«Беларускі рэжым выкарыстоўвае Covid-19 як інструмент тэрору грамадзян Беларусі»

Першапачатковае адмаўленне сур’ёзнасці праблемы распаўсюджвання каронавірусу ў Беларусі пасля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года змянілася выкарыстаннем інфекцыі ўладамі ў якасці зброі супраць пратэстоўцаў.


Пра гэта піша аналітычны партал Belarus Security Blog.

Аўтары матэрыялу адзначаюць, што, па-першае, у рэгіёнах Беларусі выяўленыя выпадкі ізаляцыі палітычных актывістаў на падставе таго, што яны нібыта з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Пры гэтым на патрабаванне паведаміць, хто менавіта з кола стасункаў актывістаў заражаны, улады адказваць адмаўляліся, спасылаючыся на медычную таямніцу. Ад актывістаў, якія на думку мясцовых чыноўнікаў маглі б выступіць арганізатарамі або кіраўнікамі пратэстаў, патрабавалі, каб яны знаходзіліся на самаізаляцыі, пазбягалі з’яўлення ў публічных месцах і ў месцах масавага збору народа (Г.зн. не ўдзельнічаць у пратэстных акцыях). У выпадку парушэння гэтых абмежаванняў вінаватым пагражаў штраф у памеры 1350 рублёў пры тым, што сярэдні медыянны заробак пасля выплаты падаткаў складаў на травень месяц 770 рублёў.

Захаванне патрабаванняў самаізаляцыі жорстка кантралявалася міліцыяй. Фактычна, на падставе каранцінных мерапрыемстваў усталёўваўся паліцэйскі нагляд і дэ-факта хатні арышт над палітычна недобранадзейнымі грамадзянамі.

Па-другое, фактар распаўсюджвання каронавіруса выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх мэтах. Пры гэтым ставілася дзве задачы:

— выкарыстоўваць гіпатэтычную магчымасць заражэння ў месцах масавага збору людзей (у першую чаргу — пратэстныя мерапрыемствы) як сродак запалохвання ўдзельнікаў пратэстаў;

— тлумачыць тым, хто вагаецца, альбо нейтральна настроеным шэрагам насельніцтва ўзнікненне другой хвалі эпідэміі менавіта акцыямі пратэсту, наладжваючы тым самым іх супраць удзельнікаў пратэстаў (удзел у пратэсце роўна заражэнню, роўна распаўсюджванню захворвання па-за колам удзельнікаў пратэсту, роўна лячэнню за дзяржаўных кошт). То-бок, у тым ліку за кошт тых людзей, якія ў пратэстах не ўдзельнічалі, альбо наогул супраць іх.

Пры гэтым спрэс ігнаруецца той факт, што адным з асноўных каналаў распаўсюджвання каронавіруса ўвосень 2020 года была сістэма адукацыі (дашкольнай, школьнай і вышэйшай). Асабліва з улікам таго, што дзеці з’яўляюцца ў большасці сваёй бессімптомнымі носьбітамі віруса. Улады катэгарычна адмаўляюцца выкарыстоўваць дыстанцыйныя фарматы навучання. Да цяперашняга часу не створана электронная платформа для дыстанцыйнага навучання, не вызначаны парадак аплаты працы выкладчыкаў, якія вядуць заняткі аддалена.

Па-трэцяе, ёсць падставы меркаваць, што рэжым мэтанакіравана стварае ўмовы ў месцах утрымання арыштаваных падчас пратэстаў грамадзян для максімальна шырокага распаўсюджвання каронавіруса сярод палітычна недобранадзейных беларусаў. Аб мэтанакіраванасці дзеянняў уладаў сведчаць у прыватнасці тое, што:

— масава ўжываецца арышт, як правіла, на максімальныя тэрміны, нягледзячы на магчымасць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя віды адміністрацыйнага пакарання;

— арыштаваным адмаўляюць у доступе да медыцынскай дапамогі належнай якасці і прафесійнага ўзроўню, а часам проста ігнаруюць іх патрабаванні аб аказанні медыцынскай дапамогі;

— арыштаваным часта не перадаюць сродкі асабістай гігіены, няма доступу да гарачай вады;

— сродкі індывідуальнай абароны выдаюцца толькі сімвалічна (1 маска на тэрмін арышту ў 15 сутак), уведзеныя абмежаванні на магчымасць атрымання арыштаванымі перадач (перадачы прымаюцца раз у тыдзень, дні прыёму перадач могуць змяняцца без папярэдняга паведамлення; вялікая колькасць арыштаваных перамяшчаюцца для адбыцця пакарання ў іншыя рэгіёны, што абцяжарвае або робіць наогул немагчымым для іх блізкіх перадачу неабходнага, у тым ліку і сродкаў індывідуальнай абароны);

— ўтрыманне арыштаваных па палітычных матывах у цесных умовах, нават пры наяўнасці свабодных камер;

— сталае перамяшчэнне і змешванне арыштаваных з розных камер і з розных гарадоў, нават калі ўмовы дазвалялі ўтрымліваць у адной камеры адну групу людзей (затрыманыя ў адзін дзень, атрымалі аднолькавыя тэрміны адміністрацыйнага арышту).

Вынікам ўмоў утрымання ў месцах арышту з’яўляецца высокі ўзровень заражэння каронавірусам сярод затрыманых. Прычым, заражэнне адбылося менавіта ў месцах арышту. З апытаных намі людзей, якія падвергліся арышту, былі заражаныя каронавірусом ў месцах адбыцця пакарання ўсе 100%.

Відавочна, што выбарка не рэпрэзентатыўная, і ў цэлым узровень заражэнняў ніжэй. Але можна ўпэўнена сцвярджаць, што ў месцах утрымання арыштаваных па палітычных матывах наўмысна створаныя ўмовы для максімальнага распаўсюджвання кавіду.

Такім чынам, ёсць падставы канстатаваць, што беларускі рэжым выкарыстоўвае Covid-19 як інструмент тэрарызавання грамадзян Беларусі на падставе іх палітычнай пазіцыі.

Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: