Беларускім дзяржорганам рэкамендуюць абмежаваць расійскую прапаганду

Рэкамендацыі па паляпшэнні інфармацыйнай бяспекі Беларусі прэзентаваў у Мінску EAST Center.
Яго эксперты Андрэй Елісееў, Аляксандар Папко і Вераніка Лапуцька нагадалі дадзеныя апытання SATIO, праведзеныя ў 2015 годзе. Паводле інфармацыі сацыёлагаў, ад 57% да 65% беларусаў хочуць атрымліваць інфармацыю выключна на рускай мове. Пры гэтым расійскія медыярэсурсы заўсёды ўваходзяць у топы самых папулярных у беларусаў.

Так сярод тэлеканалаў пасля «Беларусь-1» і «Беларусь-2» ідуць «гібрыдныя» ОНТ, «РТР-Беларусь» і «НТВ-Беларусь», а за імі — расійскія праўладныя тэлеканалы — ОРТ, РТР і НТВ. Хоць, як папярэджваюць даследнікі, межы паміж, да прыкладу, НТВ і «НТВ-Беларусь» у апытаных маглі быць сцёртыя.

Лідэрамі сярод навінавых інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі з'яўляюцца беларускім news.tut.by, onliner.by, а за імі ідуць расійскія news.mail.ru і news.yandex.by.

Сярод сацыяльных сетак у беларускіх карыстальнікаў лідзіруюць расійскі "Вконтакте" (32,3%) і "Аднакласнікі" (30,2%). На трэцім месцы знаходзіцца Facebook з доляй аўдыторыі ў 14,9%.

На погляд экспертаў EAST Center, праблемы з інфармацыйнай бяспекай Беларусі дастаткова істотныя. У распрацаваным імі індэксе ўстойлівасці да дэзінфармацыі, пазіцыі Беларусі выглядаюць значна горш, чым у Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Рэкамендацыі уладам

Для развіцця ўстойлівасці Беларусі да замежнай дэзінфармацыі ва ўмовах відавочнага дамінавання расійскіх СМІ, EAST Center прапануе беларускім дзяржорганам садзейнічаць павелічэнню разнастайнасці і пашырэнню даступнага для насельніцтва краіны мэдыякантэнту. Напрыклад, дадаючы замежныя тэлеканалы ў пералік агульнадаступных, можна ўключаць у вяшчальнай сетцы мясцовы кантэнт.

Эксперты прапануюць на заканадаўчым узроўні абавязаць кабельныя правайдэры ўключаць у іх пакеты мінімальны набор тэлеканалаў (напрыклад, не менш за 30%), у вытворчасці якіх не ўдзельнічае Расія.

Мінінфарму прапануецца маніторыць дзейнасць тэлеканалаў і выключаць са спісу дазволеных у Беларусі тыя, якія адзначаны ў распаўсюдзе недакладнай інфармацыі, а таксама дадаваць у дадзены спіс тыя каналы, якія вяшчаюць у суседніх Украіне, Польшчы, Літве і Латвіі. Таксама рэкамендуецца стварыць у краіне спрыяльныя ўмовы для вытворчасці і трансляцыі мясцовага медыяпрадукту, для замяшчэння замежнага.

EAST Center лічыць мэтазгодным увесці абмежаванні на трансляцыю замежных навінавых праграм у сетцы так званых «гібрыдных» каналаў. «На дадзены момант «гібрыдныя» тэлеканалы (ОНТ,«РТР-Беларусь» і «НТВ-Беларусь» транслююць расійскія навіны ў прайм-тайм, а беларускі навінавы блок фактычна ідзе нароўні з расійскім рэгіянальным», — гаворыцца ў спісе рэкамендацый.

Эксперты звяртаюць увагу, што актуальны пералік замежных тэлеканалаў, якім дазволена вяшчанне на тэрыторыі Беларусі, не ўключае тэлеканал РЕН-ТВ. У той жа час значная частка эфірнага часу тэлеканала СТВ складаецца з рэтранслявання кантэнту REN-TV, у тым ліку такія перадачы як «Ваенная тайна» з Ігарам Пракапенкам, «Таямніцы Чапман», «Рускія не здаюцца! Зброя спецыяльнага прызначэння», «Вадзіць па-руску» і іншыя. У гэтай сітуацыі, на погляд экспертаў, мэтазгоднасць рэестра замежных тэлеканалаў, якім дазволена вяшчанне ў Беларусі, знаходзіцца пад пытаннем.

Таксама EAST Center прапануе павялічваць вытворчасць якаснага беларускамоўнага кантэнту і падтрымліваць рэгулярны сапраўдны (а не фармальны) дыялог з журналісцкай супольнасцю па пытаннях інфармацыйнай бяспекі і яе прававога рэгулявання. Яшчэ рэкамендуецца лібералізаваць медыярынак і падвышаць медыяпісьменнасць насельніцтва.

Адзін з удзельнікаў прэзентацыі — Андрэй Елісееў — выказаў перакананне, што рана ці позна гэтыя рэкамендацыі беларускіх уладаў будуць рэалізаваныя.


Паводле ej.by

Каментаваць