Беларускі не спяшаюцца пацешыць уладу

А пакуль прэм’ер-міністр Сяргей Румас анансаваў працяг гэтага дэмаграфічнага заахвочвання на новы цыкл — з 2020 па 2024 год.


Нават афіцыёзныя сацыёлагі давялі Аляксандру Лукашэнку, што пастаўленая ім дэмаграфічная задача беларусаў мала хвалюе. Нагадаем, гэта — узбуйненне насельніцтва да 15 мільёнаў. Пакуль дынамікі на прырост наагул няма, а беларускі становяцца маці ўсё пазней і пазней. Таму дзяржава прыдумала на самы бліжэйшы час новыя захады дзеля стымулявання нараджальнасці.

Cа словаў Лукашэнкі, 15 мільёнаў грамадзян — гэта “эканамічная бяспека краіны”. Ну а задачу, каб заахвоціць нараджаць, забяспечваючы людзей працай і падвышаючы дабрабыт, ён акрэсліў у звыклай мабілізацыйнай манеры: “За вырашэнне гэтых сацыяльных пытанняў попыт з любога чыноўніка будзе самы жорсткі!”. Аднак сам ён кіруе эканомікай так, што агульны ўзровень жыцця з годнымі даходамі не надта расце.

І ўладам застаюцца з заахвочвальных сродкаў толькі льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, павелічэнне памеру дапамогі па доглядзе за дзецьмі і пашырэнне магчымасцяў па выкарыстанні сямейнага капіталу. Нярэдка ж беларусы нараджаюць дзеля тых самых кватэр. То бок, вырашаюць канкрэтную праблему, але ўзровень іхняга жыцця не змяняецца. Ці гэта грунт для эканамічнай ды сацыяльнай бяспекі — пытанне дыскусійнае. Між тым, паводле нават афіцыйнай сацыялогіі (ад Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта) дэмаграфічная сітуацыя хвалюе толькі 3,5% беларусаў. А вось рост коштаў — 72,5%, зніжэнне даходаў — 43%, беспрацоўе — 37%.

Паводле Белстату, цяпер першае дзіця беларуска нараджае ў сярэднім ва ўзросце 26,5 года. Пры гэтым гараджанкі — у 26,9, а сельскія жыхаркі — у 24,8. Параўнайце: у 1990 годзе нашы жанчыны станавіліся маці ў 22,9 года. Улады хочуць, каб беларускі нараджалі і раней, і больш. Для справядлівасці скажам, што медыкі таксама занепакоеныя тым, што беларускі наважваюцца нараджаць усё пазней за аптымальны ўзрост 18–25 гадоў. Бо з цягам часу зніжаюцца шанцы зацяжарыць і павялічваюцца рызыкі для здароўя нашчадкаў. Зрэшты, тое самае тычыцца і мужчын.

Заахвочваць да больш ранняга мацярынства збіраюцца ўвядзеннем дадатковаай дэкрэтнай дапамогі мамам да 26 гадоў. Будзе працягнуты і праект “Сямейны капітал”.

У памеры 10 тысяч долараў ён кладзецца на дэпазітны рахунак у “Беларусбанку”. Са стаўкай 2% гадавых. Прэтэндаваць на яго могуць пакуль што толькі сем’і, у якіх пачынаючы ад 1 студзеня 2015 года ўжо народзілася ці да 31 снежня 2019 года яшчэ народзіцца трэцяе дзіця пры двух старэйшых, якім няма 18 гадоў. Тое самае тычыцца і ўсынаўлення. Скарыстацца гэтай сумай можна толькі тады, калі гэтае трэцяе дзіця дасягне 18-годдзя. Займець сямейны капітал можна толькі аднойчы. І скарыстаць толькі на пэўныя мэты — на паляпшэнне жыллёвых умоваў, атрыманне адукацыі, медычных і сацыяльных паслагаў, а таксама на фармаванне пенсіі для маці ў поўнай сям’і ці кагосьці з бацькоў у няпоўнай. Калі цягам трох гадоў ні на што іх не выдаткаваў — вяртай дзяржаве. Сямейны капітал можна патраціць і датэрмінова — на платныя паслугі ва ўстановах аховы здароўя паводле адмысловага спісу выпадкаў.

Сямейных капіталаў ужо выдзелена больш як на паўмільярда долараў. Іх атрымальнікам застаецца спадзявацца, што праз колькі гадоў Беларусь будзе дастаткова заможнай, каб дзяржава выканала свае абяцанні. А пакуль прэм’ер-міністр Сяргей Румас анансаваў працяг гэтага дэмаграфічнага заахвочвання на новы цыкл — з 2020 па 2024 год. Прычым будуць дазволеныя датэрміновыя траты сямейнага капіталу на вырашэнне жыллёвых пытанняў або на аплату вучобы кагосьці са шматдзетнай сям’і. У такім разе выконваць абяцанні па сямейных капіталах давядзецца ўжо ў хуткім часе.

Праверыць эфекты ад такіх гарантыяў дзяржава зможа падчас кастрычніцкага перапісу насельніцтва: у беларусак рэпрадуктыўнага ўзросту будуць пытацца пра планы нараджаць. І паводле атрыманых дадзеных Аляксандр Лукашэнка зможа прыкінуць рэальнасць сваіх дэмаграфічных пажаданняў. Не забыўшы адмінусаваць тых, хто наважаны з’ехаць з краіны — падчас перапісу будзе задавацца і такое пытанне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!