Беларуская міліцыя выкарыстоўвае расійскі штучны інтэлект для кантролю бяспекі

Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы пачало выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне, распрацаванае пермскай кампаніяй Macroscop, паведамляе Еўрарадыё
Ілюстрацыйнае фота / Reuters

Ілюстрацыйнае фота / Reuters

Гэтая праграма дазваляе кантраляваць бяспеку тэрыторыі з дапамогай штучнага інтэлекту, перадае ТАСС са спасылкай на гендырэктара і сузаснавальніка кампаніі Аляксандра Карабкова.

Паведамляецца што гэта пілотны праект. «Гэта распазнаванне твараў, распазнаванне аўтамабільных нумароў і модуль кантролю актыўнасці персаналу. За кошт гэтых модуляў вырашаюцца канкрэтныя задачы, а менавіта кантроль уваходу-выхаду наведвальнікаў і кантроль людзей, уезду-выезду. Цяпер яны гэты пілотны праект запусцілі і плануюць яго яшчэ маштабаваць на некалькі аддзяленняў, у тым ліку і ў іншых гарадах», — падзяліўся падрабязнасцямі Карабкоў.

Па выніках пілотнага праекта мінская міліцыя плануе перанесці яго досвед на 24 аддзяленні — у Мінскім упраўленні, а таксама ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях. Пра гэта заявіў начальнік аддзела сродкаў і сістэм аховы Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, палкоўнік міліцыі Вадзім Вазнясенскі.

Пермская кампанія Macroscop спецыялізуецца на праграмным забеспячэнні, прызначаным для інтэлектуальных сістэм бяспекі, рознічнага гандлю, робататэхнікі ды іншых сфераў жыцця чалавека.

Як раней расказваў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Аляксандр Жылінскі, цяпер да Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі падключана менш за 100 камер. Падчас Еўрапейскіх гульняў улетку 2019 года ўсе аб'екты Гульняў былі падключаныя да гэтай сістэмы ў тэставым рэжыме бясплатна. Аднак потым камеры зноў перавялі ў лакальны рэжым працы.

Цяпер у Мінску да гэтай сістэмы падключаны толькі чыгуначны вакзал, аўтавакзал і метрапалітэн.


euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: