Беларуская моладзь прэзентавала свае ідэі на анлайн-канферэнцыі TEDxYouth@Minsk

19 верасня адбылася беларускамоўная анлайн-канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, падчас якой дзесяць старшакласнікаў і першакурснікаў з усёй краіны прэзентавалі свае ідэі ў прамым эфіры відэасэрвісу VOKA. Дзякуючы трансляцыі тысячы гледачоў па ўсім свеце змаглі не толькі ўбачыць выступленні спікераў, але і задаць ім свае пытанні.
Кожны з удзельнікаў выбраў адну з чатырох тэм для свайго праекта – «Тэхналогіі», «Культура», «Экалогія», «Інклюзія» – і выйшаў у знакаміты чырвоны круг TEDx каб падзяліцца сваім бачаннем таго, як змяніць жыццё вакол сябе да лепшага. Ідэі, прадстаўленыя падлеткамі, папраўдзе ўражваюць: курсы робататэхнікі, муралы з вершамі беларускіх паэтаў, экапосуд з трыснягу і чароту, універсальная бесправадная зарадка, мабільныя дадаткі для аднаўлення помнікаў архітэктуры і музейных вандровак, майстар-класы ад блогераў, ачыстка Балтыйскага мора і ўсталёўка канторак для навучэнцаў у школах.

«TEDxYouth@Minsk з’яўляецца часткай сусветнага і працягам «дарослага» руху TEDx у Беларусі. Місія гэтай канферэнцыі заключаецца ў тым, каб распаўсюджваць унікальныя ідэі. А тое, што мы ўбачылі і пачулі, сапраўды неверагодна. У нашай моладзі ёсць шмат карысных і цікавых задум, таму вельмі важна даваць ёй магчымасць быць пачутай. І нягледзячы на тое, што ўсе спікеры ўпершыню выступалі ў прамым эфіры на вялікую міжнародную аўдыторыю, яны паспяхова справіліся з гэтым», – лічыць ліцэнзіят і арганізатар TEDx у Беларусі Ганна Казлова, якая таксама была сярод гледачоў.

Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk прайшла ў нашай краіне ўжо ў другі раз. У гэтым годзе яна атрымала падтрымку праекта «Першыя», які праводзіцца кампаніяй А1. Менавіта яго фіналісты атрымалі магчымасць прэзентаваць свае задумы ў сусветна вядомым фармаце. А таксама кожны з удзельнікаў атрымаў у падарунак смартфон iPhone Xs.

Сярод фіналістаў праекта і ўдзельнікаў TEDxYouth@Minsk аказаліся Самуіл Алексін і Софія Федчанка з Мінска, Павел Ананіч з Магілёва, Лізавета Грынюк са Слуцка, Настасся Кундзір з Віцебска, Канстанцін Муліца з Іўя, Дзяніс Рабчук з Брэста, Ангеліна Себік і Вікторыя Сідарэнка з Гомеля, Кацярына Янголь з Крэва. Абавязковая ўмова для спікераў – выступаць па-беларуску.

«Гэта яшчэ адна важная адметнасць канферэнцыі TEDxYouth@Minsk – каб усе выступленні праходзілі менавіта на беларускай мове. Так было і ў мінулым годзе, і сёлета, бо адна з мэтаў праекта «Першыя» – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы. Тое, што спікеры звяртаюцца на сваёй роднай мове да міжнароднай аўдыторыі, яшчэ больш падкрэслівае аўтэнтычнасць і арыгінальнасць іх ідэй», – адзначыла спецыяліст групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Кацярына Севасцьянчук.

Для тых, хто не паспеў далучыцца да трансляцыі ў суботу 19 верасня, ў хуткім часе будзе даступны запіс анлайн-канферэнцыі на відэасэрвісе VOKA.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: