Беларускае заканадаўства не бароніць ад дыскрымінацыі

Канстытуцыя Беларусі забараняе дыскрымінацыю, але ў нашай краіне ёсць уразлівыя групы, якія адчуваюць яе пастаянна. І пакуль правасуддзе не бачыць праблемы дыскрымінацыі, людзі застаюцца неабароненымі.
29 кастрычніка ў Мінску сабраліся эксперты з шэрагу няўрадавых, праваабарончых і дзяржаўных арганізацый, каб абмеркаваць праблему рамачнага антыдыскрымінацыйнага закона.

Патрэба ў такім заканадаўчым акце абумоўлена тым, што наша судовая практыка не ўспрымае дыскрымінацыю як тэму, з якой трэба працаваць. Ёсць прыклады, калі суды адмаўляюцца ўзбуджаць справы, звязаныя з дыскрымінацыяй, таму што ў законе не прапісаныя дакладныя працэдуры. А між тым у Беларусі пад дыскрымінацыю трапляюць самыя розныя групы: пенсіянеры, нацыянальныя меншасці, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, жанчыны, дзеці, людзі з інваліднасцю, беларускамоўныя…

У 2009 годзе Беларускае таварыства інвалідаў ініцыявала спробу судовага разбіральніцтва па пытаннях дыскрымінацыі — два чалавекі з інваліднасцю не трапілі ў тэатр і ўгледзелі ў гэтым дыскрымінацыю. Але тады суд адхіліў пазоў, таму што ў беларускім праве не замацаваная сувязь паміж дыскрымінацыяй і паразай чалавечай годнасці.

А вось іншы прыклад. У 2016 годзе адна з транспартных кампаній Беларусі высадзіла з рэйсу невідушчага чалавека, таму што ён, паводле правілаў кампаніі, павінен быў перамяшчацца толькі з суправаджаючым. Гэтыя дзеянні кампаніі пракуратура прызнала дыскрымінацыйнымі, што прывяло да змены правілаў транспартных кампаній.

Тэма дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю актуалізавалася цяпер і таму, што ў Беларусі абмяркоўваюць законапраект «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі».

«У гэтым законе ёсць неабходнасць артыкула, які б вырашаў праблему дыскрымінацыі. Цягам апошнх двух гадоў мы шмат гэта абмяркоўвалі і спрачаліся», — падкрэслівае кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Па яго словах, беларускія заканадаўцы не надта крытычна прапісваюць у праекце закона віды бар’ераў, якія ўзнікаюць для людзей з інваліднасцю. Агулам тэрміны Канвенцыі ААН па правах людзей з інваліднасцю ў беларускім варыянце законапраекта значна скарочаныя і не адлюстроўваюць тых важных дэталяў, якія з’яўляюцца своеасаблівымі маркерамі дыскрымінацыі. Заўвагі ад грамадзянскай супольнасці адносна законапраекта перадалі ў парламент, але працэс іх абмеркавання і прыняцця застаецца закрытым.
Кіраўнік Офіса зазначае, што няма практычна ніводнай сферы, дзе б не ўзнікала дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю: гэта і працоўныя адносіны, і сацыяльная абарона, і адукацыя. На жаль, распаўсюджаныя выпадкі звальнення работнікаў па прычыне інваліднасці, адмовы ў забеспячэнні людзей з інваліднасцю ў зняволенні неабходнымі ім сацыяльнымі работнікамі і інш.  

Некалькі гадоў таму няўрадавыя арганізацыі правялі вялікае даследаванне, якое ахапіла сферы і групы, дзе дыскрымінацыя найбольш праяўляецца ў Беларусі. Высновай стала тое, што існуючыя заканадаўчыя палажэнні не дазваляюць у поўнай ступені рэалізаваць права на роўнасць і забяспечыць абарону ад дыскрымінацыі, таму неабходна прыняць комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, якое замацавала б асноўныя віды і формы дыскрымінацыі. Такія ж рэкамендацыі прапанаваў для Беларусі шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку Камітэт ААН па правах чалавека.

Апроч таго даследаванне паказала, што адна з актуальных праблем на сёння — адсутнасць абавязковай антыдыскрымінацыйнай экспертызы ацэнкі заканадаўства, якая б у будучыні здымала пытанні парушэння правоў асобных уразлівых груп, кажа Дзмітрый Чарных з Беларускага Хельсінскага камітэту. Цяпер ёсць толькі адна абавязковая юрыдычная экспертыза, але яна не факусуецца на пытаннях дыскрымінацыі. Адсутнічае неабходнасць прыняцця станоўчых мер дзяржавай для таго, каб любая ўразлівая група магла дасягнуць роўнасці — менавіта з гэтага павінна сыходзіць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, перакананы эксперт.

Аднак прадстаўніца Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў заявіла, што на дадзены момант няма неабходнасці ў антыдыскрымінацыйнай экспертызе заканадаўства, паколькі фактычна яна праводзіцца ў рамках крыміналагічнай экспертызы.

«Заканадаўства Беларусі ацэньваецца на прадмет таго, наколькі яно можа парушыць правы грамадзян. На жаль, правапрымяняльная практыка можа фарміравацца незалежна ад нормаў права. Аднак на сённяшні момант судовая сістэма дазваляе грамадзянам абараняць свае правы», — сказала яна.

Але гэтае сцверджанне спрэчнае. У якасці прыкладу можна прывесці нядаўнюю пенсійную рэформу. Павелічэнне страхавога стажу прывяло да таго, што ў большай ступені пацярпелі жанчыны, паколькі ў такі стаж не ўключаюцца перыяды догляду за дзецьмі і сваякамі з інваліднасцю, якія атрымліваюць дзяржаўную дапамогу. Дыскрымінацыя жанчын відавочная, кажа Дзмітрый Чарных.

Тым не менш, прысутнасць на абмеркаванні антыдыскрымінацыйнага заканадаўства прадстаўніцы Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў сведчыць, што дзяржаўныя органы апошнім зацікаўленыя ў вырашэнні праблемы дыскрымінацыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!