«Беларуская таксама дзяржаўная». Матолька і Случак стварылі петыцыю за дзве мовы на этыкетках

Пакуль няма нормы пра беларускую мову на ўпакоўках, беларусы прадэманстравалі гатоўнасць даплочваць за беларускамоўныя этыкеткі.

На сайце petitions.by з'явілася петыцыя за падачу інфармацыі аб таварах і паслугах на абедзвюх дзяржаўных мовах Беларусі: беларускай і расейскай. Петыцыю стварыў блогер Антон Матолька, ён кажа Свабодзе, што ідэя належыць каардынатару грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігару Случаку.

Петыцыя мае быць накіраваная ў Адміністрацыю Лукашэнкі і Палату прадстаўнікоў.

У петыцыі гаворыцца, што цяпер у Беларусі дзейнічае закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», паводле якога інфармацыя пра тавары і паслугі павінна даводзіцца да спажыўцоў па-беларуску або па-руску. Гэта значыць, абавязку даваць інфармацыю па-беларуску няма, і вытворцы ў асноўным ігнаруюць беларускую мову і правы беларускамоўных спажыўцоў.

Усе іншыя краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу ў сваім нацыянальным заканадаўстве маюць патрабаванне выкарыстоўваць пры інфармаванні пра тавары і паслугі дзяржаўную мову. У петыцыі прапануецца ўнесці адпаведныя змены ў беларускі закон: абавязаць вытворцаў даводзіць інфармацыю на абедзвюх дзяржаўных мовах.

«Беларуская мова на таварах — гэта не фанаберыя, а раўнапраўе, гарантаванае Канстытуцыяй»


Супраць беларускай мовы на этыкетках раней выказваўся намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс. Ён прыводзіў у прыклад звесткі з ААТ «Савушкин продукт» (бел. «Савушкаў прадукт»), паводле якіх пераклад этыкетак на беларускую падвысіць сабекошт прадукцыі.

Тым часам на сайце Talaka.by беларусы паспяхова сабралі 2071 рубель (каля 1000 еўра) на стварэнне ўпакоўкі на дзвюх дзяржаўных мовах. Мэтавай сумы дасягнулі за два дні, а да завяршэння збору грошай засталося яшчэ 58 дзён.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2017-01-20 17:28:01
Падпісацца дагэтуль магчыма на яшчэ адным сайце (Разам даможамся інфармацыі аб таварах і паслугах па-беларуску // Зварот.by, 9 студзеня 2017 г.; http://zvarot.by/be/razam-damozhamsya-infarmacyi-ab-tavarax-i-paslugax-pa-belarusku/ ).

Больш цікавага на «Новым Часе»: