Беларусь бліжэй да Злучаных Штатаў, чым Мексіка

Амерыканскія навукоўцы параўналі псіхалогію розных народаў.


Амерыканскія і англійскія навукоўцы задаліся пытаннем: наколькі адрозніваюцца народы розных краінаў? Наколькі яны блізкія да Злучаных Штатаў — і наколькі блізкія да Кітаю? У разлік даследчыкі ўзялі ўзровень калектывізму (індывідуалізму), стаўленне да аўтарытэту дый іншыя характарыстыкі (такія вымярэнні каштоўнасцяў рабіліся яшчэ ў 2010-2014 гадах).

Вынік атрымаўся парадаксальным. На мапе, прадстаўленай у нядаўнім артыкуле, Беларусь пафарбаваная такім самым колерам, што і Мексіка, Канада, Іспанія, Аўстралія і нават Вялікабрытанія. Усе суседзі Беларусі культурна-псіхалагічна знаходзяцца далей ад Злучаных Штатаў (з балтыйскіх краін няма звестак). Цікава, што ўмоўная дыстанцыя Мексікі ад Злучаных Штатаў (0,075) большая, чым дыстанцыя Беларусі (0,066). Найбліжэйшыя суседзі Беларусі тут Італія (0,062) і Швейцарыя (адлегласць ад ЗША — 0,064). Тым не менш, у цэнтры еўрапейскай мапы Беларусь вылучаецца.

Карціна мяняецца, калі зрабіць параўнанне краіны з Кітаем. Тут Беларусь выглядае роўна так, як і ейныя заходнія і паўднёвыя суседкі: Польшча, Германія, Украіна, Румынія. Затое Расія і Казахстан дэманструюць неварагодную каляровую блізкасць да азіяцкага волата.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!