Беларусь і свет: 2019 год у асноўных падзеях

Узгадваем галоўныя падзеі года, які адыходзіць.

2019-ты год імкліва ляціць наперад і саступае месца наступнаму. Увесь гэты год мы сачылі за самымі актуальнымі падзеямі Беларусі і свету, асвятлялі для вас усё самае цікавае. Узгадайма жа, якім быў год і чым запомніўся. 

Студзень 

У Венесуэле разгарнуўся буйны палітычны крызіс. Шматтысячныя дэманстрацыі супраць прэзідэнта Мадуры суправаджаліся жорсткімі разгонамі пратэстоўцаў. Тым часам ЗША і Еўропа выказвалі падтрымку лідару апазіцыі Хуану Гуайду.

Беларусь страціла заснавальніка фантасмагарычнага музея-сядзібы Літоўка Сяргея Коваля. Выказвалася версія аб самагубстве бізнесоўца.

Люты

Увесь месяц і нават даўжэй разгортвалася «справа БЕЛТА»: у цэнтры ўвагі быў судовы працэс над галоўнай рэдактаркай партала TUT.BY Марынай Золатавай. У выніку Марына была пакараная штрафам і сплатай судовых выдаткаў.

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў школе горада Стоўбцы. Вучань напаў з нажом на настаўніцу і аднакласніка, яны загінулі. Хлопца затрымалі і змясцілі пад варту.


Сакавік

Дзень Волі і 101 год утварэння БНР адзначылі ў Гродне вялікім урачыстым канцэртам. Першапачаткова заяўка на правядзенне мітынгу і канцэрта была пададзена на стадыён «Дынама» ў Мінску, але Мінгарвыканкам не задаволіў яе. На канцэрт ля Каложскай царквы ў Гродна з'ехаліся беларусы з усіх гарадоў. У Мінску мітынг адбыўся на наступны дзень, у Кіеўскім скверы.

Ва Украіне на прэзідэнцкіх выбарах перамагае Уладзімір Зяленскі. Гэта стала своеасаблівым феноменам і паклала пачатак новаму перыяду палітыкі не толькі ва Украіне, але і ва ўсім рэгіёне.


Красавік

Крыжалом у Курапатах. Нягледзячы на супраціў грамадства, улады выкарчавалі і вывезлі дзясяткі драўляных крыжоў, усталяваных у Курапатах валанцёрамі.

Упершыню за 30 гадоў не адбыўся Чарнобыльскі шлях: арганізатары акцыі палічылі выдаткі на яе непамернымі і адмовіліся ад правядзення. Але некалькі дзясяткаў чалавек тым не менш сабраліся ў цэнтры Мінска.


У Францыі адбыўся вялікі пажар у саборы Нотр-Дам у Парыжы. Нягледзячы на адсутнасць чалавечых ахвяраў, гэтае здарэнне стала трагедыяй не толькі для французаў, але і для жыхароў іншых краін.

Травень

У Магілёве быў знойдзены забітым супрацоўнік ДАІ Яўген Патаповіч. Афіцыйнай версіяй стала самагубства. Але абставіны, пры якіх быў знойдзены мужчына, і інфармацыя аб яго папярэднім выкраданні прымусілі грамадства сумнявацца ў заявах СК. У сувязі з падазрэннямі ў выкраданні былі праведзеныя масавыя вобшукі ў абшчынах ромаў у Магілёве.

У Беларусі была створана масонская Вялікая ложа, Вялікім майстрам якой стаў Сяргей Дубавец. Гэта вельмі абурыла расійскіх масонаў.

Чэрвень

У Мінску адбыліся ІІ Еўрапейскія гульні. Яны суправаджаліся пэўнымі казусамі і нават дыпламатычнымі скандаламі. Выдаткаваныя на правядзенне гульняў сродкі выклікалі вялікае абурэнне ў грамадстве.

Ліпень

Сумным здарэннем скончылася святкаванне 3 ліпеня. Падчас салюту адбыліся выбухі феерверкаў, у выніку якіх загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек.

КДБ распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да ўладальнікаў акумулятарнага завода ў Брэсце. Прадпрыемства было спынена пасля працяглых пратэстаў жыхароў.


Жнівень

Беларускі ўчастак нафтаправода «Дружба» цалкам ачысцілі ад «бруднай» нафты з Расіі. Забруджаная няякасная нафта пачала паступаць у нафтаправод у красавіку. У выніку беларускія НПЗ не працавалі некаторы час, быў спынены транзіт нафты ў Еўропу.


У Маскве тым часам адбываліся мітынгі, нагодай для якіх стала нерэгістрацыя прадстаўнікоў апазіцыі як кандыдатаў на выбары ў Масгардуму. Пратэсты суправаджаліся жорсткімі разгонамі, пераследам і пакараннямі ўдзельнікаў. У беларускім грамадстве праводзіліся паралелі з мінулымі вулічнымі акцыямі ў Беларусі і будаваліся прагнозы на будучыню. Некаторыя беларусы таксама прымалі ўдзел у маскоўскіх пратэстах.

Верасень

Расія і Украіна абмяняліся зняволенымі. Ва Украіну вярнуліся 35 чалавек, у тым ліку рэжысёр Алег Сянцоў, а таксама захопленыя ў Керчанскім праліве маракі.


Рэзанансным у беларускім грамадстве стала здарэнне ў адной з гомельскіх школ. Вучні малодшых класаў знялі відэа, на якім настаўніца пагражае аднаму з іх, трымаючы над ім парту, і выкарыстоўвае нецэнзурную лаянку. Відэа разляцелася па СМІ, у выніку праверкі настаўніца была звольнена, але пазней адноўлена на працы загадам Аляксандра Лукашэнкі.


Кастрычнік

У Беларусі адбыўся перапіс насельніцтва. Папярэдні перапіс праводзіўся за дзесяць гадоў да гэтага, у 2009 годзе. Перапіс–2019 праводзіўся з выкарыстаннем інтэрнэта. Падчас працы перапісчыкаў адзначаліся фальсіфікацыі: некаторыя перапісчыкі аўтаматычна ўносілі ў анкеты рускую мову ў якасці роднай, не задаючы пытання, што выклікала вялікае абурэнне ў беларусаў.

Лістапад 

Выбары ў Палату прадстаўнікоў і шматлікія фальсіфікацыі. У новы склад Палаты прадстаўнікоў не трапіла ніводнага апазіцыйнага кандыдата. Дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая яшчэ на этапе праверкі подпісаў былі знятыя з выбарчай кампаніі.

У Вільні адбылося перазахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Сотні беларусаў наведалі ўрачыстыя мерапрыемствы.

Снежань

На пачатку месяца з'явілася публічная інфармацыя аб магчымым стварэнні наднацыянальных органаў і паглыбленай інтэграцыі Расіі і Беларусі. Гэта паклала пачатак шматлікім пратэстам як у Беларусі, так і ў іншых краінах. За ўдзел у акцыях пратэсту былі пакараныя штрафамі і суткамі дзясяткі чалавек. Інтэграцыйныя дакументы кіраўнікамі краін дагэтуль не падпісаныя, нават пасля некалькіх сустрэч. А вулічныя акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі працягваюцца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: