Беларуску не пускаюць на працу пасля вяртання з Італіі

Жыхарка Мінска Наталля Ладуцька паехала з расійскім тураператарам у тур па карнавалах Еўропы. Адным з пунктаў вандроўкі была Італія, дзе праз сітуацыю з каронавірусам прымаюцца павышаныя меры бяспекі. Праблем з вяртаннем у Беларусь у яе не ўзнікла, але цяпер жанчыну... не пускаюць на працу.
Наталля Ладуцька, фота з Фэйсбука

Наталля Ладуцька, фота з Фэйсбука

Наталля Ладуцька працуе галоўнай бухгалтаркай у адной з прыватных кампаній. Па прыездзе дырэктар кампаніі адмовіў Наталлі ў выхадзе на працу і настойвае на тым, каб яна прайшла 14-дзённы каранцін за кошт свайго адпачынку. Па словах жанчыны, кіраўнік спасылаецца на тое, што ў Паўночнай Італіі, адкуль яна вяртаецца, увялі каранцін, таму яна таксама павінна прайсці каранцін альбо здаць аналізы на праверку наяўнасці віруса.

«Мы былі на карнавале ў Швейцарыі ў Люцэрне, затым пераехалі ў Французскую Рыўеру. Былі на карнавале ў Ніцы і Мянтоне. Праблемы пачаліся, калі вечарам прыехалі на начлег у Турын, а італьянскія ўлады ў гэты вечар адмянілі карнавал у Іўрэі. Потым спакойна пераехалі ў Верону, затым у Венецыю, дзе зачынілі для наведвання сабор Святога Марка і выставу Тыцыяна і Рубенса, якая там праходзіла. Усё астатняе працавала. Затым пераехалі ў Клагенфурт. Спакойна перасеклі мяжу з Аўстрыяй, ніякага кантролю на мяжы не было, вечарам перасеклі мяжу з Чэхіяй, таксама ніякага кантролю. Сёння без праблем прайшлі польскую мяжу. Паралельныя групы звязаліся з кіраўніком нашай групы і распавялі, што без праблем прыляцелі ў Маскву, там таксама ніякага кантролю або павышанай увагі да іх не было», — распавяла «Новаму Часу» Наталля Ладуцька.

Жанчына не адчувае праблем са здароўем, а таму не хоча ісці ў каранцін за свой кошт і мае намер выйсці на працу.

Дырэктар кампаніі Аляксандр Свідзерскі пацвердзіў «Новаму Часу», што сапраўды прапанаваў Наталлі пабыць у 14-дзённым каранціне.

«Яна — патэнцыйны носьбіт віруса. Без розніцы, будзе яна праходзіць абследаванне за свой кошт ці мы можам усё аплаціць. Калі яна не разумее, што пандэмія ўжо тут, то мне вельмі шкада. Калі нехта можа спыніць вірус, ён павінен гэта рабіць, кожны на сваім працоўным месцы. Вы думаеце, вірус не гуляе ў Беларусі? Ды яго тысячы, проста ніхто яшчэ не звяртаўся. Трэба гэта спыняць, можна знайсці кампраміс, па пагадненні бакоў, а не так, што я прыехала з Італіі, прыйду і ўсіх вас заражу», — сказаў Аляксандр Свідзерскі.

Дададзім, што афіцыйна каронавірус у Беларусі пакуль не пацверджаны, як і не абвешчаная пандэмія ў свеце.
А вось прадстаўнікі незалежнага прафсаюза РЭП лічаць спробу працадаўцы адправіць Наталлю Ладуцька ў каранцін дыскрымінацыяй.

«Я тут бачу дыскрымінацыю, бо нават калі чалавек пабыў у пэўнай краіне, гэта не значыць, што ён заразіўся каронавірусам. Калі наймальнік клапоціцца пра здароўе астатніх супрацоўнікаў, няхай ён прапануе ёй пайсці ў каранцін і абследавацца за кошт прадпрыемства, — кажа прававы інспектар працы незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. — Калі гэтая жанчына звернецца да нас і мы пойдзем з ёй у суд, мы дакажам, што гэта дыскрымінацыя. Яна можа адмовіцца праходзіць абследаванне за свой кошт, сказаць, што ўпэўнена ў сваім здароўі і пагадзіцца на абследаванне за кошт наймальніка».

Працоўнае заканадаўства, па словах Леаніда Судаленкі, не прадугледжвае такіх сітуацый. Яно кажа толькі аб тым, што пры прыёме на працу наймальнік можа накіраваць чалавека прайсці медагляд. Ну і ў залежнасці ад віду дзейнасці, напрыклад, у харчовай галіне, дактароў трэба праходзіць раз на паўгода. Але ў выпадку з Наталляй гэта магчыма толькі за кошт працадаўцы.

«Гэта абсалютнае трызненне — адпраўляць на каранцін усіх, хто прыязджае з Італіі, паколькі адтуль прыязджае шмат людзей. Калі ўсе наймальнікі Беларусі пачнуць гэта рабіць, то эканоміцы будзе нанесена вялікая шкода. Трэба захоўваць баланс паміж клопатам пра грамадскае здароўе і эканамічным эфектам, — дадае Андрэй Стрыжак, сябра савета прафсаюза РЭП. — Усім, хто сутыкаецца з падобнымі сітуацыямі дыскрымінацыі, раім звяртацца ў незалежны прафсаюз РЭП, будзем разбірацца».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: