Беларускія НКА: «Не ведаем, што будзе заўтра»

У Германіі 90% суфінансавання некамерцыйныя арганізацыі атрымліваюць ад дзяржавы. У Беларусі ж дзяржава ўсё яшчэ глядзіць на іх з недаверам. Тым не менш магчымасці для развіцця НКА у нашай краіне знайсці можна. Гэтаму спрыяе беларуска-нямецкі форум НКА, які ўжо другі раз днямі праходзіць у Мінску.
Другі беларуска-нямецкі НКА-форум адбываецца ў Мінску 14 — 15 снежня. Гаворачы пра яго, пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар зазначыў, што гэта своеасаблівая біржа для экспертнага абмеркавання, абмену досведам, прэзентацыі інструментаў падтрымкі, якімі могуць скарыстацца некамерцыйныя арганізацыі, крыніца важнага супрацоўніцтва паміж імі.

Па яго словах, паміж нямецкімі і беларускімі НКА склалася станоўчая традыцыя супрацоўніцтва. Сыходным яе пунктам стала Чарнобыльская катастрофа і салідарнасць, звязаная з ёй, якая пайшла ад нямецкіх ініцыятыў. Цяпер супрацоўніцтва развіваецца і па іншых тэмах: навакольнае асяроддзе, моладзь, гендарныя пытанні, інклюзія — усе гэтыя напрамкі прадстаўленыя на форуме.
Петэр Дэтмар

Петэр Дэтмар

Пасол нагадаў, што з 2014 года праграма Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі па пашырэнні супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства і Расіі спрыяе ўмацаванню структур грамадзянскай супольнасці. За апошнія пяць год МЗС Германіі падтрымала больш за 900 праектаў на суму каля 63 млн еўра.

Асноўная мэта форума заключаецца ў тым, каб прадстаўнікі беларускіх і нямецкіх арганізацый пазнаёміліся паміж сабой і даведаліся, якія магчымасці Германія прадастаўляе для Беларусі. Бо, мяркуюць арганізатары, супрацоўніцтва паміж НКА умацоўвае супрацоўнітцва паміж нашымі краінамі.

Першы беларуска-нямецкі НКА-форум праводзіўся ў мінулым годзе, і яго вынікам сталі чатыры супольныя праекты. Першы з іх заключаўся ў прафесійным абмене і кааперацыі. Адной яго часткай была тыднёвая стажыроўка ў Германіі, куды трапілі найбольш актыўныя прадстаўнікі НКА, што ўдзельнічалі ў леташнім форуме.
Ядвіга Лукашык

Ядвіга Лукашык

— Для мяне было адкрыццём, што 90% суфінансавання нямецкія арганізацыі атрымліваюць ад дзяржавы. Нашы беларускія НКА сутыкаюцца з недахопам кадраў, фінансавання. Устойлівасць адсутнічае. Часам мы не ведаем, што будзе заўтра, ці хопіць нам грошай на аплату арэнды офісаў і бухгалтэрыю. Аб якім доўгатэрміновым планаванні можа ісці гаворка? — падзялілася ўражаннямі адна з удзельніц стажыроўкі, прадстаўніца Лынтупскага культурнага цэнтру «Культыватар» Ядвіга Лукашык.

Лана Руднік распавяла пра яшчэ адзін праект — «PR і медыякампетэнцыі для грамадзянскай супольнасці», які рэалізаваўся ў Гродне.
Лана Руднік

Лана Руднік

Сумесны беларуска-нямецкі моладзевы праект «Мy perspective», рэалізаваны беларускай недзяржаўнай арганізацыяй «Фіяльта», быў накіраваны на сацыяльныя ініцыятывы маладых людзей, якія яшчэ не займаліся сацыяльным актывізмам. У ім удзельнічалі 20 маладых людзей з Беларусі і 10 з Германіі ўзростам ад 18 да 24 гадоў. Падчас трэнінгаў у Мінску і Германіі ўдзельнікі распрацоўвалі праблемы, якія бачаць у грамадстве, і прапаноўвалі іх рашэнне. Праект «Мy perspective» даў старт яшчэ некалькім ініцыятывам для моладзі ў галіне нефармальнай адукацыі, мастацтва і самавыражэння, сэксуальнай адукацыі, інтэграцыі мігрантаў у грамадства.
Ганна Агеева распавядае пра праект «Мy perspective»

Вядомай ініцыятывай у Беларусі з’яўляецца ECLAB (Еўрапейскі каледж liberal arts у Беларусі). Яго каардынатарка Вольга Шпарага распавяла, што разам з нямецкімі партнёрамі каледж рэалізуе чатыры праекты. Адзін з іх, «Art, scienсe and technology», паспрабаваў аб’яднаць liberal arts з ІТ-сферай. У яго рамках студэнты і студэнткі навучаюцца як гуманітарным навукам, так і ІТ, яны робяць сацыяльна значныя праекты. Яшчэ адзін праект «Транзіт паміж прафесіямі» ўяўляе сабой серыю варкшопаў з людзьмі, якія з НДА перайшлі ў бізнес і наадварот. З 2016 года ECLAB арганізуе навучальныя візіты ва Украіну, Германію, каб вывучаць досвед постсацыялістычнай трансфармацыі і яго магчымасць прымянення ў Беларусі. І, нарэшце, апошні праект «100 год пасля вялікай вайны», які толькі завяршыўся, быў прысвечаны заканчэнню і ўрокам Першай сусветнай вайны, і падчас яго абмяркоўваліся самыя разнастайныя і нязвыклыя тэмы вайны.
Вольга Шпарага

Вольга Шпарага

Куды падацца актывістам

Найважнейшай часткай форума стала прэзентацыя магчымасцяў ад прадстаўнікоў нямецкіх НКА для беларускіх калег.

Член Савета Еўрапейскай асацыяцыі адукацыі дарослых Галіна Верамейчык распавяла пра прапановы, якія ў Беларусі прадастаўляе Нямецкая асацыяцыя народных універсітэтаў. Гэта каля 900 устаноў дадатковай адукацыі (народных універсітэтаў) дарослых у розных гарадах Германіі. Яны з’яўляюцца арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, але іх заснавальнікамі часцей за ўсё выступаюць мясцовыя органы ўлады. У Беларусі прадстаўніцтва працуе з 2009 года. Цяпер яно вызначае чатыры тэматычныя прыярытэты: доступ да адукацыі ў месцах абмежавання ці пазбаўлення волі і для людзей, якія вызваліліся; прасоўванне нефармальнай адукацыі для дарослых, асабліва ў рэгіёнах; «Гарады, якія навучаюцца, і іх уклад у крэатыўную эканоміку» (праект працягнецца ў наступным годзе, да ўдзелу запрашаюцца грамадскія арганізацыі, якія маюць добрыя стасункі з мясцовымі ўладамі); гістарычныя конкурсы для моладзі. Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца ў групе DVV International у Фэйсбуку.
Галіна Верамейчык

Аксана Ялова распавяла пра Праграму падтрымкі Беларусі федэральнага ўраду Германіі, якая рэалізуецца з 2002 года. Да яе можна далучыцца, калі вы займаецеся такімі напрамкаміі, як арганізацыйнае развіццё, сацыяльная сфера, устойлівае рэгіянальнае развіццё. Актуальная інфармацыя для ўдзелу ў праграме на наступны год будзе даступная ў красавіку 2019 года на сайце Праграмы.

Беларускае аддзяленне Інстытута Гётэ прапануе розныя медыйныя магчымасці. Установа падтрымлівае нямецкую мову і дапамагае яе вучыць, спрыяе культурнаму дыялогу і падтрымцы грамадзянскай супольнасці.

Наталля Ількевіч, каардынатарка таксама вядомага ў Беларусі праекта «МOST», нагадала, што ён накіраваны на падтрымку прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і ЕС. Праект ахоплівае ўсе сферы грамадскага жыцця. Праграма прадугледжвае кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя паездкі і стажыроўкі ў Германіі па абмене досведам. Праект прапануе фінансавую падтрымку, пошук партнёраў у ЕС.

Наталля Ількевіч

Падчас форуму беларускія ўдзельнікі змаглі больш падрабязна даведацца ад прадстаўнікоў НКА з Германіі пра магчымасці супрацоўніцтва ў цікавых для іх сферах і наладзіць асабістыя кантакты.


Фота аўтаркі

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: