«Беларусь мусіць быць парламенцка-прэзідэнцкай». Што з партыямі Бабарыкі, Латушкі і Дзмітрыева

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году трое беларускіх палітыкаў заявілі пра намер стварыць уласныя партыі. «Свабода» пацікавілася, як з таго часу прасунулася партыйнае будаўніцтва.

 

Пра стварэнне партыі Віктара Бабарыкі стала вядома яшчэ летась у жніўні. Штаб палітыка распаўсюдзіў яго відэазварот, запісаны напярэдадні арышту.

Павел Латушка абвясціў пра стварэнне ўласнай партыі ўвесну гэтага году і абяцаў цягам месяцаў прадставіць дэталі. Але дагэтуль кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва не расказаў падрабязнасцяў.

Таксама ўвесну пра пляны стварыць сваю партыю заявіў былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў. Ён нават агучыў яе працоўную назву — «Наша партыя».

Партыя Бабарыкі: «Большая частка дзейнасці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступлення»

Каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і аргкамітэту партыі «Разам» Іван Краўцоў расказаў, што праца над стварэннем партыі не спынілася і што каманда працуе «спакойна, зыходзячы з магчымасцяў цяперашняй сітуацыі».

Пакуль што, паводле яго, гэта практычна выключна онлайн-актыўнасць: сустрэчы, семінары, лекцыі. Большая частка дзейнасці не публічная, выключна для тых, хто прайшоў усе неабходныя этапы для ўступлення.

«Становішча ў Беларусі суперскладанае, галоўнае для нас — гэта бяспека людзей. Партыя — гэта надоўга, гэта не праект, які можа даць хуткі вынік. Самае важнае — захаваць супольнасць, якая падтрымлівае наш палітычны парадак дня, бачанне будучыні Віктарам Бабарыкам і ягонай камандай. Для нас саміх гэта таксама важна — мы шмат чаму вучымся дзякуючы зносінам з сябрамі партыі. Такія аб’яднанні, як наша, таксама маюць сваю «сезоннасць». У перыяд выбарчых кампаній ёсць сэнс быць максымальна актыўнымі, у тым ліку публічна, у міжвыбарны перыяд — гэта іншы тып працы: развіццё арганізацыі і пабудова нефармальных кантактаў», — сказаў паплечнік Віктара Бабарыкі.

Іван Краўцоў кажа, што як толькі ў Беларусі можна будзе праводзіць мерапрыемствы ўжывую, то штаб Віктара Бабарыкі будзе рыхтаваць устаноўчы з'езд і падаваць дакументы на рэгістрацыю.

Партыя Латушкі: «Пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах»

Павел Латушка расказаў, што партыйнае будаўніцтва не сыходзіць з парадку дня, але цяпер ёсць абмежаванні палітычнага і адміністрацыйнага характару. Таму цяпер ягоная каманда праводзіць папярэднюю падрыхтоўчую працу для будучага стварэння партыі, калі для гэтага будуць умовы.

«На жаль, сёння цяжка гаварыць пра магчымасць развіцця палітычнай дэмакратычнай сістэмы ў Беларусі. Фактычна адсутнічае магчымасць рэгістрацыі новых і развіцця існых партый і палітычна-грамадзкіх рухаў. Звязана гэта і з рэпрэсіямі ў бок грамадзтва за палітычныя погляды, і з выкарыстаннем адміністрацыйных інструментаў, якія блакуюць магчымасць стварэння і развіцьця партый», — кажа палітык.

Кіраўнік НАК дадаў, што яны распрацавалі адпаведныя падыходы і матэрыялы для прыняцця праграмных дакументаў палітычнай партыі. Але зарэгістраваць цяпер партыю ў Беларусі немагчыма, канстатуе Латушка.

«Але мы ўпэўненыя, што Беларусь мусіць быць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай з мінімалізацыяй функцый прэзідэнта і моцным парламентам, які будзе фармавацца палітычнымі партыямі. І выканаўчая ўлада будзе знаходзіцца ў палітычнай партыі альбо кааліцыі. Трэба быць гатовымі да гэтага, — лічыць палітык. — Для нас таксама вельмі важна падтрымліваць сувязь з патэнцыйным партыйным актывам у Беларусі. Гэта ў тым ліку неабходна, каб быць гатовымі да стварэння рэгіянальных структур. Мы пастаянна працуем з актывістамі ў рэгіёнах».

Партыя Дзмітрыева: «У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі»

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў кажа, што разам са сваёй камандай працягвае стварэнне «Нашай партыі». У канцы ліпеня ў рэжыме онлайн адбыўся ўстаноўчы сход партыі і быў сфармаваны яго аргкамітэт.

«Да партыі далучаюцца новыя людзі, і нам гэта вельмі прыемна. Таксама мы працягваем працу над праграмай і стварэннем рэгіянальных структур і сёння заклікаем усіх далучацца да аргкамітэту. У нас ужо ёсць працоўныя групы. Мы не адмаўляемся ад намеру правесці ўстаноўчы сход, у якім на патрабаванне Міністэрства юстыцыі мусяць удзельнічаць не менш за 1000 чалавек. Мы лічым, што стварэнне партыі — гэта, з аднаго боку, падрыхтоўка людзей да выбараў, калі б яны ні адбыліся, а таксама падтрымка тых, хто хоча заставацца актыўным і працягвае дзейнічаць нават у гэтых умовах», — гаворыць палітык.

У інтэрнэце ўжо ёсць сайт партыі; штодня, паводле Дзмітрыева, праходзяць онлайн-нарады і сустрэчы партыі, рэгіянальныя спатканні. У інстаграме каманда Дзмітрыева робіць штотыднёвыя справаздачы, па пятніцах праводзяць нефармальныя олайн-сустрэчы «Наша кухня».

Аднак у сувязі з сітуацыяй у краіне не пра ўсю дзейнасць каманда паведамляе публічна, кажа Дзмітрыеў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: