Беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да Караева

Беларускія праваабарончыя арганізацыя патрабавалі ад міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Караева спыніць гвалт і катаванні затрыманых падчас мірных пратэстаў.

Медыкі і сваякі затрыманых на Акрэсціна. Фота Дзіяны Серадзюк.

Медыкі і сваякі затрыманых на Акрэсціна. Фота Дзіяны Серадзюк.




"12 жніўня 2020 года ад людзей, якія вызваліліся з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (далей – ЦІП), нам стала вядома аб тым, што затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 9, 10 і 11 жніўня 2020 года знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, многія падвяргаюцца катаванням. Людзей збіваюць, трымаюць у перапоўненых камерах: па 40-50 чалавек у камеры, разлічанай толькі на 4-6 чалавек, з-за чаго немагчыма спаць ноччу, людзям не хапае паветра і прасторы. Таксама паведамляецца, што людзей не кормяць, а пры спробе прысесці днём пачынаюць збіваць. Вельмі шмат людзей з ЦІП вязуць машыны хуткай дапамогі. У Гомелі памёр падчас затрымання памёр малады чалавек.

Маюцца шматлікія сведчанні жорсткасці, гвалту і беспадстаўнага прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў да людзей, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі аддзяленняў міліцыі ў чаканні афармлення неабходных працэсуальных дакументаў.

Мы адзначаем, што дадзеныя дзеянні з'яўляюцца жорсткім абыходжаннем і катаваннямі, якія недапушчальныя і павінны быць спыненыя", — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый заявілі, што катаванні і жорсткае абыходжанне недапушчальныя і патрабавалі:

1. Неадкладна спыніць любыя акты катаванняў і жорсткага абыходжання пры ўтрыманні людзей у РУУС, ІЧУ, ЦІП, а таксама пры перавозцы іх да месцаў прымусовага ўтрымання.

2. Вызваліць усіх затрыманых у сувязі з немагчымасцю забяспечыць затрыманым гуманныя ўмовы ўтрымання, якія адпавядаюць міжнародным дагаворам і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

3. Расследаваць усе выпадкі прымянення жорсткага абыходжання і катаванняў у РУУС, ІЧУ, ЦІП і падчас перавозкі іх да месцаў прымусовага ўтрымання.

Заяву падпісалі: РГА "Прававая ініцыятыва", Грамадскае аб'яднанне "Звяно", Экспертна-прававое Таварыства "Ініцыятыва FORB", Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права”, Праваабарончая арганізацыя "Human Constanta, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр", Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звазскова, Грамадзянская ініцыятыва "За справядлівы суд у Беларусі", Праваабарончы цэнтр "Вясна", Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: