Беларусь увайшла ў трыццатку самых танных для жыцця краін

Фінансава-кансультацыйны партал GOBankingRates апублікаваў чарговы топ-50 краін, у якіх выдаткі на жыццё самыя нізкія і куды варта пераехаць, каб марнаваць менш.
Беларусь у рэйтынгу заняла 27-ю пазіцыю. «У Беларусі, на фоне зачаравальнай прыроды, сярод палацаў і крэпасцяў, вы адчуеце сябе, як у казцы. Кошт жыцця тут на 66% ніжэй, чым у Нью-Ёрку», — паведамляе gobankingrates.com.

Згодна з інфармацыяй аўтараў даследавання, цэны на прадукты ў Беларусі складаюць толькі 28% ад нью-ёркскіх, а арэнда жылля абыйдзецца на 89% танней. Год таму ў гэтым рэйтынгу Беларусь займала 50-е месца.

Самай таннай для жыцця краінай у свежым рэйтынгу названая Індыя. Далей у рэйтынгу размясціліся Сірыя і Пакістан. З краін СНД у топ увайшлі Украіна (6-е месца), Малдова (19), Казахстан (31), Арменія (34), Азербайджан (35). Кітай займае 37-ы радок рэйтынгу.

Аўтарамі даследавання былі прааналізаваны дадзеныя па 115 краінах свету, кошт выдаткаў параўноўваўся з цэнамі ў Нью-Ёрку. Краіны ацэньваліся па пяці асноўных паказчыках: індэкс пакупніцкай здольнасці (вымярае адносную пакупніцкую здольнасць у краіне ў параўнанні з Нью-Ёркам), індэкс арэнднай платы за жыллё, індэкс харчовых тавараў, індэкс кошту жыцця (які ўключае выдаткі на мясцовыя тавары і паслугі, такія як транспарт і камунальныя паслугі) і індэкс цэн у рэстаранах, які параўноўвае цэны на стравы і напоі ў рэстаранах і барах.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць