Белага вераб’я заўважылі ў цэнтры Мінска

У офіс грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» паведамілі, што ў Мінску заўважылі незвычайнага вераб’я.
Птушку заўважыла каля будынку Galleria Minsk на праспекце Пераможцаў Лія Карчажынская, мастак-дызайнер выдавецтва “РЫФТУР ПРЫНТ”. У жыхароў Мінска ёсць усе шанцы пабачыць гэтага вераб’я на свае вочы.

Я часта гуляю з сабакам, і мяне цікавіць прырода вакол: кветачкі, неба, павуцінне ў паветры, птушкі, — тлумачыць Лія Карчажынская. — 7 жніўня я спяшалася заказваць столік у рэстаране — у мамы быў юбілей — і хацела заоодно пашукаць пару цікавых травінак для смешнага відэа з сабакам. Раптам звярнула ўвагу, што птушкі пачалі верашчаць, глянула і ўбачыла як быццам белага вераб'я. Падкралася, каб лепш разглядзець, — давялося нават праз клумбу лазіць. Сапраўды, гэта быў белы верабей! Дастала хуценька свой тэлефон і пачала здымаць. Радасці было шмат! Калі я вярталася назад праз 40 хвілін, чародка была на тым жа месцы. Чарада яго не гнала. Яны ляцелі да Палаца спорту, калі іх ганялі вароны, але потым вярталіся назад”.


Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “Гэта дамавы верабей, як і іншыя птушкі побач з ім. Апошні раз белага вераб’я ў Мінску бачылі каля кінатэатра “Октябрь” гадоў 15 назад! Гэта не альбінос. У тых меланін (галоўны пігмент, які надае птушкам цёмны колер) увогуле не выпрацоўваецца, і вока ў жывёл чырвонае ад крыві. Акрамя альбінізма ёсць іншая генетычная мутацыя, якая выклікае лейцызм (λευκός – “белы" з грэчаскай). У птушак-лейцыстаў меланін выпрацоўваецца і вока цёмнае, але ён не трапляе чамусьці ў пёры. Вароны ці каўкі з адзінкавымі белымі пёрамі трапляюцца дастаткова часта. Узімку каля Палаца спорту я нават бачыў адну варону з белымі крыламі. А вось поўныя лейцысты бываюць рэдка. Калі верабей дажыве да зімы, то сярод снягоў ён атрымае перавагу перад суродзічамі! Пішыце нам пра незвычайных жывёл, якія вам сустрэліся. Не забывайце іх фатаграфаваць. Вам могуць сустрэцца і новыя віды для Беларусі!


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!