Беларусь заняла апошні радок у Глабальным індэксе тэрарызму

У Глабальным індэксе тэрарызму-2019 (The Global Terrorism Index — GTI) Беларусь заняла апошняе, 138-е месца. Гэта лепшы паказчык дадзенага рэйтынгу.
Беларусь у GTI-2019, распрацаваным міжнароднай групай экспертаў Інстытута эканомікі і міру Сіднэйскага універсітэта, апынулася на 138 пазіцыі разам з яшчэ 26-ю краінамі. Сярод іх такія дзяржавы, як Коста-Рыка, Славенія, Тога, Партугалія, Аман, Куба, Туркменістан і Паўночная Карэя.
Характэрна, што ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі, на думку міжнародных экспертаў, узровень тэрарыстычнай пагрозы вышэй, чым у нашай краіне. Так Латвія ў рэйтынгу апынулася на 117-м месцы, Літва — на 108-м, Польшча — на 106-м, Расія — на 37-м, а Украіна — на 24-м.
У першую пяцёрку Глабальнага індэкса тэрарызму ўвайшлі Афганістан, Ірак, Нігерыя, Сірыя і Пакістан.

Сярод краін ЕС найбольш небяспечнай з пункту гледжання тэрарызму прызнана Вялікабрытанія, якая заняла ў рэйтынгу 28 месца.

Як адзначаецца ў індэксе, у свеце чацвёрты год запар назіраецца скарачэнне смяротнасці ад тэрактаў. У 2018 годзе яна скарацілася на 15,2 адсоткі да 15 952 смерцяў. У той жа час у 2018 годзе ў Афганістане ад тэрактаў загінула 7379 чалавек. Гэта найбольшы краінавы паказчык, які ў параўнанні з папярэднім годам вырас на 59 адсоткаў.

Як адзначаецца ў дакладзе, цяпер смяротнасць ад тэрарызму на 52 адсоткі ніжэй, чым у пікавы па гэтым паказчыку 2014 годзе. Найбольшае зніжэнне смяротнасці ад тэрактаў зафіксавана ў Іраку, Сірыі і Нігерыі.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: