Беларускі хлопец — Чэмпіён Антарыё!

Сёлетні Кубак Антарыё, а з ім і тытул Чампіёна Антарыё ў шасейных роварных гонках выйграў канадыйскі спартовец беларускага паходжання Антось Варабей.

Калісьці, ці не 13 год таму, вучань аднае са школаў Таронта Антось Варабей (сын Ірыны Варабей), улюбёны ў роварны спорт і даравіты ў выяўленчым мастацтве (напісаная ім у шаснаццацігадовым узросце ікона Святога Кірылы Тураўскага ўпрыгожвае алтар беларускай царквы ў Таронта), захварэў на рак.

Некалькі месяцаў Антось праходзіў праз хіміятэрапію. Вынікі лячэння ён не мог кантраляваць, таму вырашыў: буду рабіць тое, што люблю найбольш, нават калі гэта будзе апошнім у жыцці. Глынаў хімію і ўпарта круціў педалі, не слухаючы ўсялякіх ''што ты робіш?!'', ''не калеч сябе!''

Доктар, што лячыў Антося, узгадаў хлопцу гісторыю аднаго вядомага ўсяму свету раварыста, які перамог такі ж самы рак, на які захварэў і Антось — лімфому — знайшоў сябе ў спорце, дасягнуўшы самых высокіх вынікаў. Антось паверыў у лепшае...

Тады, у 2005-м, упартасць і воля Антося, яго малады арганізм і канадыйская медыцына перамаглі.



За адвагу і стаўленне да хваробы, Антось атрымаў прэмію Nigel Williams Award «For Personal Strength And Courage» ("За персанальную сілу і мужнасць") ад Упраўлення школамі Таронта, якая ўручаецца адзiн раз на год толькi аднаму вучню з усяго Таронта (насельнiцтва 3 млн.).

А пасля перамогі над хваробаю Антось заняўся роварам сур'ёзна.



Ва ўніверсітэце, дзе Антось вывучаў ландшафтную архітэктуру, ён разам з сябрамі стварыў клуб горнага ровара, і ўжо праз год яны выйгравалі працяглую серыю гонак Кубка ўніверсітэтаў Антарыё тры гады запар. А сам Антось выйграваў Кубак Антарыё сярод студэнтаў у персанальным заліку.

Той поспех паўплываў на рашэнне Антося пасля заканчэння ўніверсітэту працягнуць усё ж спартовую кар’еру. Ён вырашыў заняцца прафесійнымі шасэйнымі гонкамі.



Упартая праца над сабою, самаадданасць падчас трэніровак не прымусілі доўга чакаць. Антось узыходзіў на подыюм у 24-гадзінных гонках у сольным разрадзе па горным ровары. Выйграваў шмат гонак у сваёй правінцыі, у Канадзе і ў Паўночнай Амерыцы. Прадстаўляў Канаду супраць лепшых гоншчыкаў свету ў гонках «Spring Challenge». Антось аб’ездзіў на ровары Канаду, большасць штатаў ЗША, Коста-Рыку, выспу Табага, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітай, Аўстрыю, Славаччыну, Польшчу.

Сёлета Антось разам са сваімі сябрамі-спартоўцамі, таронтаўцамі, стварыў канцэптуальна новую каманду "Toronto Hustle". Ён з'яўляецца найстарэйшым у ёй, яе капітанам, трэнерам (''гуляючым трэнерам'') і юрыдычным саўладальнікам.



У першы ж год каманда пабрала ўсе прызы ў Антарыё. A 20 жніўня Антось выйграў заключны этап Кубка Антарыё і тымчасам усю серыю гонак Кубка-2017.

У камандным заліку Кубак Антарыё таксама выйграла яго каманда "Toronto Hustle". Акрамя названага Кубка Антось паспеў выйграць некалькі гонак па-за межамі правінцыі (ў Канадзе і ЗША). Цікава, што самы малодшы сябра "Toronto Hustle" стаў чэмпіёнам Канады сярод юніёраў!

Дзеля больш дакладнага ўсведамлення узроўню спартовых дасягненняў Антося Вараб’я трэба заўважыць, што насельнiцтва Канады, дзе роварны спорт вельмі папулярны, — 36,3 млн., правінцыі Антарые — 14,1 млн.



2 верасня, у дзень свайго 32-годдзя Антось зрабіў сабе падарунак і паставіў акордную кропку ў сёлетнім гоначным сезоне — выйграў "саколку лідара" і зноў узышоў на подыюм, заняўшы 2-е месца ў прэстыжных шматдзённых гонках "Green Mountain Stage Race", штат Вэрмонт, ЗША.

Цяпер наш спартовец разам з сябрамі працуе над канцэпцыяй пашырэння сваёй каманды да статусу клуба.

Ведаючы пра Антона крыху больш, чым пададзена у гэтым артыкуле, маю сказаць, што гэта мужны, валявы мужчына. Яго медалi, прызы здабыты не толькi потам, але і крывёю у прамым сэнсе гэтага слова.
Да ўсяго сказанага вышэй трэба дадаць адну прынцыповую рэч: Антось з’яўляецца перакананым прыхільнікам руху ''Спорт без допінгу''.


Кожны раз, калі выпадае, Антось пазiцыянуе сябе як канадыец беларускага паходжання. За што сябры, прыхільнікі клiчуць яго The Most Belarusan. Няхай шаноўны чытач паспрабуе сам перакласцi гэтае словазлучэнне.

Дарэчы, Антон ... яшчэ непабраны :)

Няхай колы ровара нясуць цябе, Антось, да чарговых перамогаў абмінаючы ''завалы'' на шашы. Здароўя і энергіі табе на наступны мільён міляў!

Фота з архіву аўтара



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: