Беларуская рэальнасць: нас б’юць а мы лётаем

Відавочна, рэжым перастараўся з рэпрэсіямі. Чым больш «пасадак», чым больш шалёных прысудаў, чым больш людзей «закрываюць» — тым меншы страх. Гэта парадаксальна, але гэта насамрэч так. Цяпер адбываецца прыкладна тое ж, што было напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў.
Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Калі ўзгадаць пратэсты 1996–1997 гадоў, прыгадваецца і праца рэпрэсіўнай машыны ў той час. Сесці тады на Акрэсціна нават на трое сутак — было «о-го-го» якое пакаранне. Аднак потым «суткі» пачалі даваць за тое, за што раней было хіба папярэджанне. І што ў выніку? У выніку прысуд адміністрацыйнага арышту стаўся звычайнай справай.

На тыдні аўтару ютуб-канала «Слуцк для жыцця» Уладзіміру Няронскаму прысудзілі тры гады калоніі. На той жа тэрмін пазбавілі волі 23-гадовага Антона Валавіка. Такія ж тэрміны атрымалі тры ўдзельнікі забастоўкі на Жлобінскім БМЗ: Ігар Повараў, Аляксандр Баброў, Яўген Говар. І на тры гады абмежавання волі — так званая «хімія», — быў асуджаны 26-гадовы спартсмен Алег Мазгоў.

Паводле праваабаронцаў, цягам студзеня было вынесена мінімум 46 прысудаў па крымінальных справах.

Відавочна, што ўлады такім чынам спрабавалі запалохаць усіх астатніх. Маўляў, не спыніцца супраціў — паедзеце «на зону». Аднак дамагліся яны якраз адваротнага. Крымінальнае пакаранне нівелявалася так, як нівелявалася адміністрацыйнае. Перспектыва крымінальнага пераследу ўжо мала каго хвалюе, да яго ставяцца як да мажлівай непрыемнасці — і не больш. І, напрыклад, кіраўніца «Прэс-клубу» Юлія Слуцкая ў лістах і паведамленнях практычна спакойна гаворыць пра тое, што яна з сяброўкамі рыхтуецца, каб паехаць у гомельскую жаночую калонію.

То-бок, народ зусім згубіў страх. Бо, нягледзячы на «паказальныя» крымінальныя прысуды, людзі па-ранейшаму аказваюць супраціў, працягваюць выходзіць на вуліцы.

Каля дзвюх тысяч чалавек «выйшлі пагуляць» у нядзелю ў цэнтр Мінска. Затрымалі каля 200. 31 студзеня маршамі прайшліся Трактарны раён, Захад, Курасоўшчына, Чырвоны Бор, Змена. Акцыі былі ў Наваградку, Ратамцы, Лагойску. Заслаўе выйшла ўвогуле ад ранку. І гэта толькі тое, пра што мы ведаем. А колькі яшчэ куткоў краіны праводзяць «партызанскія» акцыі?

Уся справа ў тым, што народ — не перамагчы.

А ўлады ўсё накручваюць і накручваюць сабе праблемы. Напрыклад, паўстала ініцыятыва ўзмацнення жорсткасці пакарання за замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа ці вайскоўца. Такія дзеянні прапануецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 15 да 25 гадоў або пажыццёвым пазбаўленнем волі.
Да чаго гэта прывядзе ва ўмовах, калі за падобны «замах» лічаць падрапаную жаночымі кіпцюркамі шчаку? Да таго, што людзі пачнуць усур’ёз супраціўляцца «праваахоўнікам». Адна справа — калі ты можаш (па сітуацыі) атрымаць за сарваную з твару АМАПаўца маску «суткі», а іншая — калі доўгія гады. І таму людзі пачнуць дзейнічаць з прынцыпу «калі ўжо пасадзяць — дык хаця б каб было за што».

Гэта не заклік да такіх дзеянняў, гэта папярэджанне праваахоўнікам і тым, хто прымае падобныя законы. Гвалт выклікае гвалт — і «спіраль эскалацыі гвалту» можа прывесці да непрадказальных наступстваў і сілавога супрацьстаяння. І ў гэтым супрацьстаянні ў «сілавікоў», што б ні казалі аналітыкі, шанцаў проста не будзе. Іх, у параўнанні з народам, вельмі мала. Думаю, многія з «органаў» ужо разумеюць, што нават 100 тысяч сілавікоў са зброяй не перамогуць мільён грамадзянаў Беларусі, калі нешта «выбухне». А такое магчыма ў любы момант. Тады не дапамогуць ні дубінкі, ні гумовыя кулі, ні нават «рэзервы» з Расіі, якія абяцаў Пуцін Лукашэнку ў жніўні 2020-га.

Не верыцца? А «званочак» ужо празвінеў. У Мінску «ў знак пратэсту супраць бяздзейнасці арміі» падпалілі танк, што павінен быў прыняць удзел у вучэннях пад Оршай. Запалілі яго проста на чыгуначнай платформе. Мінабароны, канешне, паведаміла, што танк пацярпеў не моцна, і «перадае прывітанне з палігона». Але факт ёсць факт. Партызанскі край — ён такі.

Яшчэ адно глупства, агучанае Генпракуратурай, — прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг і спалучэнне гэтых колераў да экстрэмізму. Канешне, генпракурор агучыў, што з такой ініцыятывай выступіла група «каля ста грамадзян». У адказ петыцыю супраць забароны БЧБ-сцяга падпісалі (на момант падрыхтоўкі матэрыялу) больш за 80 тысяч чалавек. Думаю, неўзабаве гэтая лічба перасягне 100 тысяч.

Гэта ў чарговы раз паказвае, хто тут народ — крыніца ўлады.

Можа быць, генпракурору і абыякавыя тыя сто тысяч подпісаў. Аднак, калі ён хаця б крыху юрыст, ён павінен думаць, як увасобіць у жыццё прынятае ім рашэнне. Па-першае, пад бел-чырвона-белым сцягам прымаў сваю першую прэзідэнцкую прысягу Лукашэнка. Выходзіць, яго трэба за экстрэмізм арыштоўваць? Па-другое, як казаў хрысціянскі дэмакрат Павел Севярынец, «бел-чырвона-белы сцяг — сцяг Хрыста». З гэтым можна паспрачацца, як і з тым, ці былі ў часы Хрыста сцягі ўвогуле. Але бел-чырвона-белая стужка — неад’емны элемент адзення праваслаўных патрыярхаў.

Калі на Вялікдзень амапаўцы ўварвуцца ў храм і пачнуць дубінкамі мутузіць мітрапаліта Веніяміна за «экстрэмісцкую сімволіку» на адзенні — той яшчэ будзе «эпік фэйл».

І яшчэ адна навіна, не вельмі прыемная для ўлады. Савет па правах чалавека ААН апублікаваў просьбу падаць матэрыялы пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі для дакладу спецыяльнага дакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Канешне, прапанова накіраваная «дзяржавам, установам ААН, спецыялізаваным агенцтвам і звязаным з імі арганізацыям, міжурадавым і няўрадавым арганізацыям і нацыянальным праваабарончым інстытутам», допісаў простага «чалавека з вуліцы» там не прадугледжана. Аднак можна ўявіць сабе, што найперш даведаецца пра нас свет. І якія высновы зробіць пры гэтым Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: