Беларуска Вольга Мазуронак выйграла марафон на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне.

Час пераможцы — 2 гадзіны 26 хвілін 22 секунды. Серабро ў францужанкі Клемансо Кальв (2: 26.28), бронза ў чэшкі Эвы Врабцовой-Нывльтовой (2: 26.31).
У топ-5 фінішавалі яшчэ дзве беларускі! Марына Даманцэвіч з асабістым рэкордам заняла 4-е месца (2: 27.44), Анастасія Іванова стала 5-й (2: 27.49, гэта яе лепшы вынік у сезоне).

Высокі вынік паказала і беларуска Ніна Савіна (2: 33.50, асабісты рэкорд), якая заняла 12-е месца.

Адразу тры беларускі — Вольга Мазуронак, Марына Даманцэвіч і Анастасія Іванова — беглі ў групе лідэраў з самага пачатку дыстанцыі. Пасля 30 км ад іх стала адставаць Анастасія Іванова.

На адзнацы 33 км у адрыў паспрабавала ўцячы францужанка Клемансо Кальв, але суперніцы яе дагналі.

На адзнацы 40 км наперадзе засталася тройка лідэраў — Мазуронак, а таксама францужанка Клемансо Кальв і чэшка Эва Врабцова-Нывльтова. Беларуска Даманцэвіч адвалілася на 4-ю пазіцыю.

На апошнім кіламетры за перамогу змагаліся ўжо толькі Мазуронак і Кальв. У выніку золата заваявала Вольга, хоць на адным з заключных паваротаў яна адхілілася ад маршруту і каля 10 метраў прабегла ня ў той бок. Аднак здолела вярнуць сабе лідэрства і выдала ўражлівы спурт на фінішнай прамой.

Ці ледзь не чвэрць дыстанцыі Вользе Мазуронак давялося змагацца з крывацёкам з носа.

Кроў пайшла прыкладна на адзнацы 10 км, прадстаўнікі медперсаналу на хаду спрабавалі дапамагчы беларусцы, перадавалі ёй сурвэткі і ваду, але доўгі час справіцца з праблемай не атрымоўвалася, і яна бегла з акрываўленым тварам. Прыкладна да адзнакі 17 км крывацёк спыніўся.


Усяго на ЧЕ-2018 у актыве зборнай Беларусі пяць узнагарод. Раней золата заваявала Эльвіра Герман у бегу на 100 м з бар'ерамі, серабро здабыў Максім Недасека ў скачках у вышыню, бронзавымі медалістамі кантынентальнага форуму сталі Дзмітрый Дзюбін ў спартыўнай хадзе на 50 км, а таксама Алёна Дубіцкая ў штурханні ядра і Віталь Жук у дзесяцібор'і.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: