Беларускія тэлеграм-каналы выступілі з супольнай заявай да ўладаў

Аўтары звяртаюцца да кіраўніцтва краіны і патрабуюць каранцін у навучальных установах, паведамляе Свабода. Пад заявай падпісаліся адміністратары больш чым 70 тэлеграм-каналаў.

Зварот скіраваны да кіраўніцтва Беларусі. Падаем яго тэкст цалкам.

«Мы, адміністратары беларускіх тэлеграм-каналаў, заяўляем кіраўніцтву нашай краіны аб неабходнасці:

— як мага хутчэй увесці каранцін ва ўсіх навучальных установах Беларусі
— увесці і максімальна старанна ажыццяўляць медыцынскі кантроль на ўсіх межах Беларусі з суседнімі дзяржавамі і ў аэрапортах
— на самым высокім узроўні падрыхтаваць радыё- і тэлевізійны зварот да нацыі з тлумачэннем усёй сур’ёзнасці сітуацыі з развіццём каронавірусу і, наадварот, спыніць заспакаяльныя заявы, пасля якіх людзі паслабляюць кантроль за ўласнай бяспекай;
— своечасова і празрыста паведамляць грамадскасці і журналістам дэталі аб сітуацыі з распаўсюджваннем віруса ў Беларусі і новых выпадках заражэння: колькасць, населены пункт, месца працы/вучобы — не парушаючы пры гэтым медычную таямніцу».

Раней з патрабаваннем увесці каранцін выступіла Беларуская партыя «Зялёныя». Грамадская арганізацыя «Гавары праўду» збірае подпісы пад зваротам  з патрабаваннем увесці каранцін, па дадзеных арганізацыі, падпісалася ўжо некалькі тысяч чалавек.

Міністэрства аховы здароўя ў нядзелю 15 сакавіка патлумачыла адсутнасць каранціну ў сваім тэлеграм-канале.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: