Беларускія сайты зрабілі адказнымі за тое, што на іх пішуць карыстальнікі

Цяпер тое, што мусіў бы разбіраць суд, давядзецца рабіць мадэратарам сайтаў, а без адпаведнай юрыдычнай адукацыі можа быць цяжка адрозніць законнае ад незаконнага, піша «Свабода».
Аляксей Казлюк

Аляксей Казлюк

Адзін з пунктаў указу Аляксандра Лукашэнкі «Аб асаблівасцях выкарыстання нацыянальнага сегмэнту сеткі інтэрнэт» (PDF), апублікаванага 21 верасня, ускладае адказнасць за змест інфармацыі, якую размясціў карыстальнік, не толькі на самога карыстальніка, але і на сайт, на якім з’явілася тая інфармацыя.

Пункт 12 ранейшага «інтэрнэт-указу» 2010 году ўскладаў адказнасць за размешчаную ў інтэрнэце інфармацыю толькі на таго, хто яе размясціў. Цяпер гэты пункт сфармуляваны так:

«Адказнасць за змест інфармацыі, якая размяшчаецца (перадаецца) у нацыянальным сегменце інтэрнэту, нясуць асобы, якія размясцілі (перадалі) гэтую інфармацыю, і ўладальнікі інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у сеціве».

 


Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казлюк у каментары “Свабодзе” адзначае: цяпер гэта адпавядае закону «Аб СМІ», дзе адказнасць ускладаецца на ўладальнікаў выданняў, а раней была супярэчнасць, бо ўказ 2010 года ўскладаў адказнасць на таго, хто размяшчаў інфармацыю. Але што будзе з сайтамі іншага кшталту, невядома.

«З аднаго боку, ліквідавалі супярэчнасць, — разважае Аляксей Казлюк. — Але з другога, здаецца, што не ў той бок.

Уявім сабе працу інтэрнэт-пляцовак кшталту «Фэйсбуку», якія могуць з’явіцца ў нацыянальным сегмэнце інтэрнэту. Калі карыстальнік размяшчае пост ці каментар, то трэба накіраваць высілкі, каб, калі гэты пост мае проціпраўнае змесціва, знайсці гэтага карыстальніка і пакараць. Але замест гэтага выходзіць, што пляцоўка будзе несці адказнасць і, адпаведна, ва ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу з’яўляецца неабходнасць уводзіць цэнзуру, жорсткую мадэрацыю».

Тое, што мусіў бы разбіраць суд, давядзецца рабіць мадэратарам, кажа Аляксей Казлюк, а без адпаведнай юрыдычнай адукацыі можа быць цяжка адрозніць законнае ад незаконнага.

 

Правайдэраў абавязалі выдаваць гісторыю наведванняў праваахоўнікам

У 2015 годзе правайдэраў абавязалі захоўваць гісторыю наведвання карыстальнікаў цягам году, але тая пастанова не абавязвала штосьці камусьці выдаваць.

Згодна з указам 2010 году, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг былі абавязаныя выдаваць на запыт праваахоўнікаў (у тым ліку органаў папярэдняга следства і падатковай інспекцыі) персанальныя звесткі карыстальніка або звесткі аб прыладзе карыстальніка, а таксама звесткі «аб зробленых інтэрнэт-паслугах», але гісторыя наведванняў там не згадвалася наўпрост.

Цяпер адпаведны пункт удакладнілі, дадалі фразу «…і наведаных карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсаў (іх складніках)…»

Фактычна абавязкі правайдэраў засталіся бяз зменаў, тлумачыць Казлюк.

«Гэтая практыка парушае права на прыватнасць, бо парадак выкарыстання звестак пра зробленыя паслугі ня вызначаны дакладна, — дадае ён. — У прыватнасці, пры якіх умовах спецслужбы могуць атрымліваць доступ да такой інфармацыі».

 

Што яшчэ змянілі

У новым указе замацавалі такую норму: грошы за даменныя імёны, прададзеныя праз аукцыёны, накіроўваюцца дзіцячым дамам (якім менавіта, вырашае пакупнік).

Такое яшчэ да ўказу практыкавала кампанія Hoster.by, якая ладзіла аукцыёны з «прыгожымі» даменнымі імёнамі, за якія не заплацілі ў належны тэрмін (напрыклад, у 2013 годзе імя Online.by прадалі за 100 млн рублёў).

Аператыўна-аналітычны цэнтр атрымаў больш паўнамоцтваў — цяпер ён арганізуе міжнародную супрацу ў пытаннях бяспекі інфармацыі ў інфармацыйных сетках і выступае ў якасці нацыянальнага цэнтру рэагавання на кампутарныя інцыдэнты.

Таксама ААЦ вызначае парадак фармавання базаў уладальнікаў даменных імёнаў і парадак доступу да іх; вызначае пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг для дзяржаўных органаў; можа збіраць персанальныя звесткі ўладальнікаў даменаў без іх згоды для фармавання адпаведнай базы.

Аляксей Казлюк адзначае: цікава, што з указу 2010 года з неназванай прычыны прыбралі пункт пра спыненне доступу да незаконнай інфармацыі, порна ці прапаганды гвалту на просьбу карыстальніка. Юрыст кажа, што такую паслугу абанентам ужо даўно робяць правайдэры (звычайна гэта завецца «бацькоўскім кантролем»), таксама такая паслуга можа выкарыстоўвацца для адукацыйных установаў. Што азначае знікненне абавязку рабіць такую паслугу, невядома.

«Мы бачым, што змены ёсць: некаторыя больш істотныя, некаторыя менш, — рэзюмуе Аляксей Казлюк. — Нейкай радыкальнай змены палітыкі адносна інтэрнэту няма. Больш за тое, мы бачым, што ўсё больш і больш паўнамоцтваў перадаецца профільным міністэрствам і ведамствам, ліквідуюцца супярэчнасці. Мы як праваабаронцы хацелі б бачыць рух у бок большай свабоды інтэрнэту, але, на жаль, гэтага няма і пакуль не прадбачыцца».

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!