Беларусь і Расія падпісалі пратакол пра абмен звесткамі аб «неўязных»

Дамова тычыцца абмену звесткамі аб грамадзянах Расіі і Беларусі. А звесткамі пра іншаземцаў, падобна, абменьваюцца ўжо не першы год, піша Радыё Свабода.

У Гомлі 8 снежня завершылася паседжанне Савету Міністраў так званай «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі — там, як паведамляе беларускі МУС, абмеркавалі ў тым ліку «фармаванне адзінай міграцыйнай прасторы».

Прадстаўнікі сілавікоў падпісалі пратакол аб абмене звесткамі аб грамадзянах Беларусі і Расіі, у дачыненні якіх дзейнічае абмежаванне на ўезд. Паводле беларускага МУС, пратакол вызначае парадак і форму абмену дадзенымі, а таксама спіс асабістых звестак.

Нягледзячы на фактычную адсутнасць мяжы між Расіяй і Беларуссю, з канца 2016 году дзейнічае пашпартны кантроль — беларусаў могуць не пусціць у Расію без пашпарта.


Тым часам Беларусь і Расія, верагодна, ужо абменьваюцца звесткамі пра «неўязных» грамадзянаў іншых краінаў: у Беларусь могуць не пусціць людзей з расійскага «чорнага спісу», нават калі іх няма ў такіх беларускіх спісах.

Так, з Беларусі прымусілі з'ехаць украінскага паэта Сяргея Жадана. У нумар гатэлю ў Мінску каля дзвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль — нічога не патлумачыўшы, міліцыянты даставілі Жадана ў пастарунак, потым павезлі ў Ленінскі РУУС. Урэшце яго прымусілі з'ехаць з краіны і забаранілі ўезд у Беларусь, бо яму забаронены ўезд у Расію «за датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці». Пасля таго, як пра гэта паведамілі беларускія і ўкраінскія СМІ, Беларусь скасавала забарону на ўезд.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: