Беларуская чыгунка засакрэціла вынікі апытання пра ўжыванне беларускай мовы

Гэта вынікае з адказу намесніка начальніка БЧ Аляксандра Якабсона на запыт паліттэхнолага Аліны Нагорнай: «Пры правядзенні анкетавання Беларуская чыгунка не прадугледжвала публічнае разьмяшчэнне яе вынікаў», піша Радыё Свабода.
У жніўні Беларуская чыгунка правяла анкетаванне, прымеркаванае да Адзінага дня пасажыра, які адзначаўся 26 верасня.

Траціна пытанняў анкетавання тычылася мовы.

Чыгунка прапаноўвала выбраць адзін з трох варыянтаў адказу: на беларускай, расейскай, ня мае значэння.

Паводле Аліны Нагорнай, прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы «Ўмовы для мовы», беларусы адказвалі на анкетаванне даволі актыўна.

Аднак калі Аліна звярнулася да кіраўніцтва з просьбай паведаміць пра вынікі анкетавання, атрымала афіцыйны адказ за подпісам намесніка начальніка Беларускай чыгункі Аляксандра Якабсона.

«Пры правядзенні анкетавання Беларуская чыгунка не прадугледжвала публічнае разьмяшчэнне яе вынікаў. Вынікі праведзенага апытання пасажыраў у дачыненні да зацікаўленага Вас пытання аб ужыванні беларускай мовы будуць прынятыя пад увагу і ўлічаны ў далейшай працы ў сукупнасці з вынікамі перапісу насельніцтва, які праводзіцца ў цяперашні час».

На думку Аліны Нагорнай, Беларуская чыгунка парушыла працэс анкетавання, бо не папярэджвала, што анкетаванне будзе ананімным.

«Як вынікае з адказу намесніка начальніка, відавочна, што большасць рэспандэнтаў былі за тое, каб у працы Белчыгункі ўжывалася больш беларускай мовы. А зараз яны чамусьці пачалі спасылацца на перапіс насельніцтва і хаваюць вынікі анкетавання нават ад тых, хто да іх пісьмова звяртаецца», – сцвярджае Аліна Нагорная.

На думку прадстаўніцы грамадскай ініцыятывы «Умовы для мовы», хоць Беларуская чыгунка і робіць некаторыя рэчы дзеля шырэйшага ўжывання мовы (да прыкладу, квіткі на гарадскія лініі можна купіць на беларускай мове, можна набыць квіткі па-беларуску і праз адмысловы тэрмінал на сталічным вакзале), варта патрабаваць ад чыгункі, каб беларускай мовы было больш.

«Мне падаецца, Беларуская чыгунка ня вельмі хоча працаваць над пашырэннем беларускай мовы, а хоча спаслацца на вынікі перапісу насельніцтва, таму што ў перапісе будзе не такі высокі працэнт беларускамоўных», – мяркуе Аліна Нагорная.

Яна прывяла прыклад, як Аршанскі райвыканкам рабіў апытанне пра беларускую мову ў грамадскім транспарце.

«Там былі адкрытыя вынікі, і больш за 70% людзей выступае за беларускую мову. Можна меркаваць, што ў апытанцы Белчыгункі таксама быў даволі вялікі працэнт прыхільнікаў беларускай мовы», – спадзяецца Аліна.

У прэсавай службе Беларускай чыгункі Свабодзе таксама не паведамілі вынікі апытання і параілі напісаць намесніку начальніка БЧ Пятру Стоцкаму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!