Беларусь vs Літва: Заробкі, пенсіі і беспрацоўе

Чаго дамагліся Літва і Беларусь за гады сваёй незалежнасці.
Сёння, 16 лютага, нашы прыбалтыйскія суседзі адзначаюць важнае свята — Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы. Дата прымеркавана да падзей 1918 году, калі ў Вільні прадстаўніцтва народа, Літоўская тарыба, абвясціла аднаўленне асобнага незалежнай дзяржавы. Цяпер Літва знаходзіцца ў складзе Еўрапейскага саюза.

Прапануем параўнаць некаторыя сацыяльныя паказчыкі Літвы з фактамі з беларускай статыстыкі.

Насельніцтва Літвы каля 2,85 мільёнаў чалавек (у Беларусі - каля 9,5 мільёнаў).

Сярэдняя працягласць жыцця ў Літве ў мужчын каля 68 гадоў, а ў жанчын — каля 79 гадоў.

У мінулым годзе Літва згадвалася як краіна з самай кароткай працягласцю жыцця сярод краін Еўрасаюза.

У Беларусі, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2016 годзе гэтыя паказчыкі склалі 78 гадоў для жанчын і 66 гадоў — для мужчын.

Па дадзеных статыстыкі Міністэрства сацыяльнай абароны і працы Літвы, мінімальная заработная плата ў Літве складае 380 еўра ў месяц (748,6 беларускіх рублёў па курсе на 17.02.17). У Беларусі мінімальны месячны заробак змяніўся з 1 студзеня 2017 года, зараз ён складае 265 рублёў у месяц.

Сярэдняя налічаная заработная плата ў Літве (за вылікам асобных прадпрыемстваў) у трэцім квартале 2016 гады — 793,3 еўра (каля 1562,8 беларускіх рублёў). У Беларусі ў канцы трэцяга квартала (верасень 2016 году) сярэдняя налічаная заработная плата па краіне — 732,9 рубля, у Віцебскай вобласці — 629,1 рубля.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў трэцім квартале 2016 года ў Літве склаў 7,5%. Гэта значна больш, чым у Беларусі: згодна з Белстатам, да канца мінулага года ўзровень беспрацоўя ў нашай краіне знізіўся да 0,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Колькасць беспрацоўных у трэцім квартале 2016 года таксама сур'ёзна перавысіла паказнікі ў Беларусі 111 тысяч у Літве супраць 35,3 тысяч у Беларусі (дадзеныя на канец года).

Як і ў Беларусі, пенсійны ўзрост у Літве павялічваецца штогод. У 2017 годзе жанчыны тут будуць выходзіць на пенсію ва ўзросце 62 гадоў, а мужчыны — 63,6 гадоў. У нашай краіне ў гэтым годзе пенсійны ўзрост для жанчын павялічыцца да 55,6 гадоў, для мужчын — да 60,6 гадоў.

У мінулым годзе, па дадзеных статыстыкі, сярэдні памер пенсіі па старасці ў Літве склаў 255,40 еўра (каля 503 беларускіх рублёў) у месяц, па старасці, але з неабходным стажам — 266,60 еўра (каля 525 беларускіх рублёў). Сярэдні памер прызначаных пенсій у Беларусі ў снежні мінулага года: 297 рублёў.

Адрозніваюцца таксама і кошты: да прыкладу, кошт грамадскага транспарту ў Вільні — 1 еўра (каля 1,97 рублёў) за поўны квіток у аўтобусе і 0,5 еўра (каля 1 рубля) за льготны. У Мінску талончык на наземны транспарт каштуе 55 капеек.

Паводле Віцебскі кур'ер

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!