Беларускім анархістам пагражае смяротнае пакаранне

Чацьвёра беларускіх анархістаў былі зняволены за падпал будынкаў пракуратуры і дзяржаўнай адміністрацыі, нагадвае «Польскае радыё».

Рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць сваіх апанентаў. Тысячы беларусаў ужо адбылі пакаранне, страцілі працу, былі адлічаныя з універсітэтаў, або вымушаныя эміграваць з краіны.

Паводле праваабарончага цэнтра “Вясна», цяпер у турмах Беларусі знаходзіцца каля 370 палітвязняў, у тым ліку і беларускія анархісты, нагадвае Вікторыя Бяляшын у артыкуле змешчаным на старонках выдання Gazeta Wyborcza.

Беларускія службы затрымалі Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Рэзановіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Дубоўскага ў кастрычніку мінулага года недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле памежнікаў, яны мелі пры сабе, між іншым, агнястрэльную зброю з патронамі, ручную гранату, траўматычны пісталет, пярцовы аэразоль, абсталяванне, неабходнае для доўгага выжывання ў лесе, а таксама ноўтбукі, планшэты, фотаапараты і прылады начнога бачання.

Паводле канала Тэлеграм анархістаў падазраюць у падпале аўтамабіляў супрацоўнікаў пракуратуры і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Салігорску, а таксама некалькі будынкаў дзяржаўнай адміністрацыі. Пра згаданыя здарэнні, якія КДБ лічыць тэрактамі, беларускія ўлады інфармавалі падрабязна яшчэ да арышту анархістаў.

У адпаведнасці з беларускім Крымінальным кодэксам, за «здзяйсненне тэрарыстычнага акта арганізаванай групай людзей» пагражае пазбаўленне волі ад 10 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне альбо смяротнае пакаранне.
Падчас допытаў Аліневіч і Дубоўскі прызналіся, што каля трох тыдняў жылі ў лясах Беларусі, з якіх «ажыццяўлялі паездкі» супраць беларускага ўрада.

«Я хацеў сімвалічна прыняць удзел у супрацьдзеянні цяперашняй уладзе, унесці свой уклад у барацьбу, падпаліўшы аб'екты, якія выкарыстоўваюцца ўладамі: міліцыяй, пракуратурай, судамі», — сказаў Дубоўскі падчас допыту ў сядзібе КДБ.

У сваю чаргу, Аліневіч адзначыў, што прымаў удзел «у беларускай рэвалюцыі пасля таго, як убачыў абурэнне людзей і беспрэцэдэнтны гвалт сілавікоў у дачыненні да безабаронных пратэстоўцаў». Для гэтага Аліневіч адмыслова вярнуўся на радзіму з Польшчы, дзе пражыў пяць гадоў. Аднак раней ён набыў зброю ва Украіне. Абодва апытаныя мужчыны падкрэслівалі, што ў выніку іхных дзеянняў ніхто не загінуў і не пацярпеў.

У мінулым Ігар Аліневіч быў ужо пакараны ў Беларусі. У 2011 годзе беларускі суд прысудзіў яго да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «хуліганскія дзеянні адносна афіцыйных будынкаў». Ён адбыў палову пакарання і выйшаў на волю ў рамках амністыі.

Анархіст Мікалай Дзядок, якога дзесяць гадоў таму абвінавацілі па той самай справе, што і Аліневіча, такім чынам тлумачыць паводзіны групы: «Анархісты выбіраюць узброеную барацьбу ў якасці асноўнага спосабу барацьбы з рэпрэсіўнымі структурамі. Яны ведалі, што робяць», — кажа Дзядок.

Дзеянні сына таксама тлумачыць Валянціна Аліневіч. «Ігар заўсёды падкрэсліваў, што людзей нельга крыўдзіць. У час узмоцненых рэпрэсій і тэрору ён, відаць, не мог устрымацца ад дзеяння і, паводле прыкладу партызан, хацеў унесці свой уклад у беларускую рэвалюцыю», — кажа Валянціна Аліневіч, словы якой прыводзіць Gazeta Wyborcza.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: