Беларускія ваенныя прапагандысты дэманструюць неэфектыўнасць

Існая сістэма інфармацыйнай працы Мінабароны Беларусі дэманструе поўную неэфектыўнасць ва ўмовах развіцця новых медыя.
Ведамасныя прапагандысты, маючы і тэхнічны, і змястоўны рэсурс з-за неразумення працэсу трансфармацыі інфармацыйнага поля ў Беларусі не здольныя аказваць нейкі істотны ўплыў на грамадскае ўспрыманне беларускай арміі.

Паток негатыўнай грамадска-значнай інфармацыі на вайсковую тэматыку застаецца значным. Здабыткам грамадскасці сталі выпадкі неналежнага выканання сваіх абавязкаў і дыскрэдытацыі афіцэрскага звання паводзінаў з боку асобных прадстаўнікоў камандавання 1146-га зенітнага ракетнага палка. Інфармацыя распаўсюджвалася праз мессенджера Telegram. Варта нагадаць, што гэта адна з самых сучасных частак нацыянальнай арміі, якая адказвае за супрацьпаветраную абарону Беларускай АЭС. Па заяве армейскага кіраўніцтва, пры фармаванні палка адбор туды праводзіўся практычна на конкурснай аснове.

Далей, пракуратура прыняла рашэнне аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце смерці у 2018 годзе салдата ў адной з механізаваных брыгад. Сваякі загінулага настойваюць на гвалтоўнай прычыне гібелі вайскоўца. Падобныя неадназначныя факты мелі месца ў гэтай брыгадзе і раней.

Працягваюцца лакальныя пратэсты студэнцкай моладзі супраць змены закона аб ваеннай службе. Плануецца правядзенне некалькіх дзясяткаў пікетаў. Для каардынацыі сваіх дзеянняў незадаволеная моладзь выкарыстоўвае мессенджеры.

Адначасова Мінабароны не дэманструе здольнасці эфектыўна выкарыстоўваць новыя тэхнічныя рашэнні для прасоўвання пра-абароннай тэматыкі: колькасць падпісчыкаў телеграм-канала ведамства вымяраецца сотнямі, а незадаволеных — тысячамі. Акрамя таго, нават размяшчаючы пазітыўныя навіны пра армію (а такой інфармацыі нямала) прапагандысцкі апарат ваеннага ведамства не змог прасунуць іх у інфармацыйным полі.

З-за правальных вынікаў дзейнасці ваенных прапагандыстаў варта ставіць пытанне не аб паляпшэнні іміджу беларускай арміі, а аб фармаванні яго нанова. Відавочна, што зрабіць гэта могуць толькі іншыя людзі. Да прыняцця адпаведных жорсткіх арганізацыйных і кадравых рашэнняў Мінабароны Беларусі не зможа пераламаць цяперашнюю сітуацыю — калі недавер і запыт на негатыў пра армейскую рэчаіснасць пераважае над запытам на пазітыўныя навіны. Па меры росту адукацыйнага ўзроўню салдат тэрміновай службы павялічыцца і паток негатыўнай інфармацыі пра беларускую арміі, значная / асноўная частка якой будзе насіць суб’ектыўны характар. Але ўзровень даверу грамадства да такой інфармацыі, асабліва — сярод моладзі, будзе значна вышэй веры ў казённы пазітыў.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!