Беларускамоўную школу з экспазіцыяй у гонар Ларысы Геніюш могуць закрыць. Дапаможам адстаяць?

У Ваўкавыскім раёне ў 2020 годзе было вырашана закрыць 5 устаноў адукацыі. Дзве беларускамоўныя вясковыя школы ў Воўпе і Рэплі прапанавана зліць з рускамоўнымі. Прычына — фінансы, паведамляе праект mocny.by.
Справа ў тым, што «гадаваць» дзіця ў горадзе ў тры разы танней, чым у вёсцы.

Школа ў мястэчку Воўпа існуе з пачатку ХІХ стагоддзя. Зараз у ёй навучаюцца 56 дзяцей з Воўпы, вёсак Дубаўцы, Длугапаль, Кавалі, Тупічаны, Гледнявічы.

У Воўпе высокакваліфікаваны склад педагогаў: з 21 педагога ў 11 — вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, у 8 — першая.

Па выніках 2019/2020 года школа заняла ІІ месца ў раённым рэйтынгу сярод сельскіх школ. Па выніках ЦТ-2020 Ваўкавыскі раён меў толькі два 100-бальныя вынікі. Абодва з Воўпы.

У 2008 годзе быў праведзены капітальны рамонт на 1,5 млрд. руб. Школа прыгожанькая, як цукерачка! Бягучы рамонт школы ажыццяўляецца з пазабюджэтных сродкаў. Як зарабляюць? Настаўнікі садзяць лес і капаюць бульбу. Так, даражэнькія, у такіх аб'ёмах, што хапае на рамонт!

Прышкольны ўчастак неаднаразова адзначаўся прызавымі месцамі ў раённых аглядах-конкурсах.

У школе шыкоўны музей з адзінай у раёне (а можа, і ў краіне) экспазіцыяй у гонар Ларысы Геніюш.

Воўпа — гістарычна яўрэйскае мястэчка. У гады вайны немцы сагналі яго жыхароў у Ваўкавыскае гета. Тых, хто не мог ісці самастойна, расстралялі на месцы. Вучні школы шмат гадоў даглядаюць за абеліскам на месцы бойні. Школа ўзнагароджана дыпломам прадстаўніцтва ААН у Беларусі за актыўны ўдзел у даследчай дзейнасці па тэме «Халакост. Гісторыя і сучаснасць».

Школа з’яўляецца значным сацыякультурным цэнтрам: клуб вясёлых і знаходлівых, «Што? Дзе? Калі?», сустрэчы выпускнікоў, дапамога ветэранам, 15-гадовая традыцыя паходаў па гістарычных мясцінах... У гэтым годзе ў Воўпе ліквідуюць аддзяленне «Беларусбанка». Закрыццё школы — гэта хуткае паміранне значнай часткі Ваўкавыскага раёна.

Воўпа распачала барацьбу і падала голас. Зробім разам хор? Для гэтага запоўніце форму па спасылцы. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: