Беларускія выбары з маскоўскім акцэнтам

Многія ў Беларусі прыгадаюць летнюю кампанію па выбарах у Маскоўскую гарадскую думу. Незалежных кандыдатаў, якія самастойна і сумленна сабралі подпісы выбаршчыкаў за сваё вылучэнне, не толькі не зарэгістравалі, але і паставілі пад судовы пераслед. Што выклікала небывалы з 2012 года ўздым пратэстнай актыўнасці — мітынгі ў Маскве збіралі да 70 тысяч чалавек. Падобна, што беларускія ўлады вырашылі наступіць на тыя ж граблі.

Ігар Кібальчыч. Фота Аляксея Хадыкі

На 17 кастрычніка вядома: не зарэгістраваныя журналістка Ірына Халіп (нібыта ў лістах подпісаў пастаўленыя няправільныя даты), былыя апазіцыйныя дэпутаткі Алена Анісім (старшыня ТБМ), Ганна Канапацкая, Юры Губарэвіч (лідар руху «За Свабоду»), памочнік Канапацкай Віктар Янчурэвіч, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Маркаў, Андрэй Войніч, Максім Вінярскі ды іншыя. Папраўдзе, некаторыя партыйцы з «Еўрапейскай Беларусі» рэгістрацыю прайшлі — пэўна, там, дзе няма патрэбных праўладных вылучэнцаў. Або дзеля стварэння «дэмакратычнай карцінкі».

Звяртае ўвагу — як тыповая і характэрная — сітуацыя ў 106-й Коласаўскай выбарчай акрузе Мінска з 69 тысячамі выбарцаў. Кандыдатамі там вылучыліся 8 асобаў. З іх праўладным можна лічыць Сяргея Дзіка, 1956 года нараджэння, першага прарэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Які стане дэпутатам, што асабліва не будзе прыносіць клопатаў уладзе.

Па акрузе кандыдатамі ў кандыдаты зарэгістраваліся таксама відавочна рэальныя прахадныя вылучэнцы «дэмакратычнага гатунку» Ірына Сухій (актывістка «Зялёных») і Ігар Кібальчыч.

Ігар Кібальчыч. Фота Аляксея Хадыкі


Апошняя асоба цікавая тым, што гэты кандыдат — не партыйны актывіст (што нервуе многіх выбарцаў). Дэпутат Мінгарсавета пры Аляксандры Герасіменку ў першай палове 1990-х гадоў (і яго памочнік у тыя часы, калі сапраўды дэмакратычны гарсавет рэальна і эфектыўна працаваў). Ды яшчэ асоба, блізкая да старой апазіцыйнай наменклатуры — Міхаіла Марыніча (ужо памерлага) і Сяргея Калякіна. А таксама намеснік старшыні рэспубліканскага аб’яднання «Беларускія пчаляры» (хто не любіць мёд і працавітых пчол?!).

Ігар Кібальчыч — сталы жыхар самой 106-й акругі. І чалавек, які разумее: у беларускіх рэаліях дэпутат як заканадаўца — нуль. А карысным можа быць толькі праз грамадскія справы. Скажам, праз дабрачыннасць, у тым ліку праз збор сродкаў для нямоглых і хворых дзетак. Чым кандыдат і збіраўся займацца разам з дабрачыннай міжнароднай фундацыяй «Шанс» праз арганізацыю адпаведных арт-аўкцыёнаў.

І што вы думаеце? Кандыдат уласнаручна сабраў дастатковую колькасць подпісаў грамадзян за сваё вылучэнне — 950 (разам з памочнікамі — 1098). Падкрэсліваем — уласнаручна! З іх «несапраўднымі» апынуліся — 101 (для адмовы трэба было не больш за 98 «кепскіх» подпісаў). Вынік — адмова ў рэгістрацыі. У той жа акрузе таксама не зарэгістравалі… зразумела, Ірыну Сухій.

Ігар Кібальчыч, безумоўна, збіраецца судзіцца з выбарчай камісіяй. Але вынік можна лёгка прадказаць.

Як вам падаецца, шаноўныя чытачы, ці не нагадвае гэта самыя «маскоўскія граблі»?

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!