Беларусь адмовіла ў прытулку жанчыне-трансгендэру з Узбекістану

У рашэнні дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі гаворыцца, што ўлады не знайшлі дакументаў, якія пацвярджалі б словы ўцякачкі пра гвалт і катаванні ва Узбекістане, паведамляе Радыё Свабода.

4 студзеня 2018 году 26-гадовая Карына звярнулася ва Упраўленне грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі з хадайніцтвам аб прыстанішчы на падставе пераследу пэўнай сацыяльнай групы. 13 ліпеня ёй паведамілі пра адмоўнае рашэнне па яе хадайніцтве.

Крымінальны кодэкс Узбекістану прадугледжвае да трох гадоў турмы за гомасэксуальныя стасункі. Ва Узбекістане Карыну збівалі і гвалцілі ў паліцыі, патрабуючы назваць імёны іншых прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці.


«Мяне чатыры разы затрымлівалі МУС і СНБ Узбекістану падчас аблаваў. Першы раз у 2014 годзе, — кажа Карына. — Збівалі, патрабавалі, каб назвала імёны такіх жа, як я. А падчас апошняга затрымання 3 студзеня 2017 году мяне згвалціў супрацоўнік міліцыі».

Пэўны час Карына правяла ў Расіі, пасля выехала ў Беларусь у спадзеве атрымаць прыстанішча тут.

Карына нарадзілася мужчынам і мае дакументы на мужчынскае імя. Асаблівасць яе сітуацыі ў тым, што яна — апатрыд, не мае грамадзянства аніводнай краіны. Ва Узбекістане такіх асобаў некалькі соцень тысяч.

​«Даведак пра катаванні не выдаюць, — заяўляе праваабаронца ініцыятыўнай групы „Ідэнтычнасць і права“ Наталля Манькоўская. — Довады рашэння надуманыя і не адпавядаюць інфармацыі, якая маецца ў хадайніцтве Карыны. У рашэнні цытуюцца аўтарытэтныя крыніцы, як Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і высновы Камітэту правоў чалавека. Там указваецца, што дыскрымінацыя і гвалт у дачыненні ЛГБТ ва Узбекістане носіць сістэмны характар. У той жа час чамусьці робіцца выснова, што Карыне там нічога не пагражае і яна можа спакойна вярнуцца».

Манькоўская лічыць цікавым фактам тое, што ў рашэнні беларускага ведамства прызнаецца, што Карына адносіцца да ЛГБТ як да сацыяльнай групы.

«Але пры гэтым указваецца, што падчас гутаркі адзіным указаннем на яе гендэр было тое, што яна кажа пра сябе ў жаночым родзе. А гэта нібыта адна з падставаў таго, што яна не можа атрымаць абарону (у Беларусі. — РС.) Тое, што Карына была апранутая ў стылі „ўнісэкс“ — джынсы, байка — было выкарыстана супраць яе. Фактычна нам дэпартамэнт (грамадзянства і міграцыі. — РС) кажа, што ёсьць стэрэатыпны вобраз, якому мусіць адпавядаць жанчына. Калі яна не адпавядае, то яе гендэр можа быць пастаўлены пад сумнеў», — кажа праваабаронца.

Манькоўская звяртае ўвагу, што ў хадайніцтве аб прытулку сцвярджалася, што Карыну затрымлівалі і гвалцілі з прычыны прыналежнасці да ЛГБТ-супольнасці. Яна таксама паведамляла, што медычна пацвердзіць гэтыя факты не можа, бо як асоба без грамадзянства не магла звярнуцца па бясплатную медычную дапамогу.
Узбэцкі міліцыянт штурхае трансгендэрную жанчыну нагой у твар (архіўнае фота)

Узбэцкі міліцыянт штурхае трансгендэрную жанчыну нагой у твар (архіўнае фота)



«Гэтыя факты ігнаруюцца і зазначаецца, што перашкод для таго, каб яна атрымала мэдычную дапамогу, няма. Гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо праблема людзей без грамадзянства ва Узбекістане вельмі цяжкая, пра што неаднаразова казалі міжнародныя праваабарончыя структуры», — кажа беларуская праваабаронца.

Карына будзе абскарджваць рашэнне ў судзе і працягваць рэгістрацыю ў Беларусі. На падрыхтоўку скаргі ў яе ёсьць 15 дзён. Яшчэ месяц можа заняць разгляд скаргі ў адной з інстанцый.

Карына расказвае, што за гэты час у Беларусі ўпершыню адчула сябе ў бяспецы, знайшла шмат сяброў, якія падтрымліваюць яе. Беларускія праваабаронцы аказваюць ёй юрыдычную дапамогу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!