Беларусь шукае герояў-прыродаахоўнікаў

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) шукае кандыдатуры на званне Абаронцаў дзікай прыроды. Гэтым званнем глабальная асацыяцыя BirdLife International ганаруе выбітных прыродаахоўнікаў у партнёрскіх краінах.

Упершыню званне надавалася ў мінулым годзе. Абаронцамі дзікай прыроды былі прызнаныя 22 чалавекі, трое з іх – з Беларусі.

Вядомы арнітолаг і навукоўца Уладзімір Іваноўскі за дзясяткі гадоў вывучэння і аховы драпежных птушак змайстраваў сотні штучных гняздоўяў. Супрацоўнік заказніка “Выганашчанскае” Мікалай Варабей спыніў браканьера, атрымаўшы цяжкія раненні, а старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Міхаіл Ярмоліч садзейнічаў затрыманню групы замежных паляўнічых, якія ўчынілі нелегальнае масавае забойства качак увесну.

Хто можа быць намінантам? Групы людзей або асобы, якія адзначыліся выбітнай працай у ахове дзікай прыроды Беларусі на нацыянальным або лакальным узроўні.

Званнем Абаронцаў дзікай прыроды (Nature’s Heroes) ганаруюць за дасягненні ў маніторынгу біяразнастайнасці, кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі, народнай навуцы, далучэнні людзей да аховы прыроды, а таксама за іншыя значныя ўнёскі ў ахову дзікай прыроды.

АПБ як нацыянальны партнёр BirdLife International у Беларусі з 2005 года запрашае прапанаваць свайго намінанта. Для гэтага трэба да 13 студзеня 2019 года ўключна запоўніць анлайн-форму.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!