Беларусь — самая небяспечная на постсавецкай прасторы краіна для журналістак

У мінулым годзе не менш 1129 жанчын — прафесійных і грамадзянскіх журналістак з 12 краін былога СССР (без Балтыйскіх дзяржаў) — падвергліся нападам за сваю працу. Рэкардсменам па абсалютнай колькасці нападаў на журналістак была Беларусь.

Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


На другім месцы Расія, на трэцім — Украіна, адзначаецца ў дакладзе фонда «Справядлівасць для журналістаў», пішуць naviny.online.

У адносных велічынях самай небяспечнай з постсавецкіх краін для працы журналістам з’яўляецца Беларусь: каэфіцыент рызыкі (разлічваецца як колькасць нападаў на 100 тысяч насельніцтва) складае 14,61. Менш за ўсё гэты каэфіцыент ва Узбекістане — 0,37. Для Туркменістана валідныя разлікі зрабіць не ўяўляецца магчымым праз амаль поўную інфармацыйную ізаляцыю краіны.

«Больш за ўсё журналістак у абсалютных велічынях пацярпелі ў Беларусі — 382. 11 з іх атрымалі кулявыя раненні, кантузіі ад светлашумавых гранат або былі збітыя пры затрыманні падчас іх працы на жнівеньскіх акцыях пратэсту. Зафіксавана 107 выпадкаў затрыманняў (на тэрмін да 24 гадзін) і 48 арыштаў (на суткі і больш) журналістак», — паведамляецца ў дакладзе.

Адзначаецца, што ў 96% выпадкаў атакі на журналістак, якія працуюць у Беларусі, зыходзілі ад прадстаўнікоў улады: міліцыі, АМАПа і іншых дзяржаўных сілавых структур.

Паводле звестак фонда, найбольш інтэнсіўным нападам былі падвергнутыя журналісткі Ларыса Шчыракова («Белсат», журналістка-фрылансер) — 26 нападаў, у ліку якіх 10 штрафаў, два затрыманні, канфіскацыя кампутара, два арышты; Кацярына Андрэева («Белсат», журналістка) — 16 нападаў, у ліку якіх два штрафы, два затрыманні, два арышты, канфіскацыя прафесійнай тэхнікі, ператрус. 18 лютага 2021 года Андрэева і яе калега Дар'я Чульцова былі прысуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; Аліна Скрабунова («Белсат», журналістка-фрылансер) — 14 нападаў, у ліку якіх чатыры штрафы, тры затрыманні, адзін арышт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: