Беларусы дасталі дулі з кішэняў

Сёння быў неверагодны дзень. Які хочацца запомніць на ўсё жыццё, рабіць фота, здымаць відэа, убіраць у сябе гэтыя неверагодныя гукі і колеры. Каб занатаваць для сябе, для дзяцей як мы рабілі гісторыю.

Вельмі цяжка сёння быць арыгінальнай. Бо галоўнае слова 16 жніўня — неверагодна.

Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, мне было 20. Усё жыццё наперадзе. Яно і ішло як мае быць: двойчы выходзіла замуж, нарадзіла дваіх сыноў, змяніла некалькі прац, рабіла рамонты, заводзіла сабак. І ў якасці фона для жыццёвых радасцяў — нешта шэрае і змрочнае. Штучныя рамкі, разуменне, калі што — для гэтай сістэмы ты не чалавек.

Але быў у жыцця і іншы бок. Мы не сталі канфармістамі і рабілі што маглі дзеля таго, каб гэтая сістэма рухнула. Нават на офісных працах, калі на дзесяць гадоў давялося выпасці з журналістыкі. На працоўных вэлкомаўскіх прынтэрах раздрукоўвалі ўлёткі, насілі на плошчу лекі і ежу. Мы атачылі сябе сябрамі з падобнымі поглядамі. Час ад часу жылі надзеяй, што вось-вось... Іншым разам з'яўляліся думкі з'ехаць, бо «з гэтым народам чакаць зменаў не варта».

Аказваецца, варта! Аказваецца, мы не адны такія! Беларусы нарэшце дастаюць дулі з кішэняў.

Зранку мы, каманда НЧ, працавалі, ставілі анлайн на сайт, адсочвалі падзеі. А потым неяк падхапіліся і ўсе пайшлі «ў поле». Бо нельга ж прапусціць тое, да чаго ішлі чвэрць стагоддзя!

Там, на праспекце Незалежнасці, раптам апынуўшыся ў самым цэнтры незалежнай Беларусі, у нейкі момант падумалася, што менавіта ў гэты дзень наша праца можа і не так патрэбна. Бо, здаецца, нашыя чытачы і так усе тут. Рабілі фота, відэа, кожны сам сабе і ўдзельнік, і хранікёр.

Я ішла па праспекце, і мяне ахоплівалі неверагодныя пачуцці. Ніколі раней я не спрабавала ўявіць, якім можа быць «той самы дзень». Але гэта было круцейшым нават за самыя смелыя мары. Мужчыны і жанчыны, маладзёны, людзі сталага веку, дзеці, сабакі. Прыгожыя, натхнёныя, шчаслівыя. Іх ніхто не вёў, не загадваў, куды ісці і што рабіць. Але гэта было самае самаарганізаванае шэсце, з тых, у якіх я ўдзельнічала (а іх было шмат). З уласнаручна пасшыванымі сцягамі, самаробнымі плакатамі.

Я пастараюся запомніць усё-усё пра сённяшні дзень. Бел-чырвона-белае мора ад Кастрычніцкай да Незалежнасці. Дагэтуль у вушах гучаць воклічы «Сыходзь», «Не забудем, не простим», «Трибунал». Упакоўкі з пластыковак з вадой уздоўж дарог — гэта было вельмі кранальна, такі клопат адзін аб адным нават у дробязях. Іх прывозілі і пакідалі такія ж як мы.

Я не ведаю, які рэтраградны Меркурый ці вірус нас раптам так змяніў. Магчыма, людзі, якія працуюць з данымі, змогуць патлумачыць, што ёсць натуральны ход падзей.

Нас вельмі моцна хацелі зламаць і напужаць. Старымі метадамі, але больш жорстка, на мяжы смерці. Я не ведаю, адкуль узяліся гэтыя «далекі» ў форме і як доўга яны ходзяць па адным з намі вуліцам. Але гэта ўжо не спрацавала! І гістэрычная прамова з трыбуны перад прывезеным «электаратам», закліканая паказаць, «хто тут гаспадар», была імгненна расцягнута на цытаты і хутка стане глебай для шматлікіх мемаў. Так што састарэлы дыктатар сёння варты хіба што смеху ці жалю. Хаця не, жалю няма. Насамрэч, сэрца і розум патрабуюць справядлівасці. Справядлівага суда над тым, дзякуючы каму лепшыя гады прайшлі на шэрым, змрочным фоне, дзякуючы каму наша краіна цяпер разрабаваная, шмат гадоў пазбаўленая волі і мовы. Мы аплачам забітых і закатаваных, а потым будзе суд.

Так, таму, хто зойме пасаду прэзідэнта Беларусі, не пазайздросціш. Ужо надта гаротная спадчына яму дастанецца. Але гэта потым. Пакуль жа я хачу, каб гэты настрой і адчуванне волі ў гэтых людзей захаваліся. Пакуль грамадства пераадолела толькі самое сябе, свой страх, адчай і абыякавасць.І сёння мы выйгралі гэты бой, але яшчэ не бітву. Але маем на гэта шанцы. Калі заўтра прачнёмся тымі, кім сталі за гэты тыдзень: грамадзянамі, нацыяй.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: