Беларускія анархісты правялі акцыю ў падтрымку пратэстоўцаў у Венесуэле

Сёння, 2 жніўня, мінскія анархісты правялі акцыю салідарнасці з венесуэльцамі, якія змагаюцца супраць улады Нікаласа Мадура.

Пра гэта  паведамляе старонка анархісцкай групы "Прамень".

Зранку актывісты прыйшлі на прыпынак грамадскага транспарту ля скверу Сімона Балівара і заклеілі яго плакатамі з выявамі вулічных баёў і тэкстамі, якія апісваюць ход паўстання і заклікаюць беларусаў браць прыклад з венесуэльцаў.


У прэс-рэлізе групы актывісты тлумачаць прычыны сваей салідарнасці: "Мы, як анархісты, заўжды падтрымліваем тых, хто паўстае супраць несправядлівасці, палітычнага і эканамічнага прыгнёту, і захапляемся маральнай сілай тых, хто адмаўляецца ад пакоры". Таксама удзельнікі акцыі дадаюць, што іх сімпатыі не знаходзяцца на баку апазіцыйных партый: "І сёння ў Венесуэле ўсё больш людзей, асабліва моладзі, падымаецца на пратэст не толькі супраць левага папуліста Мадура, але і супраць правай апазіцыі, чыё палітыканства і імкненне да ўлады відавочна не менш, чым у іх супернікаў. [...] Змена адной кіроўнай партыі на іншую ніколі не прыносіла працоўным істотных паляпшэнняў". 


Напрыканцы анархісты заклікалі беларусаў браць прыклад з народу Венесуэлы, "з іх самаадданасці і гераізма ў супрацьстаянні дзяржаўнай хлусні і гвалту".


Аб затрыманых падчас акцыі не паведамляецца.


Нагадаем, 30 ліпеня ў Венесуэле адбыліся выбары ў Канстытуцыйную асамблею, якая, па словах прэзідэнта Мадура, мусіць прывесці да згоды ў грамадстве і пакласці канец хваляванням. Апазіцыя вынікаў выбараў не
прызнае. У ноч з суботы на нядзелю падчас бунтаў, выкліканых аб'яўленнем вынікаў выбараў, было забіта не менш за 16 чалавек.

Фота са старонкі "Прамень" у фейсбуку

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: