Беларусь: ГУЛАГ працягваецца

Як устанаўліваць імёны ахвяраў і месцы забойстваў ды пахаванняў часоў рэпрэсій? Ці пралье святло на гэтую тэму адкрыццё архіваў? Як сёлета пройдзе ўшанаванне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у краіне?

Дзяржава не хоча памятаць

У мінскім Прэс-клубе адбыўся традыцыйны брыфінг, прысвечаны Дню памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, які неафіцыйна адзначае беларуская грамадскасць 29 кастрычніка. З гэтага дня пачынаецца тыдзень памяці, які заканчваецца шэсцем на Дзяды.

Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 – 1950 гадоў Ігар Кузняцоў узгадаў, што яшчэ ў 2007 годзе грамадскія актывісты звярнуліся да ўсіх дзяржаўных структур з просьбай, каб у Беларусі быў устаноўлены Дзень памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій. Адказ прыйшоў з КДБ, і ў ім было сказана, што ў Беларусі ёсць Дзяды і Радаўніца, і што ўстанаўліваць іншую памятную дату немэтазгодна.

За 25 год у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя па тэме рэпрэсій. Навуковая прастора зачышчаная. Тым не менш інтарэс да тэмы рэпрэсій у грамадстве ўзрастае — пра гэта сведчыць хаця б тое, што імпрэзы, прысвечаныя тым трагічным падзеям беларускай гісторыі, штогод наведваюць сотні людзей. Але дзяржава робіць усё магчымае, каб не даваць развівацца тэме Вялікага тэрору.

У 2015 годзе ў Беларусі адбыўся грамадскі трыбунал над сталінізмам, хаця ён не меў вялікага розгаласу.

«Тым не менш, мы, знаходзячыся ў самых складаных умовах, змаглі гэта зрабіць адзіныя з усіх постсавецкіх краін», — падкрэсліў Ігар Кузняцоў.

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў

Што праўда, з усіх пунктаў, прынятых тады, выкананы толькі адзін — у Курапатах з’явіўся дзяржаўны мемарыяльны знак. А сярод іншых прапаноў былі і правядзенне поўнай рэабілітацыю ахвяр тэрору, і ўсталяванне ў Мінску помніка ўсім ахвярам рэпрэсій, якія ляжаць ад Брэста да Уладзівастока. Не атрымалася стварыць і нацыянальны цэнтр вывучэння сталінскага тэрору, правесці археалагічныя працы пахаванняў масавых рэпрэсій, стварыць музейныя экспазіцыі па тэме рэпрэсій.

Страта памяці

Па словах Ігара Кузняцова, звароты ў дзяржорганы адносна пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных становяца бессэнсоўнымі. Ён прапануе, каб сваякі рэпрэсаваных звярталіся ў суды. Не таму, што суды ў нас справядлівыя. А таму, што, паколькі КДБ заяўляе, што не мае такой інфармацыі, па законе следчыя органы павінны праводзіць пошукавыя мерапрыемствы.

Гісторык адзначыў, што вынікам утойвання інфармацыі аб рэпрэсіях стала праблема страты памяці ў нашым грамадстве. Але нельга забывацца на тое, што на сённяшні дзень у Беларусі вядома прыкладна 28 населеных пунктаў, дзе забівалі людзей, і больш за 100 месцаў расстрэлаў. Толькі ў Мінску самых буйных месцаў расстрэлаў каля 12. Ігар Кузняцоў анансаваў, што ў бліжэйшы час будзе стварацца інтэрактыўная карта з меркаванымі месцамі пахаванняў.

Па словах спецыяліста, адметнасць пахаванняў часоў рэпрэсій — бессістэмнасць. Немагчыма ўстанавіць дакладную колькасць парэшткаў у эксгумаваных курапацкіх магілах, паколькі забітых скідвалі ў іх хаатычна, а потым месцы пахаванняў зачышчалі.

Праведзеныя эксгумацыі ў Курапатах пацвярджаюць, што стрэл у патыліцу быў самым лёгкім спосабам забойства. У магілах сустракаліся чарапы з адной, дзвюма, трыма адтулінамі ад куль, а таксама праломленыя ад удару цяжкім цвёрдым прадметам. Ігар Кузняцоў распавёў, што адным са спосабаў «пазабавіцца» ў супрацоўнікаў НКУС было ўставіць у рот чалавеку дэтанатар і пасля глядзець, як галава ахвяры разрываецца на кавалкі. Таксама сустракаюцца чарапы, праломленыя ламамі, парэшткі з перабітымі косткамі ў целе…

Паводле афіцыйнай базы рэпрэсаваных, 58% з іх былі беларусамі, 25% — палякмі. Большасць рэпрэсаваных — сяляне, за імі ішлі рабочыя і 15% склала інтэлігенцыя. У Беларусі судовымі органамі было асуджана толькі 9,6% рэпрэсаваных. Усе астатнія прысуды выносіліся пазасудовымі органамі — «двойкамі», «тройкамі» па схема «слухалі, пастанавілі, расстралялі».

Ігар Кузняцоў нагадаў, што застаюцца пытанні і па мемарыялізацыі Курапатаў. Тое, што там ужо існуе народны мемарыял, ужо немагчыма аспрэчыць. Летась у лістападзе з’явіўся і дзяржаўны памятны знак. А сам знак так і не быў асвечаны ніводнай канфесіяй.

Злева направа: Алесь Чахольскі, Ганна Шапуцька, Зміцер Дрозд, Зінаіда Тарасевіч, Уладзімір Раманоўскі, Ігар Кузняцоў

Злева направа: Алесь Чахольскі, Ганна Шапуцька, Зміцер Дрозд, Зінаіда Тарасевіч, Уладзімір Раманоўскі, Ігар Кузняцоў


Не варта спадзявацца на адкрыццё архіваў

Каардынатарка ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла “Курапаты”» Ганна Шапуцька адзначыла, што ў 2019 годзе пахаванні рэпрэсаваных прыраўнялі да пахаванняў ахвяраў вайны. Але ў гэтым жа годзе ў Курапатах улады знішчаюць крыжовы перыметр мемарыяла. Грамадская актывістка перакананая, што сучасная беларуская ўлада, прызнаючы факт рэпрэсіяў, апраўдвае забойствы Вялікага тэрору. Пра гэта сведчаць і назвы вуліц у гонар катаў, і помнікі, якія стаяць ім у беларускіх гарадах, а таксама цынічнае функцыянаванне рэстарану «Поедем поедим» каля Курапатаў.

Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд распавёў, што летась у Тбілісі праходзіла канферэнцыя, прысвечаная доступу да архіваў. Паводле агучанага на ёй рэйтынгу, з 10 постсавецкіх краін Беларусь заняла перадапошняе месца. Сёлета рыхтуецца новая ацэнка, якую робіць Інстытут свабоды доступу да інфармацыі, але ўжо вядома, што ў Беларусі за год не адбылося ніякіх станоўчых зменаў у адкрытасці архіваў.

«Да нас у Школу пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных звярнуўся чалавек, які хацеў проста даведацца, ці быў рэпрэсаваны яго сваяк. Каб проста атрымаць адказ «так» ці «не», нам спатрэбіўся год», — падзяліўся даследчык.

У той жа час Зміцер Дрозд не мае вялікіх спадзеваў на тое, што адкрыццё архіваў пралье святло на гісторыю рэпрэсій у Беларусі.

«Мы часта чуем, што, калі адкрыюць архівы КДБ, мы пра ўсё даведаемся. Але я б не спадзяваўся на гэта. Мы маем прыклад Украіны, дзе адкрылі архівы. Я размаўляў з дырэктарам архіва СБУ, які сказаў, што, нягледзячы на гэта, так і не ўдалося ўстанавіць месцы масавых пахаванняў. Усё гэта было зачышчана яшчэ ў савецкія часы», — кажа гісторык.

У той жа час ужо вялікая колькасць дакументаў даступная даследчыкам у тым жа Нацыянальным архіве Беларусі. Лёсы многіх людзей можна прасачыць пры дапамозе матэрыялаў, якія там захоўваюцца.

Унёсак, які можа зрабіць кожны з нас

Па словах прадстаўніка міжнароднага «Мемарыялу» ў Беларусі Уладзіміра Раманоўскага, які нарадзіўся ў лагеры, у сённяшняй Беларусі ГУЛАГ працягваецца. 80 гадоў таму дзяржструктуры ставілі мэту задушыць грамадскую свядомасць. Гэтая мэта ёсць і цяпер, а мэта грамадства — перашкодзіць гэтаму.

Дзеці ГУЛАГу Зінаіда Тарасевіч і Уладзімір Раманоўскі

Дзеці ГУЛАГу Зінаіда Тарасевіч і Уладзімір Раманоўскі

Як мы можам гэта зрабіць? Самае простае — памятаць. Сёлета мерапрыемствы па ўшанаванні памяці рэпрэсаваных адбываюцца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. 27 кастрычніка ў Кабыляках пад Оршай адкрылі помнік расстраляным палякам з Беларусі. 30 кастрычніка ў Віцебску адкрыецца фотавыстава «Хайсы — віцебскія Курапаты». Кіраўнік грамадскай дырэкцыі мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі распавёў, што на наступны год будзе распрацаваны графік наведвання месцаў расстрэлаў па ўсёй краіне для ўшанавання памяці забітых.

Таксама сёлета 29 кастрычніка ў 11 гадзін з Кальварыі распачнецца жалобны марафон памяці па месцах расстрэлаў у Мінску, якія праводзіць рух салідарнасці «Разам». А 18-й гадзіне насупраць будынка КДБ адбудзецца пікет Алены Талстой як кандыдаткі ў дэпутаты. А 19-й адбудзецца ўскладанне кветак і знічак на прыступкі КДБ. А 20-й гадзіне ў Курапатах ужо ў трэці разпройдзе «Ноч расстраляных паэтаў».

Таксама сёння стала вядома, што Мінгарвыканкам даў дазвол на правядзенне шэсця на Дзяды 3 лістапада. Збор удзельнікаў у 11.30 каля гадзіннікавага завода, пачатак шэсця ў 12 гадзін.

Ушанаванне памяці ахвяр рэпрэсій не абмяжоўваецца некалькімі днямі напрыканцы кастрычніка-пачатку лістапада. Пасля крыжалому ў Курапатх штодня адбываецца малітва, зачытваюць імёны расстраляных ва ўнутранай турме НКУС.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: