Беларусь — адзін з сусветных лідараў па цкаванні ў школах

Выпадак з «настаўніцай з партай» у гомельскай школе ўзрушыў беларускае грамадства. Але выглядае, што ўзрушыў не таму, што ён — абсалютна ўнікальны і беспрэцэдэнтны, а наадварот — таму што ён звыклы, шырока распаўсюджаны, разважае Юры Дракахруст на Радыё Свабода.
Пра гэта сведчаць дадзеныя з апублікаванай летась «Ацэнкі сітуацыі з гвалтам у дачыненні да дзяцей у Рэспубліцы Беларусь» — дакументу, падрыхтаванага шэрагам дзяржаўных установаў Беларусі пад эгідай ЮНІСЭФ — Дзіцячага фонду ААН.

Паводле апытання, праведзенага ў межах падрыхтоўкі «Ацэнкі», агрэсію з боку адміністрацыі навучальных установаў ці / або з боку настаўнікаў зазналі 7,1% навучэнцаў 5-7 класаў інтэрнатных установаў, 8,6% навучэнцаў 5-7 класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі (да якіх належыць і 15-я школа Гомеля, дзе адбыўся інцыдэнт) і 26,7% навучэнцаў 8-11класаў інтэрнатных установаў.


Чытайце таксама: Адкруціць галаву шчанюку, альбо аўтарытарызм у дзеянні


8,6% школьнікаў, якія зазналі агрэсію ў школе з боку дарослых — гэта вялікі адсотак і ён не дазваляе лічыць інцыдэнт у гомельскай школе выключным.

Але, паводле справаздачы, значна большыя памеры мае школьны гвалт з боку саміх навучэнцаў, у школе дзеці цкуюць дзяцей значна часцей, чым настаўнікі дзяцей.

У «Ацэнцы» (гл. стар 17) адзначаецца, што «Кожнае другое дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і два з пяці навучэнцаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі зазналі гвалт у школьным асяроддзі».

Пры гэтым, паводле «Ацэнкі», пра «цкаванне (булінг) з боку аднагодкаў і старэйшых дзяцей паведамілі 53,3% навучэнцаў 8-11 класаў інтэрнатных установаў; 60,1% 5-7 класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі і 82,1% навучэнцаў 5-7 класаў інтэрнатных установаў».

Гэтыя дадзеныя па Беларусі варта параўнаць з дадзенымі з сёлетняй справаздачы ЮНЭСКА «Што стаіць за лічбамі: спыненне школьнага гвалту і булінгу».

У справаздачы прыводзяцца звесткі па 165 краінах свету і асобных тэрыторыях. На жаль, звестак па Беларусі ў ёй няма. Але варта прывесці дадзеныя па суседзях Беларусі і некаторых іншых важных краінах свету (гл. Annex 2. Prevalence of students who reported being bullied, by sex, age and most common types and drivers of bullying, by country or territory, стар. 60-67).

Доля школьнікаў, якія паведамілі пра булінг адносна іх, у %

 Краіна  Агулам   Сярод дзяцей 9 — 10 гадоў  Сярод падлеткаў 15 гадоў  
 Літва   54  49  40 
 Латвія   50   54  41
 Расія   43   48   47
 Украіна   38  —  32
 Польшча   30   28  26
ЗША   28   44  20 
 Германія   23   43   19

Вывучэнне дадзеных па ўсіх 165 краінах і тэрыторыях паказвае, што ў пераважнай большасці гэтых дзяржаўных адзінак узровень школьнага булінгу складае менш за 50%. Аднак у рэгіёне Беларусі ў дзвюх краінах – Літве і Латвіі – ён больш высокі. У свеце вышэйшы ўзровень школьнага булінгу толькі ў яшчэ дзвюх краінах – у Турцыі (55%) і ў Зімбабвэ (65%).

Паводле цытаванай вышэй «Ацэнкі сітуацыі з гвалтам ў дачыненні да дзяцей у Рэспубліцы Беларусь», гвалт рознага кшталту ў беларускай школе зазнае кожны другі навучэнец.

Параўнанне гэтых дадзеных з дадзенымі справаздачы ЮНЭСКА па іншых краінах паказвае, што Беларусь – адзін з сусветных «рэкардсменаў» паводле распаўсюду булінгу ў школах.

Калі інцыдэнт з «настаўніцай з партай» у гомельскай школе быў драмай, то двайное забойства ў стаўбцоўскай школе – трагедыяй. З прычыны таго, што суд над забойцам быў закрытым, грамадства не ведае матывы забойства. Ёсць шмат чутак, у тым ліку і пра папярэдні булінг адносна забойцы. Ці мела гэта месца насамрэч – невядома і, магчыма, ніколі не будзе вядома.

Аднак статыстыка ўзроўню школьнага гвалту сведчыць пра тое, што ён у Беларусі высокі. Што стаіць за лічбамі – такі загаловак мае справаздача ЮНЭСКА. За лічбамі – псіхалагічныя і фізічныя траўмы, пакуты дзяцей, а часам і агрэсія, ажно да забойства – сябе ці іншых, часам ні да якога гвалту не датычных.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: