Беларусь ахапілі пратэсты. Сілавікі выкарыстоўваюць светлашумавыя гранаты і гумавыя кулі. Загінуў чалавек

У вялікіх і малых гарадах Беларусі людзі выходзяць з пратэстам супраць несумленных выбараў.
Фота: Дар

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY



Мінск

Як паведамляе news.tut.by, на Кальварыйскай былі чутны стрэлы. Пусцілі газ.

"Наша Ніва" паведаміла, што параненая іх журналістка Наталля Лубнеўская, яна атрымала раненне ў вобласць калена. Дзяўчыну адвезлі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Людзі ў вайсковай форме, у амуніцыі і з вялікімі заплечнікамі. Іх тут каля сотні. Некалькі дзясяткаў сілавікоў перакрылі мост на Кальварыйскай. Рух аўтамабілістаў па ім немагчымы.

З боку цэнтра горада па Дзержынскага вельмі павольна едуць некалькі сотняў машын. Кіроўцы ўключаюць "аварыйку", сігналяць.

У Зялёным Лузе едуць машыны і сігналяць. Мінакі іх сустракаюць воклічамі і апладысментамі.

Людзі выходзяць на праезную частку недалёка ад станцыі метро "Пушкінская", заблакавалі першую паласу. Скандуюць: «Сыходзь!» і «Жыве Беларусь!». Часткова перакрыты праспект Пушкіна ў бок Ціміразева, людзі выходзяць з машын. На пллошчы Прытыцкага людзі выйшлі на цэнтр плошчы.

Афіцыйна МУС паведаміла, што падчас акцыі пратэсту ў Менску 10 жніўня загінуў чалавек. «Каля 23.00, у ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вуліцы Прытыцкага, натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. У ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленае выбуховае прастасаванне ў бок праваахоўнікаў. Яно выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы несумяшчальныя з жыццём», — паведамляе МУС.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)


На Сурганава каля ўніверсама "Рыга" сабралася блізу 5 тысяч чалавек. Рух ад плошчы Бангалор да ўніверсама «Рыга» заблакаваны. Пратэстоўцы будуюць барыкады, усталёўваюць будаўнічы плот. Адбыліся сутычкі з сілавікамі. Пакуль не прыйшло падмацаванне, пратэстоўцы перамагалі.

Людзі стаяць ля выхадаў з метро «Малінаўка», «Пятроўшчына», на скрыжаванні Любімава і Чурлёніса — аўтамабілі сігналяць, людзі пляскаюць у далоні. Праезд у бок цэнтра за праспектам Жукава перакрыты. Было чуваць каля дзясятка залпаў.

На Коласа і Казлова без перапынку сігналяць машыны.

Машыны сігналяць і ў раёне скрыжавання Лагойскага тракта і Гамарніка.

Тэлеграм-канал Nexta live перадае, што вязні "амерыканкі" скандуюць "Жыве Беларусь!".
Ён жа паведаміў, што ад гранат загарэўся дом на Дуніна-Марцынкевіча, 6.

Тэлеграм-канал Белсата паведаміў, што журналістку Таццяну Капітонаву кантузіла падчас атакі сілавікоў на Пушкінскай.

Брэст

У Брэсце шмат пратэстоўцаў сталі ў счэпку, крычаць "Жыве Беларусь". Раптам людзі кінуліся на АМАП, у бок міліцыі паляцелі бутэлькі, выбухаюць петарды, распыляюць газ. На вуліцы выбухаюць светлашумавыя гранаты, ляцяць дымавыя шашкі.

Людзей выцеснілі з Савецкай, яны ідуць па праезджай частцы Дзяржынскага, скандуючы "Жыве Беларусь".

Віцебск

Працягваюцца затрыманні. Хапаюць у асноўным тых, хто ідзе міма ці ідзе на ровары.

Гродна

Народ гуртуецца ў розных частках горада, ідуць масавыя затрыманні. Паведамляецца, што па гораду ездзіць браневік "Тыгр".


Паводле паведамленняў news.tut.by і ўласных карэспандэнтаў НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: