыдлай русіфікацыяй у поўнай згодзе жывуць сябры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Яго праруская дзейнасць проста б’е праз край.

Улетку 1944 года нарэшце прыйшло доўгачаканае для Беларусі вызваленне ад нацысцкага рабства. Для мяне гэта самыя дарагія радасныя дні, таму 3 ліпеня разглядаю выключна толькі як Дзень вызвалення, а не свята незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў яе пакінулі сотні тысяч людзей, якія ў той ці іншай форме супрацоўнічалі з нямецкімі акупантамі, што не заўсёды з’яўлялася здрадай. У канцэнтраваным выглядзе няшчадна праклінаныя і пасёння калабаранты свой погляд на мінулае і будучае роднай Бацькаўшчыны пастараліся грунтоўна выказаць перад тым, як пакінуць яе, 27 чэрвеня 1944 года на Другім Усебеларускім кангрэсе, які праводзілі ў Мінску.

Вось некалькі не састарэлых, актуальных і пасёння вытрымак з прачытаных на тым Кангрэсе дакладаў: «Больш ганебнага і брутальнага акту, як рыскі трактат (1921 г.Л. Л.), у адносінах да беларускага народа не ведае культурны сьвет» (Прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады прафесар Радаслаў Астроўскі); «Падзеі 1939 года ў Заходняй Беларусі ёсць яшчэ адным... доказам таго, што і пралетарская Масква з’яўляецца заклятым ворагам свабоды беларускага народа...» (першы Віцэ-прэзідэнт БЦР Мікалай Шкелёнак); «Мы настолькі ўзраслі, што можам сказаць: далоў з усімі дагаворамі (з Польшчай і Масквой. – Л. Л.). Мы будзем жыць як вольны непадзельны народ» (генерал Канстанцін Езавітаў). Адзін з галоўных дакладаў на Кангрэсе, з якім выступіў кіраўнік Беларускага культурнага згуртавання (існавала і такое ў гады акупацыі!) Аўген Калубовіч, меў назву «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненні Маскоўскага голасу ў беларускіх справах».

З прыведзеных цытат, назваў дакладаў нішто не сведчыць пра тое, што ліхой памяці беларускія калабаранты, трымаючы ў руках бела-чырвона-белы сцяг, мелі на мэце пазбавіць свой народ права на суверэннае жыццё, зрабіць рабамі нямецкай нацыі. Беларуская калабарацыя ёсць перш за ўсё вынік няздольнасці Чырвонай Арміі абараніць Беларусь ад ворага. Няма такой захопленай Вермахтам краіны, дзе б у гады акупацыі адсутнічала калабарацыя — і пра яе там даўно ніхто нічога не згадвае. У нас жа яна — нібыта ўчарашні дзень.

За незалежнасць і адзінства

Тут бы нашым палітыкам, афіцыйным ідэолагам, блізкім ім па духу інтэлектуалам не шкодзіла б узяць прыклад з Іспаніі, дзе неўзабаве пасля перамогі генерала Франка ў 1939 годзе над рэспубліканцамі не чынілася фізічнай расправы — з тым, каб не дапусціць сацыяльнага расколу грамадства, паспрыяць яго хутчэйшай этнічнай кансалідацыі.


У памяці народа трэба ўваскрашаць не калабарацыянізм у гады фашысцкай акупацыі, а тое, што спрыяла нацыянальнаму адзінству беларускага народа, што засцерагала яго ад анямечвання. І калі нацыянальнаму выжыванню беларусаў у чымсьці спрыялі занятыя ў акупацыйных уладных структурах людзі, іх не варта так няшчадна паліваць брудам. Іх супрацоўніцтва з немцамі — з’ява вымушаная, а не добраахвотная. Нават удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса не заяўлялі пра пакорлівасць, адданасць гітлераўскай Германіі. Не адлюстравана гэта і ў прынятай на Кангрэсе Рэзалюцыі. Затое ў ёй прысутнічаюць пункты пра неабходнасць забеспячэння беларусам поўнай дзяржаўнай незалежнасці. У адпаведнасці з рашэннямі Першага Усебеларускага кангрэса, стратэгічнай лініяй Беларускай Народнай Рэспублікі заяўлялася, што ў барацьбе беларускага народа за нацыянальную незалежнасць і надалей трэба ісці пад бела-чырвона-белым сцягам.

Насуперак устаноўкам партыйна-савецкіх органаў БССР практыку выкарыстання нацыянальнай гістарычнай сімволікі аднавіў створаны ў чэрвені 1989 года Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне». Афіцыйнае прызнанне БЧБС атрымаў у верасні 1991 года неўзабаве пасля абвяшчэння Рэспублікі Беларусь суверэннай дзяржавай. Шмат і заслужана прыбавілася аўтарытэту бела-чырвона-беламу сцягу, што ён вісеў на будынку ў Вашынгтоне, у якім у верасні 1993 года была адкрыта амбасада Рэспублікі Беларусь у ЗША. Якіх-небудзь пратэсных акцый з боку народа не назіралася. Болей за тое, пад гэтым сцягам, ніколькі не пярэчачы, у поўнай згодзе з патрабаваннямі часу Лукашэнка кляўся аддана служыць нацыянальным інтарэсам беларускага народа. Аднак неўзабаве гэтую, відаць няшчырую, клятву груба парушыў сваімі рэферэндумамі 1995—1996 гадоў, увёўшы ў практыку афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе, добра разумеючы, што ў той сітуацыі перамога абавязкова дастанецца навязанай Беларусі царызмам і сталінскімі сатрапамі чужой ёй рускай мове.


Пад нож разам з беларускай мовай трапіў і бела-чырвона-белы сцяг. Ад гэтых нацыянальных святынь уладам не ўдалося адарваць толькі сапраўдных беларускіх патрыётаў. У іх ніколькі не змянілася паважлівае стаўленне да БЧБС з-за таго, што ад яго адцураўся той, хто пад ім прысягаў народу. І яны мелі рацыю: бо ў чыіх бы руках ні знаходзіўся наш сапраўдны беларускі нацыянальны сцяг, у тым ліку і ў калабарантаў часоў фашысцкай акупацыі, хто б пад ім ні агалошваў хлуслівую, фіктыўную клятву, каштоўнасць яго па-ранейшаму застаецца на не дасягальнай для іншай атрыбутыкі вышыні. Бела-Чырвона-Белы Сцяг разам з поклічам «Жыве Беларусь!» служылі, служаць і будуць служыць нацыянальным інтарэсам Бацькаўшчыны, не маючы сабе альтэрнатывы!

Самім лёсам наканавана беларусам ісці да сапраўднай волі, рэальнай дзяржаўнай незалежнасці, нязбэшчанага русіфікацыяй нацыянальна-культурнага жыцця толькі ў руках з Бела-Чырвона-Белым Сцягам так, як гэта было ва ўсёй краіне падчас жнівеньска-лістападаўскіх 2020 года мітынгаў, дэманстрацый, якія, упэўнены, будуць працягвацца да пераможнага канца. Наспеў час вызначыць дзень Свята Бела-Чырвона-Белага Сцяга. Ім, лічу, можа быць адзін з дзён правядзення паседжанняў Першага Беларускага кангрэса альбо 19 верасня, калі ў 1991 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь», якім стаў бела-чырвона-белы сцяг.

Дзень нацыянальнай трагедыі

У наш трывожны час варта было б вызначыць і Дзень нацыянальнай трагедыі. Ім магло б быць 14 траўня, бо ў 1995 годзе ў гэты злой памяці дзень у адпаведнасці з ініцыяваным Лукашэнкам рэферэндумам быў убіты асінавы кол у самае сэрца беларускай нацыі — яе родную мову, а ва ўсім бездакорную беларускую нацыянальную сімволіку замянілі чырвона-зялёным сцягам. Гэты дзень як Дзень нацыянальнай трагедыі мог бы быць добрай нагодай не толькі для сур’ёзнай гаворкі аб злачынных разбурэннях прэзідэнцкай вертыкаллю этнакультурнай самабытнасці краіны, але і для грунтоўнага вызначэння шляхоў вываду беларускага народа з нацыянальнага заняпаду, пабудовы сапраўднай суверэннай дзяржавы.


Выключна высокі на сёння аўтарытэт бела-чырвона-белага сцяга ў вачах сучасных беларусаў не дае ніякіх падстаў для супакаення, бо і ворагаў у яго хапае. Гэта найперш за ўсё тыя, што знаходзяцца ля стырна ўлады. Самы важкі ў іх руках козыр супраць БЧБС — гэта выкарыстанне яго калабарантамі ў часы фашысцкай акупацыі. Хтосьці з нацыянальна свядомых беларусаў можа ўсумніцца ў гістарычнай каштоўнасці сцяга з прычыны таго, што пад ім Лукашэнка даваў клятву аддана служыць інтарэсам народа, сцерагчы яго этнакультурную самабытнасць ад шкодных чужацкіх уплываў. Калі ж тая клятва была парушана і сёння ігнаруецца гэтай дзяржаўнай асобай, БЧБС ад гэтага ніколькі не губляе сваёй неацэннай нацыянальнай, гістарычнай вартасці. Інакш з ім так жорстка не распраўляліся б сілавыя структуры, так люта не нападалі б дзяржаўныя ідэолагі, афіцыйная эліта, спасылаючыся найчасцей на выкарыстанне яго калабарантамі. Ва ўмовах узрастання ролі рэлігійнага фактару ў жыцці сучаснага беларускага грамадства бачыцца мэтазгодным царкоўнае асвячэнне Бела-Чырвона-Белага Сцяга. І зрабіць такое павінна Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. А яшчэ лепей было б, каб тое здзейснілі ўсе існыя ў Беларусі царкоўна-рэлігійныя канфесіі.

***
Пралітая са жніўня 2020 года і пасёння кроў пад Бела-Чырвона-Белым Сцягам зрабіла яго навекі светлым для беларусаў. Ён адзіны надзейны абярэг і нацыянальнай незалежнасці, і этнічнай ідэнтычнасці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: