Беларуская мова ўсё ж з'явіцца ў грамадскім транспарце Оршы

Але руская таксама застанецца.
«Моўны інспектар» Ігар Случак атрымаў паведамленне з Аршанскага райвыканкама, у якім прыводзяцца вынікі апытання адносна мовы агучвання прыпынкаў у грамадскім транспарце Аршанскага раёна. Апытанне праводзілася на сайце выканкама, і 73% рэспандэнтаў выказаліся толькі за беларускую мову ў транспарце.

Але, паведамляюць у выканкаме, меркаванні грамадзян падзяліліся: паводле апытанняў у працоўных калектывах Аршанскага раёна, грамсадзяне аддаюць перавагу рускай мове.

Сыходзячы з гэтага, «філіялу «Аўтобусны парк №3 г. Оршы» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» рэкамендавана з улікам тэхнічных магчымасцяў прапрацаваць птанне агучвання прыпыначных пунктаў у грамадскім транспарце г. Оршы на рускай і беларускай мовах».



«Вядома, мы прыкладзем намаганні, каб вывесці на чыстую ваду тых, хто прыдумаў гэтую хлусню наконт працоўных калектываў. Рыхтуюцца адпаведныя звароты ў выканкам і пракуратуру», — пракаментаваў адказ Ігар Случак.

Нагадаем, у Оршы доўгі час адмаўляліся вяртаць беларускую мову ў грамадскі транспарт, аргументуючы гэта скаргамі насельніцтва і хуткім аб'яднаннем Беларусі з Расіяй.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!