Беларусь заняла 108 месца са 195 у Глабальным індэксе бяспекі здароўя

Беларусь заняла 108-ы радок у Глабальным рэйтынгу бяспекі здароўя (Global Health Security Index). Па сутнасці, аўтары аналізавалі, наколькі краіны гатовыя адрэагаваць на ўспышкі хвароб.
Shutterstock.com

Shutterstock.com

Індэкс Global Health Security Index, па сутнасці, ацэньвае магчымасць прадухіліць, а таксама змагацца з успышкамі хвароб. Рэйтынг з 195 краін склалі на аснове дадзеных з адкрытых крыніц па 6 катэгорыях: прадухіленне з'яўлення або вызвалення ўзбуджальнікаў хваробы, ранняе выяўленне і інфармаванне астатніх краін, хуткі «адказ» на эпідэмію, гатоўнасць сістэмы аховы здароўя лячыць хворых і абараніць сваіх работнікаў, адпаведнасць міжнародным нормам, а таксама агульная ўразлівасць навакольнага асяроддзя і самой краіны для біялагічных пагроз.

Беларусь заняла 108 пазіцыю ў рэйтынгу са 195, набраўшы 35 балаў, і апынулася блізкая па ацэнцы да Балівіі, Парагвая, Намібіі, Кот-д 'Ивуару, Ганы ці Пакістану.

Калі глядзець дэталёва, то лепшыя ацэнкі ў Беларусі — па пытанні аб агульнай уразлівасці краіны для эпідэмій, а таксама хуткай рэакцыі на рызыкі. Менш за ўсё балаў аўтары выставілі за магчымасць краіны прадухіляць успышкі.

Для параўнання, амаль ва ўсіх нашых суседзяў рэйтынг выйшаў значна лепшым: Латвія на 17-м месцы (63 балы), Польшча на 32-м месцы (55 балаў), Літва на 33-й пазіцыі (55 балаў), Расія на 63-й (44 балы). Украіна апынулася на 94-м месцы (38 балаў).

Рэйтынг узначалілі ЗША (84 балы), Вялікабрытанія (78) і Нідэрланды (76), далей ідуць Аўстралія, Канада, Тайланд, Швецыя, Данія, Паўднёвая Карэя, Фінляндыя.

Горш за ўсё справы ідуць у Экватарыяльнай Гвінеі (16 балаў), Самалі (17), Паўночнай Карэі (17), а таксама Сан-Томе і Прынсіпі, Маршалавых выспах, Емене, Кірыбаці, Сірыі, Гвінеі-Бісаў і Габоне.

Галоўная выснова даследчыкаў несуцяшальная: ні адна краіна ў свеце не гатовая поўнасцю да эпідэмій і пандэмій. У кожнай ёсць прабелы ў сістэме. Агульны бал «гатоўнасці» ўсіх краін склаў толькі 40 балаў з магчымых 100.

«Біялагічныя пагрозы — натуральныя, наўмысныя або выпадковыя — у любой краіне могуць прадстаўляць пагрозу для здароўя насельніцтва свету, міжнароднай бяспекі і сусветнай эканомікі. Паколькі інфекцыйныя захворванні не маюць межаў (...) кожная краіна павінна быць празрыстай ў сваіх магчымасцях, каб гарантаваць суседзям, што яна можа прадухіліць ператварэнне ўспышкі ў міжнародную катастрофу», — сказана ў дакладзе.

Аўтары індэкса падкрэсліваюць: свет і далей будзе сутыкацца з успышкамі, да якіх мала падрыхтаваны. Змяненне клімату, урбанізацыя, масавая міграцыя — гэта ідэальныя ўмовы для з'яўлення і распаўсюджвання патагенаў.

Дадзены рэйтынг — гэта сумесны праект Цэнтра бяспекі здароўя ім. Джона Хопкінса (ЗША), амерыканскай некамерцыйнай Ініцыятывы па скарачэнні ядзернай пагрозы і брытанскай даследчай кампаніі Economist Intelligence Unit.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: