Беларускія пісьменнікі абураны сітуацыяй у Курапатах

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў прыняла заяву з нагоды адкрыцця 6 чэрвеня забаўляльнага комплекс-рэстарана "Поедим, поедим". 
Фота А.Ляшкевіч

Фота А.Ляшкевіч

Гэта адбылося "фактычна ў трыццатую гадавіну першай публікацыі праўды пра Курапацкую трагедыю ў пісьменніцкім тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, непасрэдна каля месца ўшанавання і грамадскага мемарыялу па ахвярах сталінскіх забойстваў, насуперак негатыўнаму стаўленню грамадскасці".
 
Цягам некалькіх гадоў дэмакратычная супольнасць праводзіла маніторынг дзейнасці ўласнікаў рэстарана і рэагавала на ўсе спробы яго адкрыцця, а пасля таго як гэта ўсё-такі здарылася, распачала бестэрміновую акцыю негвалтоўнага супраціву.

"Рада грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, разам з усёй неабыякавай грамадскасцю, выказвае рашучы пратэст з нагоды ганебнай падзеі – адкрыцця рэстарана “Поедем, поедим”, наведнікі якога будуць харчавацца і танчыць побач з лесам памятных крыжоў курапацкага мемарыялу. Такой ганьбы не зведвала ніводнае месца памяці ахвяр, ніводзін мемарыял у свеце: забудова вакол іх заўсёды і неадменна плануецца з улікам меркаванняў супольнасці, у тым ліку меркаванняў маральна-этычных, якія, як мы вымушаны адзначыць, вельмі рэдка ўлічваюцца ў Беларусі ў дачыненні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З другога боку, ніводзін забаўляльны рэстаран не адкрыецца ў Хатыні, Трасцянцы, як не адкрыты ён у Асвенцыме ці Майданаку. Але ў Курапатах, дзе былі расстраляныя сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, актораў і навукоўцаў, дзясяткі тысяч дагэтуль невядомых людзей, такая знявага па-ранейшаму магчымая", — адзначаецца ў заяве.

Шануючы права прыватнай уласнасці, пісьменнікі заклікаюць "уладальнікаў зямлі, на якой збудаваны комплекс, да шырокага грамадскага дыялогу, у выніку якога будуць выпрацаваны захады да дээскалацыі грамадскага канфлікту і ўлічаны ўсе інтарэсы.

Мы ўпэўненыя, што з усіх бакоў ёсць людзі, для якіх пашана да продкаў, а тым больш да бязвінных ахвяраў, – святое. Гэта ў спрадвечных традыцыях, у самім характары беларусаў, што і мусіць стаць вырашальным у канфлікце, які склаўся вакол нацыянальнага мемарыялу “Курапаты”. Памяць пра сотні тысяч загінулых, знішчаных сыноў і дачок Беларусі, проста патрабуе ад нас стварэння ў Курапатах Музея ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій".

Заяву падпісалі Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Раіса Баравікова, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Пашкевіч, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Уладзімір Сіўчыкаў і інш.

Паводле прэс-службы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: