Беларускі айцішнік, які паведаміў пра катаванні ў расійскай турме: «Адчуваў сябе прыстасаванцам»

Праграміст заявіў, што ўдзелу ў катаваннях не браў, але бачыў усё, што тварыла адміністрацыя турмы.

Інтэрнэт-рэсурс пра сучасныя рэпрэсіі ў Расіі Gulagu.net апублікаваў аўдыёінтэрв'ю з беларускім IT-спецыялістам Сяргеем, які перадаў інфармацыю пра масавыя катаванні ў расійскіх турмах у шырокі доступ.

Паводле інфармацыі кіраўніка праекту, які апублікаваў відэазапісы з катаваннямі, Уладзіміра Асечкіна, Сяргей знаходзіўся ў Саратаўскай турме і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў камп'ютарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расійскай пенітэнцыярнай сістэмы.

На YouTube-канале праекту беларускі праграміст расказаў, якую меў матывацыю зрабіць гэта, пры гэтым адзначыўшы, што не чакаў падобнага рэзанансу.

Паводле яго слоў, многае з архіву карыстальнікі ўжо бачылі.

Сяргей кажа, што знаходзячыся ў турме, не адчуваў трывогу і небяспеку, а адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам.

«Я прыстасаваўся да сістэмы, здолеў свае навыкі падладзіць, стаць даволі высокай велічынёй там, але ніколі, ніколі я не гвалтаваў, не здзекаваўся, не спрабаваў неяк зняважыць іншых людзей. Я ўсё гэта бачыў», — прызнаўся мужчына.

Праваабарончы праект Gulagu.net раней паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаванняў і згвалтаванняў зняволеных у расійскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.

5 кастрычніка, пасля публікацыі трох запісаў здзекаў з вязняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, Генеральная пракуратура Расіі пачала праверку, распачата крымінальная справа. Аўтары праваабарончага праекту паведамляюць, што плануюць паступова публікаваць атрыманую імі інфармацыю.

Паводле «Свабоды».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: