«Беларускія суды запраграмаваныя караць»

З 21 тысячы абвінавачаных суды Беларусі ў першым паўгоддзі 2017-га апраўдалі ўсяго 36 чалавек. Нават у гады Сталінскіх рэпрэсій у 1937-м было 10,3% апраўдальных прысудаў, а ў 1938-м — аж 13,4%...

«Беларускія суды запраграмаваныя караць», — лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

 За першае паўгоддзе 2017 года ў беларускіх судах асуджана 21 326 чалавек, апраўдана 36 чалавек. Такія лічбы апублікаваныя на сайце Вярхоўнага Суду Беларусі.

 Самы распаўсюджаны від пакарання — пазбаўленне волі. У калоніі за першае паўгоддзе гэтага года для адбыцця пакарання адправілі 6 335 чалавек.

 Абмежаванне волі прызначанае 3 915 асуджаным, з іх так званую «хімію» атрымалі 1293 чалавекі, «хатнюю хімію» — 2 622.

 Папраўчыя работы прысудзілі 902 парушальнікам, арышт — 3480, штраф — 2443, грамадскія работы — 2412, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю — 125.

 Калі зыходзіць з агульнай колькасці, доля апраўдальных прысудаў склала 0,1688%.

Валянцін Стэфановіч

«На думку кіраўніцтва Вярхоўнага суда, гэта сведчыць пра якасць працы судоў першай інстанцыі — яны самі неаднаразова пра гэта заяўлялі, — сказаў “Радыё Свабода” праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Калі ж цікавіць наша меркаванне, нізкі працэнт апраўдальных прысудаў сведчыць пра тое, што ёсць пэўныя праблемы з судовай уладай у краіне. Паколькі гаворка пра зусім мізэрную колькасць — меней за 1% апраўдальных выракаў — гэта азначае, што суды ў нас маюць выразна абвінаваўчы ўхіл».

 Паводле Валянціна Стэфановіча, падобная тэндэнцыя ў беларускай судовай сістэме не змяняецца ўжо працяглы час:

 «Сітуацыя не мяняецца не тое што гадамі, а дзесяцігоддзямі. Гэты працэнт застаецца фактычна нязменным: плюс-мінус нейкая хібнасць, але радыкальна нічога не карэктуецца вельмі працяглы час. Што не можа не турбаваць».

 Згодна са звесткамі Вярхоўнага Суда, па выніках першага паўгоддзя 2017-га больш за ўсё асуджаных за злачынствы супраць уласнасці (8 217 чалавек), супраць жыцця і здароўя (1 332), а таксама за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі (1568).

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: