Беларусь і Украіна завяршылі дэмаркацыю сухапутнай мяжы

Украіна і Беларусь завяршылі дэмаркацыю (абазначэнне лініі мяжы на мясцовасці) дзяржаўнай мяжы ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС і такім чынам завяршылі дэмаркацыю дзяржмяжы па сушы.


Як паведамляе «Беларускі партызан» са спасылкай на «Українські навіны», з 20 па 22 ліпеня ў Гомелі адбылося 24-е пасяджэнне сумеснай украінска-беларускай дэмаркацыйнай камісіі. «На сустрэчы было канстатавана завяршэнне сумеснай працы па вынасе лініі дзяржаўнай мяжы з мапы на мясцовасць у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС, а таксама ў цэлым на ўсёй працягласці дзяржаўнай мяжы (за выключэннем рэк Днепр і Сож)», — гаворыцца ў паведамленні.

Дэлегацыі дзвюх краін намецілі напрамкі далейшай працы да канца 2021 года і далі адпаведныя даручэнні агульным рабочым групам.

Украіна і Беларусь прыступілі да дэмаркацыі дзяржмяжы ў Чарнігаўскай вобласці ў лістападзе 2013 года. Дэмаркацыю дзяржаўнай мяжы ў зоне адчужэння ЧАЭС пачалі ў красавіку 2019 года.

План дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы прадугледжвае да канца 2023 года завяршыць комплекс работ па вынасе мяжы на мясцовасці, усталяванне памежных знакаў і ўладкаванне паласы ўмацавання дзяржаўнай мяжы.

Украіна і Беларусь плануюць падпісаць адпаведныя дэмаркацыйныя дакументы да канца 2026 года .

Дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Украінай складае 1084,2 км, з іх 758,3 км на сухапутным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Днепр, Сож і Прыпяць) і каля 120 км — па зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС.

У чэрвені 2013 года ўступіў у сілу дагавор аб дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і Беларуссю. Дагавор быў падпісаны 12 траўня 1997 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: