Арганізатары мерапрыемства лічаць, што ўдзел БПЦ важны,
«бо гісторыя БНР неразрыўна звязаная з гісторыяй праваслаўнай царквы». Яны нагадваюць, што ў Радзе БНР быў праваслаўны святар
Сцяпан Кульчыцкі. У 1922 годзе Беларуская Народная Рэспубліка атрымала дабраслаўленне патрыярха маскоўскага
Ціхана. У 1993-м кіраўнік БПЦ мітрапаліт
Філарэт удзельнічаў у святкаванні 75-годдзя БНР, дабраславіў выкарыстанне беларускай мовы ў службах.
«Гісторыя Беларускай Праваслаўнай Царквы мае непасрэднае дачыненне да гісторыі БНР. Таму мы запрашаем Вас або Вашага прадстаўніка ўзяць удзел у святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі — выступіць з віншавальнай прамовай на сцэне каля Опернага тэатру», — з такой прапановай арганізатары звярнуліся да цяперашняга кіраўніка БПЦ мітрапаліта Паўла.
Напярэдадні мітрапаліт Павел заявіў, што Беларуская Праваслаўная Царква не будзе праводзіць мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю БНР. Ён лічыць, што «спробы палітызацыі малітвы» недапушчальныя.
«У нас штодня моляцца за Беларусь», — сказаў кіраўнік БПЦ. А вось мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі, 25 сакавіка на Дзень Волі ўзначаліць імшу ў кафедральным саборы ў беларускай сталіцы.
Паводле
Еўрарадыё