«Беларускі Чырвоны Крыж» дапамагае сілавікам?

Як высветлілі «Белыя халаты», людзям, якія атрымліваюць прэміі за збіццё мірных грамадзян, таксама належыць гуманітарная дапамога за кошт «добраахвотных» узносаў работнікаў бальніц, заводаў, школ у «Чырвоны Крыж».

«Белыя халаты» пішуць, што ім удалося атрымаць інфармацыю аб супрацоўніцтве БТЧК і сілавых падраздзяленняў. Паводле наяўных звестак, апошнія некалькі гадоў «Чырвоны Крыж» удзельнічае ў матэрыяльным забеспячэнні сілавікоў: менавіта яны з'яўляюцца атрымальнікамі часткі гуманітарнай дапамогі ад донараў і тых, хто робіць ахвяраванні ў БТЧК. 

Пакуль медработнікі самі куплялі сродкі індывідуальнай аховы і спраўляліся з дапамогай валанцёраў ByCovid19 і іншых неабыякавых людзей, у БТЧК нават не хавалі факт «дапамогі» сілавікам.

Вось што пісала арганізацыя ў чэрвені 2020 года аб працы ў Гродзенскай вобласці на сваім афіцыйным сайце: «Аказана дапамога персаналу ІЧУ ГПК і МУС РБ. Супрацоўнікі 5 ІЧУ вобласці атрымалі 12 000 пар пальчатак, 6000 масак, 600 л дэзсродкаў». Сілавікам выдзелена ў 2 разы больш пальчатак, чым, да прыкладу, медыкам. Пра дапамогу пісалі і дзяржСМІ.

Пасля падзей жніўня інфармацыя пра такую працу магла знізіць суму добраахвотных ахвяраванняў, таму падтрымка сілавікоў працягнулася ў непублічным фармаце.

У жніўні 2020 года ЧК арганізавалі «збор дапамогі затрыманым»: прадметы першай неабходнасці, сродкі гігіены, прадукты харчавання і інш. Паводле БТЧК, уся дапамога ідзе затрыманым, хоць па ўнутраным распарадку ІЧУ для бяспекі ёсць абмежаванні па змесціве перадач. «Белыя халаты» пішуць, што, паводле іх інфармацыі, толькі частка дапамогі сапраўды перадавалася затрыманым, астатняе размяркоўвалася паміж супрацоўнікамі ІЧУ і сілавікамі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: