Беларускія клубы шукаюць, дзе ім гуляць еўракубкі

«Ляці, голуб, — казаў галантарэйшчык Банасье ў старой камедыі пра мушкецёраў. — Ляці, а мы табе крылцы падрэжам».
БАТЭ: ад Барысава да Батумі — палёт нармальны. Але што далей? Фота прэс-службы ФК БАТЭ

БАТЭ: ад Барысава да Батумі — палёт нармальны. Але што далей? Фота прэс-службы ФК БАТЭ

Нешта такое, сутнасна падобнае, адбываецца цяпер вакол беларускіх футбольных клубаў і іх хуткага выхаду на міжнародную арэну. Вось-вось ужо ім гуляць у еўракубках з рознымі цудоўнымі камандамі і з розных цудоўных краін, але як і дзе ім сустрэцца — гэта суцэльны галаўны боль. З лагістыкай бядота — супернікі проста не хочуць ляцець у нашу татальную стабільнасць. Дый не могуць, і мадэратары з УЕФА гэта разумеюць.

Прычыну вы ведаеце: паветраная прастора над Беларуссю закрытая, ні адзін самалёт з Захаду не праскочыць. Выйсце адно — шукаць альтэрнатыўныя прычалы за межамі Беларусі. І яны шукаюць, і варыянты ў прэсу ўжо памалу прасочваюцца. Прычым варыянты адчайныя і месцамі даволі экзатычныя.

Тыдзень таму ў «Беларусі спартыўнай» мы анансавалі менавіта такое развіццё падзей, і вось працэсы пайшлі. І ўсё гэта — наступствы той самай экстранай пасадкі «Боінга» Ryanair з ворагам-блогерам на борце.

Хто, калі і з кім

Сёлета беларускі футбол дэлегуе ў еўракубкі чатыры клубы. Салігорскі «Шахцёр» мусіць згуляць у Лізе чэмпіёнаў, БАТЭ, жодзінскае «Тарпеда» і брэсцкае «Дынама» рыхтуюцца паспрабаваць на зуб прынцыпова новы турнір — Лігу канферэнцый.

Лёсаванне ў ЛЧ — найгалоўнейшым клубным спаборніцтве Еўропы — адбылося на мінулым тыдні, 15 чэрвеня. Апанентам «Шахцёра» ў першым кваліфікацыйным раундзе стаў балгарскі «Лудагорац». Спачатку салігорцы накіруюцца ў госці — у Разград, дзе будуць даваць бой 6 ці 7 ліпеня. Затым, згодна з рэгламентам, павінен адбыцца візіт у адказ — роўна праз тыдзень, 13 альбо 14 ліпеня. Дзе пройдзе гэты матч, дагэтуль дакладна невядома.

У Лізе канферэнцый «запалкі цягнулі» 16 чэрвеня. Усе тры беларускія каманды распачнуць барацьбу з другога кваліфікацыйнага раунда, але лёгка не будзе нікому. Так, жодзінскаму «Тарпеда» наканавана зведаць моц дацкага «Капенгагена», а брэсцкаму «Дынама» давядзецца патрапіць пад чэшскую «Вікторыю» з Пльзеня.
Абодва супернікі — па еўракубкавых мерках, узроўню «вышэй за сярэдні» (як, дарэчы, і згаданы вышэй «Лудагорац»), аднак наконт спартыўнага складніку цяпер мала хто разважае. Ёсць справы больш сур’ёзныя.

Матчы запланаваныя на 22 і 29 ліпеня. Стартуюць жодзінцы і брэстаўчане сінхронна на выездзе, а потым ім патрэбна сустракаць візаві з рушнікамі дома. Але дзе будзе той «дом» і якія будуць тыя рушнікі — зноў жа пакуль вялікі сакрэт для заўзятараў.

Крыху прасцей сітуацыя ў БАТЭ. Нібыта аддаўшы належнае магутнаму еўракубкаваму вопыту барысаўчан, жэрабя яму патрафіла — падсунула ў супернікі па таму ж другому раунду грузінскае «Дынама» з сонечнага Батумі. Даты гульняў тыя ж — 22 і 29 ліпеня — і вось тут з лагістыкай, здаецца, праблем не прадбачыцца.
Грузія — шчодрая краіна і надзвычай гасцінная. І хаця пазіцыянуе сябе прыхільніцай еўрапейскіх каштоўнасцяў, ад паветраных зносін з Беларуссю не адмовілася (прынамсі так было на момант напісання гэтых радкоў). Гэта значыць, што барысаўскія лагісты зробяць усё як звычайна: арандуюць чартар фірмы «Белавія» ў Грузію, а затым спакойна прымуць у госці прыязных генацвале, якія таксама прыляцяць прамым рэйсам.

(Дзеля дакладнасці, канешне, варта нагадаць, што на шляху да БАТЭ батумскім дынамаўцам належыць яшчэ пераадолець першы раунд. Але ж супернік там чыста сімвалічны — хлопцы з карлікавага сан-марынскага «Трэ Пенэ» — праблем з імі ў грузін не павінна ўзнікнуць).

У БАТЭ ж праблемы паўстануць непазбежна ў будучыні — калі яны з божай дапамогай перамогуць Батумі па суме двух гульняў. Там лёс з велізарнай верагоднасцю падкіне суперніка ўжо з «варожага» Захаду. І гамон — на «Белавія» надзея знікне.

Тула не прымае

Дарожныя цяжкасці беларускіх клубаў, уласна, маюць два складнікі. Першы і больш лёгкі — як дабрацца на выязныя матчы? Другі і больш цяжкі — дзе знайсці прытулак, каб правесці там хатнія паядынкі?

Як дабрацца самім — тое падкажа любы турыст. Хочаш у Еўропу? То разглядай у якасці перавалачнага хабу альбо Маскву, альбо Стамбул — балазе, і туды, і туды «Белавія» лётае. А там ужо наймай кагосьці з мясцовых перавозчыкаў, і будзе табе шчасце. Хоць якое, але тваё.

Паводле логікі, можна разлічваць і на аэрапорты еўрасаюзаўскіх Вільнюса ці Варшавы. Пры ўмове, што да трапа прыйдзецца ехаць на аўтобусе. Здаецца, аніякіх санкцыйных перашкодаў для такога маршрута няма. Так што вузельчыкі неяк завяжуцца.

Аднак што рабіць з хатнімі гульнямі? Тут усё складаней, хаця рашэнне таксама ёсць. Зрэшты, знаходзяць яго беларускія еўракубкавыя эмісары не з першага разу, дый увогуле пакуль не знайшлі.

Напрыклад, спартыўныя журналісты-інсайдэры на мінулым тыдні семафорылі, што жодзінскае «Тарпеда» мела цвёрды намер зафрахтаваць для матча з «Капенгагенам» стадыён у Туле — мабыць, «Арсенал», дзе ў першынстве Расіі прымае супернікаў мясцовы аднайменны клуб. Ну, можа, і нішто сабе варыянт, але абмяркоўваць яго ўжо бессэнсоўна. Пазней прыйшла інфармацыя, што ў Тулу са сваімі самаварамі жодзінцы не паедуць — там ім у прыёме адмовілі.

«Шахцёр», кажуць, хоча арандаваць для хатніх патрэб адзін са стадыёнаў Бялграда. Тэхнічна гэта нескладана — у сталіцы Сербіі футбольных арэн з міжнародным сертыфікатам ажно пяць. Іншая справа, што зноў умешваецца лагістыка. Ляцець салігорцам на Балканы, якія таксама зачынілі сваё неба ад беларускіх авіякампаній, — прыкладна тое ж самае, што ляцець у Балгарыю да «Лудагорца». Кіруйся спачатку ў Стамбул альбо Маскву. Ну, ці майструй з Мінска напрамкі чартэр якога-небудь «Аэрафлота» — за дадатковую, канешне, плату.

Што думае наконт дамашняй гульні брэсцкае «Дынама», яно не афішуе, а інсайдаў няма. Напэўна, нешта думае — вывучае геаграфію за межамі ЕС ды Украіны, паглядвае на расійскі гарады альбо на рэльефы Закаўказзя…

Грошы і сілы

Зрэшты, паўстаўшыя праблемы можна вырашыць — бо, як той казаў, няма такіх цяжкасцяў, якія мы б не маглі сабе стварыць, каб потым іх гераічна пераадолець. Аднак любое рашэнне тут патрабуе залішніх выдаткаў, і ў нашым выпадку гэта не толькі грошы.

Хаця, вядома, грошы ў першую чаргу. Бо дадатковыя пералёты, камандзіроўкі, гатэлі і арэнда чужых стадыёнаў балюча ўдараць па кішэнях прынамсі дзвюх каманд — небагатых «Дынама» і «Тарпеда». Зрэшты, не толькі БелАЗ, але і салігорскі «Беларуськалій» мяркуецца ўключыць у чарговы санкцыйны пакет, таму і наконт дабрабыту гарнякоў нельга быць упэўненым цалкам. Ну, але ж нічога: у самым адчайным выпадку можна ўзгадаць 90-я і адправіцца ў далёкае падарожжа непасрэдна па грэшнай зямлі — на аўтобусе. Колькі там ад Брэста да таго Пльзеня — нейкая тысяча кіламетраў. Чаму б не патрэсціся на круглявых еўрасаюзаўскіх калдобінах?..

А калі сур’ёзна, то на гэтых неспадзяваных ростанях беларускія футбалісты гарантавана пакінуць не толькі фінансы, але і сілы. Гадзіны фізічнага аднаўлення, гадзіны банальнага сну — усё гэта не дробязі ў кантэксце бягучага гульнявога календара.

Каляндар шчыльны, як малочны ранішні туман, — у ліпені ўдзельнікі еўракубкаў традыцыйна ўступяць у рэжым двух матчаў на тыдзень (чэмпіянат краіны ніхто не адмяняў, апошнія вынікі глядзіце ніжэй). Гэта і так складана для тыпова рахманага беларускага арганізму, а тут яшчэ трэба лётаць у самалёце сярод змрочных «санкцыйных» хмараў. Карацей, становішча складанае, і як бы так не сталася, што сёлетні еўракубкавы сезон у айчынных футбалістаў акажацца кароткім, як чэрвеньская ноч, і маркотным, як усё наша жыццё. Рызыкі вельмі высокія, і ўсе гэта выдатна разумеюць.

Спорт па-за палітыкай — казалі беларускія гульцы летась, хаваючыся ў бульбу ад рэчаіснасці. Ад гвалту, ад рэпрэсій, ад арыштаў сваіх калег і аднаклубнікаў. То вось такі камуфлет вам, хлопцы, у адказ. Такая неспадзяваначка, паводле закону жанру. Калі вы не цікавіцеся палітыкай, то яна вамі зацікавілася — і ўжо грукаецца ў дзверы цяжкім бумерангам.

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ
13 ТУР. 17–19.06.
МІНСК — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — 2:1 (295, Лопес, 1, 47 — В.Васільеў, 42, з пенальці).
НЁМАН (Гродна) — СЛАВІЯ (Мазыр) — 2:2 (632; Грыбоўскі, 8, 63 — Жэрдзеў, 86, Паўлючык, 95+).
СЛУЦК — ШАХЦЁР (Салігорск) — 1:4 (1200; Альфрэд, 45 — Стасевіч, 50, Анціч, 62, Дарбо, 64, 76).
ДЫНАМА (Брэст) — СМАРГОНЬ — 2:2 (3098; Беленькі, 16, Сядзько, 63 — Бандарэнка, 7, 61).
ВІЦЕБСК — РУХ (Брэст) — 0:0 (1015).
ГОМЕЛЬ — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 2:0 (4100; Салавей,13, А.Васільеў, 45).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 2:0 (575; Габоўда, 28, Леановіч, 30).
ДЫНАМА (Мінск) — БАТЭ (Барысаў) — 0:2 (5880; Скавыш, 36, Міліч, 67).


ТУР 14. 26.06. Смаргонь — Гомель, Славія — Энергетык-БДУ, Шахцёр — Дынама Бр. 27.06. Іслач — Мінск, Рух — Слуцк, БАТЭ — Тарпеда-БелАЗ. 28.06. Спадарожнік — Віцебск, Нёман — Дынама Мн.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: