Беларуская Хадынка

Гром ударыў нечакана і вельмі працяжна: нібы стрэлілі з пушкі. З расколатага неба хлынуў моцны дождж. Нягледзячы на тое, што вясна збіралася перадаць эстафету лету, дождж быў з градам, што прымусіла сотні людзей рвануць да метро. Яны са смехам і гіканнем заляталі ў тунэль, нават не падазраючы, што там ужо прыхавалася смерць.
Ахвяры Нямігі, сёстры Людміла і Святлана, знайшлі свой апошні прытулак на сталічных Кальварыйскіх могілках. Побач пахаваны іх бацька Аляксандр Іванавіч Лобан. Ён не на шмат перажыў сваіх дачок і сышоў у пачатку студзеня 2000-га. Яму было ўсяго 53 гады. Фота аўтара.

Ахвяры Нямігі, сёстры Людміла і Святлана, знайшлі свой апошні прытулак на сталічных Кальварыйскіх могілках. Побач пахаваны іх бацька Аляксандр Іванавіч Лобан. Ён не на шмат перажыў сваіх дачок і сышоў у пачатку студзеня 2000-га. Яму было ўсяго 53 гады. Фота аўтара.

Першай ахвярай стала зусім маладая дзяўчына. Высокі абцас па-здрадніцку зламаўся — і яна звалілася на прыступкі. У тое ж імгненне яе накрыў натоўп, які ўжо ахапіла паніка. Людзі зразумелі, што трапілі ў пастку, крычалі. Усё скончылася літаральна за дзесяць хвілінаў. Медыкам і міліцыянерам заставалася толькі разводзіць рукамі. Такога не бачылі нават бывалыя дзядзькі ў белых халатах і служкі закону.

31 мая 1999 года жыхары Беларусі замест звыклага Дзяржаўнага гімна без словаў на музыку Сакалоўскага пачулі па радыё жалобны марш. Што здарылася? Некаторыя гарачыя галовы дапускалі думку: можа, нешта з ІМ? Тагачасная сітуацыя давала глебу для такіх разваг. Краіна ішла да чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Віктар Ганчар абвясціў альтэрнатыўную кампанію. Загадкава памёр Генадзь Карпенка, знік Юрый Захаранка.

Аднак усё стала вядома даволі хутка. У падземным пераходзе метро «Няміга» 30 траўня адбылася трагедыя: у выніку цісканіны загінулі 52 чалавекі, у асноўным маладыя людзі. Тое, што трагедыя адбылася ў дзень праваслаўнай Святой Троіцы, надавала бядзе асаблівы сакральны сэнс: пакаранне за грахі людскія.

Імгненная рэакцыя

Лукашэнка адрэагаваў імгненна. У сваім выступе ён назваў гібель людзей на Нямізе асабістым горам (шырокавядомыя словы Лукашэнкі пра тое, што 53 загінулых — зарубкі на яго сэрцы).

Аляксандр Лукашэнка наведаў месца трагедыі, “Советская Белоруссия”, травень 1999 года.

Аляксандр Лукашэнка наведаў месца трагедыі, “Советская Белоруссия”, травень 1999 года.

Аднак беларускі кіраўнік не быў бы самімі сабой, каб не ўставіць і палітычны спіч. Лукашэнка заявіў, што трагедыя на Нямізе не павінна раскалоць грамадства і што нельга разыгрываць карту Нямігі ў палітычных мэтах.

Асобным указам №297 беларускі кіраўнік абвясціў 31 траўня і 1 чэрвеня днямі жалобы ў Рэспубліцы Беларусь.
Паводле распараджэння №166рп, была створана Дзяржаўная камісія па трагічных падзеях у Мінску 30 траўня 1999 года. Яе ўзначаліў тагачасны прэм’ер-міністр Сяргей Лінг. У склад камісіі ўвайшлі: Міхаіл Мясніковіч — кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, Віктар Шэйман — дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, Алег Бажэлка — генеральны пракурор, Уладзімір Мацкевіч — шэф КДБ, Юрый Сівакоў — міністр унутраных спраў, Уладзімір Ярмошын — старшыня Мінскага гарадскога выканкама і іншыя. Лінг павінен быў даць справаздачу Лукашэнку пра прычыны трагедыі да 10 чэрвеня.

З чаго ўсё пачалося? Хто вінаваты?

1 красавіка 1999 года ў Мінгарвыканкам паступіла заява ад віцэ-прэзідэнта ТАА «Класс-Клуб Джаз Крафт» Акуліча з просьбай дазволіць 30 траўня з 12 да 23 гадзін правесці свята каля сталічнага Дварца спорту. Праўда, у дзяржаўных СМІ не было ніводнага слова пра тое, што планавалася зладзіць свята піва з удзелам папулярнай расійскай групы «Манга-манга».

Недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, наадварот, сцвярджалі, што менавіта п’яныя падлеткі і сталі прычынай трагедыі. Пісалі і пра тое, што быццам бы тым, хто назбірае больш піўных вечкаў, дадуць задарма піва. Больш за тое, тытунёвая кампанія «Магна» таксама частавала бясплатным бакалам піва, калі жадаючы назбірае дзесяць вечкаў ад пачкаў «Магны».

У інтэрв’ю «Белорусской деловой газете» ад 7 чэрвеня 1999 года прэзідэнт ТАА «Класс-Клуб Джаз Крафт» Генадзь Шульман заявіў, піва было шмат, аднак моцны алкаголь падчас свята не прадавалі.

2 чэрвеня 1999 года «мэр» Мінска Уладзімір Ярмошын напісаў заяву на імя беларускага кіраўніка з просьбай вызваліць яго з пасады ў сувязі з трагедыяй на Нямізе. Аднак Лукашэнка, які не хацеў ствараць прэцэдэнт, адстаўку не прыняў.

Тыя высокапастаўленыя чыноўнікі, што навучыліся разумець свайго патрона, маглі спаць спакойна. У сваім выступе 31 траўня Лукашэнка заявіў, што міліцэйскія і медыцынскія службы рабілі ўсё магчымае, і што п’яных на свяце не было.
Гэтыя першыя жудасныя здымкі пасля трагедыі абляцелі ўвесь свет. “Имя”, травень 1999 года.

Гэтыя першыя жудасныя здымкі пасля трагедыі абляцелі ўвесь свет. “Имя”, травень 1999 года.

Сярод міліцыянераў знайшліся тыя, хто не пашкадаваў свайго жыцця для выратавання людзей. Гэта Генадзь Рабаконь і Уладзімір Говін. На развітанні з імі прысутнічаў міністр Сівакоў.

Улічваючы рэзананс трагедыі, ва ўладаў не было выйсця, акрамя таго, каб дапамагчы ўсімі сродкамі. І гэта было зроблена. Пахаванні ахвяраў адбыліся за кошт дзяржавы. Загінулым без праблемаў выдзяляліся зямельныя ўчасткі на сталічных могілках. Сем’і атрымалі кампенсацыю.

Але бацькі і сваякі загінулых былі не задаволеныя ходам расследавання. Стала зразумела, што ўсё збіраюцца спісаць на град і дождж. Было зразумела і тое, што такая пазіцыя дыктуецца на вышэйшым узроўні.

1999 год быў адным са складаных у палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі: ішло пазбаўленне ад больш-менш моцных супернікаў, а наперадзе — новыя прэзідэнцкія выбары. Да таго ж Лукашэнку трэба было псіхалагічна перажыць 20 ліпеня 1999 года. Менавіта ў гэты дзень, паводле Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года, заканчваліся яго прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Газета «Имя» ў кожным нумары публікавала, колькі дзён засталося да 20 ліпеня. У такой сітуацыі Лукашэнку абсалютна былі не патрэбныя кадравыя пературбацыі.

Незадаволеныя бацькі і сваякі неаднаразова звярталіся ў суды. Іх абуралі паводзіны сталічнай міліцыі: калі пайшоў дождж з градам, амаль усе міліцыянеры схаваліся ў аўтобусах. Шматлюдны натоўп фактычна засталіся стрымліваць восем супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Дык хто ж вінаваты? Аб’ектыўна, віна ўладаў ёсць. І яна палягае вось у чым. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў грамадскім жыцці краіны паступова папулярнымі і звыклымі сталі масавыя вулічныя гулянні і прадстаўленні, чаго не было ў часы Шушкевіча-Кебіча. У гэтым быў і палітычны разлік: увесь час даказваць насельніцтву, што «жить стало лучше, жить стало веселей». На першым месцы, канешне, апынуўся Мінск. Чаго варты, напрыклад, абсалютна незразумелы і бессэнсоўны з гістарычнага пункту погляду сучасны дзень горада. За гады кіраўніцтва Паўлава сталіца літаральна ператварылася ў Калізей, дзе патрабавалі «хлеба і відовішчаў». Такія мерапрыемствы, якія нярэдка пераўтвараліся ў банальныя папойкі, заканчваліся не заўсёды добра. Дастаткова ўспомніць масавую бойку ў электрычцы Мінск–Пухавічы пасля дня горада 10 верасня 2006 года. Дык што там дзень горада. Эвалюцыя ў наяўнасці: правялі хакейны матч — трэба яшчэ і Еўрагульні.

Іншы бок

Расчараваныя пазіцыяй уладаў і ходам расследавання, бацькі і сваякі вымушаны былі звярнуцца да «трэцяга сектару» — недзяржаўных СМІ і арганізацый (у адным з інтэрв’ю Лукашэнка сказаў, што сярод бацькоў і сваякоў загінулых пачаліся «нехорошие разговоры»). Быў створаны Грамадскі камітэт па расследаванні масавай гібелі людзей (выканаўчым органам стаў праваабарончы цэнтр «Вясна-96»). Апазіцыя, якая назвала трагедыю на Нямізе беларускай Хадынкай, таксама патрабавала ўсебаковага расследавання справы.

Гэтыя першыя жудасныя здымкі пасля трагедыі абляцелі ўвесь свет. “Имя”, травень 1999 года.

Гэтыя першыя жудасныя здымкі пасля трагедыі абляцелі ўвесь свет. “Имя”, травень 1999 года.

Газета «Навіны» ў нумары за 8 чэрвеня 1999 года апублікавала ліст «женщин-матерей» Ніны Апанасевіч, Вольгі Клімовіч і іншых, дзе яны выступілі з жорсткай крытыкай не толькі органаў правапарадку («товарищ Сиваков со зверообразным лицом, на котором написано “не пущать”, “запретить”, “не разрешать”»), але і самога Лукашэнкі: «Погибла молодёжь, золотой фонд нашей нации. Мы вручили её, Вам, президент, и не только её — всю страну. Не можете обеспечить безопасность ни в политике, ни в экономике, ни в жизни, — уходите, дайте дорогу другим. И шрамы на Вашем сердце, о которых Вы говорите, нам неинтересны, нам нужен президент с ясной головой и добрым сердцем, настоящей заботой о людях. Впереди еще так много помпезных праздников, не для людей, а для собственного удовлетворения. Но пока будет эта власть, мы своих детей на президентские праздники не пустим».

Кніга памяці

Неўзабаве пасля трагедыі Грамадскі камітэт заявіў, што рыхтуецца выданне пра трагедыю на Нямізе. І ў 2000 годзе ў Вільні выйшла кніга «Трагедия на Немиге. Факты. Свидетельства. Комментарии. Минск, 30 мая 1999 года» (аўтары літаратурнага праекта — Таццяна Рэвяка і Паліна Сцепаненка). У гэтым добрым і адначасова сумным выданні сабраны ўнікальны матэрыял пра жудасную трагедыю: боль бацькоў і сваякоў, іх пакуты ў судах, а галоўнае — іх разважанні і ўспаміны пра загінулых.
Выданне пра трагедыю на Нямізе, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выданне пра трагедыю на Нямізе, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Смерць у лічбах

Спачатку афіцыйна было заяўлена пра 53 загінулых. Аднак неўзабаве ўлады абвясцілі пра 52 і патлумачылі, што «численная накладка наступила из-за разночтения фамилий». Аднак крывавая Няміга чаплялася за сваіх ахвяраў. 11 чэрвеня 1999 года ў шпіталі памёр Сяргей Саладкевіч. Ён быў навучэнцам сталічнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №53. У сувязі з цяжкай траўмай галаўнога мозгу хлопец так і не выйшаў з комы.

Па гарачых слядах стала распаўсюджвацца інфармацыя, што ахвяраў Нямігі насамрэч больш, чым падаюць афіцыйныя ўлады. Некаторыя маскоўскія радыёстанцыі паведамілі пра сотню загінулых.

Газета «Навіны» ў нумары ад 11 чэрвеня 1999 года паведаміла пра жыхара Лунінца Сяргея Казлевіча (1978 года нараджэння). Яго сяброўка, мінчанка Марыя Куніна, сцвярджала, што Казлевіча не ўнеслі ў афіцыйныя спісы, бо ён быў сіратой. Таксама ў гэтай занатоўцы рэдакцыя прасіла адгукнуцца тых, хто ведае Вольгу Шадзько і Марыю Нікіфараву, чые імёны пад нумарамі 53 і 54 былі дапісаныя на пераходзе на Нямізе побач з афіцыйным спісам.

Выданне пра трагедыю на Нямізе, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выданне пра трагедыю на Нямізе, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Страшэнны спіс адкрыла студэнтка тагачаснай Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі Вольга Бобрыкава, сям’ю якой аператыўна наведалі Міхаіл Мясніковіч і рэктар акадэміі Дзямчук. Аднак адбыўся канфуз. Калі спіс апублікавалі, прозвішча загінулай дзяўчынкі было скажонае: Бобракова.

У цэлым інфармацыя пра наўмыснае заніжэнне колькасці ахвяраў уладамі не пацвердзілася.

У дні трагедыі ўлады і дзяржаўная прапаганда заклікалі беларусаў да мужнасці, спагады, любові і чуласці. Такія ж матывы меліся ў разважаннях герояў выдання пра трагедыю на Нямізе. Абодва бакі пры ўсіх сваіх прынцыповых разыходжаннях, магчыма, верылі, што трагедыя зробіць беларусаў больш добрымі і ўважлівымі адзін да аднаго, згуртуе нацыю. Ці мелі яны рацыю? На жаль, не. Сённяшняя Беларусь — не проста ў стане крызісу. Яна ў тупіку. На жаль, дзяржава на працягу дзесяцігоддзяў выступае не як партнёр і абаронца грамадзяніна, а ў якасці карнай рукі.

Ступень дэградацыі і люмпенізацыі пэўнай часткі грамадства настолькі відавочна, што не патрабуе залішніх каментараў. Жорсткія забойствы амаль кожны тыдзень, у тым ліку і дзяцей — норма. Здаецца, Беларусь становіцца палігонам для апрабавання знакамітага закона «Левіяфана» Томаса Гобса: «вайна ўсіх супраць усіх». Фактычна, краіна знаходзіцца ў стадыі іманентнай грамадзянскай вайны, якая вядзецца не абавязкова з дапамогай агнястрэльнай зброі.

Ці ў такой Беларусі марылі жыць маладыя ахвяры Нямігі? І ці сапраўды цікава шырокай публіцы іх гісторыя? Большасць людзей (асабліва ў рэгіёнах) існуюць зарплаты да зарплаты і звяртаюцца да Бога толькі ў выпадку хваробы ці яшчэ чаго-небудзь жудаснага, а хтосьці співаецца.

І толькі застылая ў бронзе ў сталічным Міхайлаўскім скверы дзяўчынка з парваным ад града парасонам гаворыць, што ў кожнага свая Няміга.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: