«Беларусы — коцікі, але з кіпцюрамі», — мастачка славутага цыклу карцін пра коцікаў і ваўкоў

Мастачка з Наваполацку Вольга Якубоўская ўжо тры месяцы малюе карціны, дзе галоўныя героі — коцікі і ваўкі. На гэтыя працы яе натхнілі падзеі ў краіне. У інтэрв’ю «Свабодзе» дзіцячая ілюстратарка расказала пра сваю творчасць, дзяржаўны гвалт і неймавернасць беларусаў.




«Малявала коціка, каб выцягнуць сябе з траўмы пасля 9 жніўня»

— Вольга, раскажыце пра сябе. Вашы працы з коцікамі цяпер навідавоку, але вы сама вельмі сціплы чалавек, пра сябе шмат не кажаце.

— Гэта праўда. Многія мастакі сядзяць у сваіх норках, малююць і выходзяць на людзі вельмі рэдка. Я выходзіла ў свет, калі адбываліся мае выставы. А рэшту часу працую дома. Мая майстэрня дома, таму я хатні чалавек. Ужо больш за 30 гадоў я жыву ў Наваполацку. Калісьці прыехала сюды па размеркаванні з мастацкай вучэльні і вельмі доўга працавала мастаком на заводзе «Нафтан». 7 гадоў таму я сышла ў вольнае плаванне. Калі б не сышла, то напэўна цяпер не было б гэтага ўсяго. Бо маляванне займае вельмі шмат часу. Больш за 30 гадоў я прафэсійна займалася карцінамі са скуры. Яны выкананыя ў аўтарскай тэхніцы, я яе прыдумала сама і мяне многія ведаюць па гэтых карцінах. Акрылавым жывапісам я займаюся менш за два гады. Мяне вельмі зачапіла тэхніка жывапісу Святланы Румак, ёсць такая цудоўная расейская мастачка. У яе ёсць уласная школа, і я вучань гэтай школы. Вынікам сталі акурат мае коцікі, бо гэта тэхніка акрылу на паперы.

— А чаму вы абралі менавіта вобраз коцікаў?

— Я таксама дзіцячы ілюстратар, свет дзяцінства мне вельмі блізкі. Коцікі і ваўкі — гэта свет казак. Мне прасцей глядзець на свет праз гэтую прызму. Беларусы — коцікі, маюць лапкі і кіпцюры. Гэта вельмі вядомы выраз, які быў і ў жніўні, і пасля. Я сябе таксама адчуваю коцікам. Думаю, што многія, хто бачыць мае працы, менавіта так сябе і адчуваюць. Мы вельмі добрыя людзі, працавітыя, законапаслухмяныя. Коцікі-коцікі. І людзей, якіх я малюю, я бачу менавіта такімі коцікамі. Вельмі рознымі, але бясспрэчна вельмі добрымі.

— А якая была першая карціна з коцікамі?

— Ніна Багінская. З яе пачаўся цэлы цыкл. Бо калі я малявала першую працу, то не ведала, што будзе цэлы цыкл. Я сябе выцягвала са стану траўмы, у якой мы ўсе былі пасля 9 жніўня, а некаторыя ў ёй і дагэтуль. У нас, на жаль, траўмаваная краіна. Кожны з траўмы выходзіць па-свойму. Я першыя дні ўвогуле не ведала, што рабіць. Не ведала, чым займацца, бо ўсё валілася з рук. Я не разумела, што буду рабіць далей. Але калі я пабачыла Ніну Багінскую са сцягам, якая ідзе побач з вялізнымі амапаўцамі — а яна вельмі невялікага росту — цудоўны, светлы і чысты чалавек, і я падумала, як так, я ў рассыпаным стане, а ў бабулі, якая са сцягам ходзіць 30 гадоў, сілы ёсць, яна нічога не баіцца.

Я збіралася 2 гадзіны: ката ж ты намаляваць ужо можаш. І калі я малявала коціка, то зразумела, што гэта Ніна. А фон, ваўкі, намаляваўся сам і застаўся так. Я рабіла гэта, каб «выцягнуць» сябе, а выявілася, што гэта шмат каму патрэбна. Цяпер я разумею, што многім трэба проста глядзець на добрыя карцінкі і ім робіцца лягчэй, і дзякуй Богу.

— Гэтую карціну, дарэчы, вы падаравалі самой Ніне?

— Так. Мне дапамагла дачка, якая жыве ў Менску. Яна вельмі радасна паразмаўляла з Нінай. Ніна светлы чалавек, са стрыжнем. Выдатна, што ў нас у краіне ёсць такія людзі. Для мяне яна герой Беларусі.

 

«Натхняе проста мінак на вуліцы, які ідзе з высока ўзнятай галавой»

— Колькі ўжо сёння ў вас малюнкаў з коцікамі?

— Больш за 30 сюжэтаў. Частку я ўжо падаравала тым, каму яны прызначаліся. Частка чакае сваёй чаргі. Я спадзяюся абавязкова падараваць працу і Святлане Ціханоўскай, і Машы Калеснікавай, і многім іншым, каму я іх прысвяціла. Шмат сюжэтаў круціцца ў галаве, але яны павінны скласціся ў кампазіцыю. Гэта ж мае быць сюжэт з сэнсам, а не проста коцік і воўк. Я працую без выходных, але тэхніка не дазваляе працаваць вельмі хутка.

— Колькі часу ідзе на адну карціну?

— Калі дакладна ведаю, што буду рабіць, то недзе два дні.

— Ці здаралася, што вас нехта прасіў маляваць коцікаў, ці вы толькі самі абіраеце сюжэты?

— Бывае па-рознаму. Часам просяць, падказваюць сюжэты. Вельмі шмат пішуць. Я ўвогуле захапляюся нашымі людзьмі, іх творчым патэнцыялам і салідарнасцю. Пішуць з розных краін. І акурат цяпер у мяне ў галаве круціцца сюжэт пра нашую дыяспару, людзей, якія дапамагаюць усім чым могуць — і фінансава, і маральна. Яны просяць таксама іх намаляваць, бо яны таксама перажываюць за нас. Пэўныя сюжэты нараджаюцца самі. Ваню Красоўскага, наймаладзейшага палітвязня, я намалявала, калі пабачыла фатаздымак.

Сядзіць хлопец на інвалідным вазку са сцягам. Гэта як маланка. Я не змагла намаляваць гэты сюжэт. Пазней праз фэйсбук я пазнаёмілася з вазочнікамі. Гэта шмат людзей, якія так жывуць, і гэта вельмі моцныя людзі, яны шмат што могуць зрабіць. Таксама ўжо даўно я хацела намаляваць журналістаў. Няправільна, калі чалавека забіраюць праз тое, што ён займаецца сваёй прафесійнай дзейнасцю. У мяне апошнім часам мала што ўкладаецца ў галаве. Стараюся ўсё пераводзіць у пазітыў, наколькі мага.

— Ці прапаноўвалі маляваць за грошы?

— Мне даводзіцца адмаўляцца. Я чалавек небагаты, але калі б я яшчэ займалася працамі на замову, то не рабіла б таго, што раблю цяпер. У мяне, на жаль, фізічна няма часу. Я б хацела маляваць хутчэй у разы тры, бо ў мяне прынамсі 10 сюжэтаў не намаляваныя. Напрыклад, нашыя цудоўныя студэнты. Са спартоўцаў намалявала Лену Леўчанку, таксама падарую гэтую працу ёй. Выдатна, што ў нас ёсць такія людзі, на якіх хочацца раўняцца. Калі я гляджу, што яны робяць, наколькі ў іх хапае адвагі, каб усё гэта перанесці, то проста захапляюся. Калі мяне пытаюць, што мяне натхняе, то натхняе ўсё, абсалютна кожны чалавек. Натхняе проста мінак на вуліцы, які ідзе з высока ўзнятай галавой. Гэта так выдатна, гэта адчуваецца. У мяне цяпер з’явілася столькі сяброў, што пры іншым раскладзе я б нават не дазналася, што такія людзі ёсць. 

 

«Памятаць свой род, ведаць свае карані — гэта выдатна»

— Адну са сваіх карцінаў вы падаравалі «Вольнаму хору». Вы, дарэчы, былі на іх канцэрце. Раскажыце, якія ў вас былі там пачуцці?

— Пра «Вольны хор» я дазналася, як і ўсе, з ролікаў у інтэрнэце. Гэта вельмі ўражвае. Я вельмі люблю музыку, у мяне ёсць сябры-музыканты, і я да музыкантаў заўсёды ставілася як да жыхароў неба. Чым чалавек не валодае, тым ён захапляецца. Яны ўзнікаюць у пэўным месцы і спяваюць, настройваюць людзей на добры лад. Беларускія песні — з глыбіні вякоў. Памятаць свой род, ведаць свае карані — гэта выдатна. Я ўжо даўно хацела іх намаляваць. І ў той дзень, калі я сабралася маляваць, Галіну Казіміроўскую арыштавалі. Гэта было вельмі дзіўна, сумна, я малявала са слязамі.

Я тады не ведала, што яна мае да іх нейкае дачыненне, я проста плакала, што чалавека арыштавалі. А пазней зразумела, што яна дырыгент. Не ведаю, як так склалася. Так адбылося ўжо не ў адной працы. Свае працы я дару героям, таму падаравала карціну ўсяму хору ў яе асобе. Я была шчаслівая, што ўсё так супала. Гэта была дзівосная і фантастычная падзея. Я дагэтуль пад уражаннем.

 

«Людзі не будуць любіць таго, хто іх біў палкамі»

 

Вольга Якубоўская


— Улетку на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай у Наваполацку прыйшлі тысячы людзей. Пазней, падчас пратэстаў, з «Нафтану» звальнялі рабочых. Як цяпер, у дэпрэсіўны час, выглядае сітуацыя ў вашым горадзе?

— Не думаю, што ёсць дэпрэсія. Калі людзей усяляк заціскаюць, не даюць ім выказваць свае думкі, то гэта не значыць, што яны іх памянялі. Думаю, гэта вялікая памылка. Калі боршч зачыніць вялікай накрыўкай, то ён жа не перастане кіпець. Нічога добрага з гэтага, як вядома, не бывае. Людзі не стануць любіць таго, хто іх біў палкамі. Мая сяброўка ўцякала з сабакам пад пахай, каб яе не дай Бог ніхто не злавіў. Гэта было 10 жніўня, калі ў нас па дварах бегалі «касманаўты» з дручкамі. Страшна было выйсці з дому, мы не разумелі, што адбываецца. Гэта была траўма ўсяму гораду. Нехта ішоў у аптэку, нехта з сабачкам пагуляць, а ў выніку трапілі пад раздачу. Не думаю, што людзі пасля гэтага вырашылі, маўляў, давайце ўсё забудзем і што гэтага не было.

Ведаю людзей з нашага гораду, якія дагэтуль з траўмамі і лечацца ў Літве. Наадварот, людзі, якія раней адзін аднаго не ведалі, цяпер сябруюць. Хочацца адчуваць сяброўскае плячо. Яны не супакоіліся. Так, цяпер зіма, умовы створаныя такія, што чалавек не можа проста выйсці і пагуляць. Але бабулі ходзяць. У нас ёсць свая Ніна Багінская. Гэта цудоўны Анатоль Кулік, яму за 70, ён ходзіць са сцягам ужо шмат гадоў. Калісьці ён працаваў інжынерам. Увесь горад яго любіць. Думаю, што я таксама намалюю яго.

— А што, на вашу думку, адбылося, што мы назіраем такі пералом?

— Рэч нават не ў тым, што нам ізноў схлусілі. Да гэтага ўжо многія прызвычаіліся. Жорсткасць паўплывала. Жорсткасць такога ўзроўню, бадай, упершыню была ўжытая супраць людзей, якія гэтага зусім не чакалі. І гэтая жорсткасць вывела ўсіх са сну, раўнавагі, чаго заўгодна. Людзі рабіліся іншымі літаральна за гэтыя дні. Мы не ведалі сябе да гэтага лета, мы не разумелі, што людзі навокал зусім іншыя. Нехта думаў, што ўсім усё нецікава. Кожны жыў у сваім свеце, але выявілася, што гэта немагчыма. Надыходзіць час — і ты разумееш, што ты ў сваім гняздзе на дрэве нічым не абаронены, калі гэтае дрэва трасуць. Я не ўяўляю, як з гэтым цяжарам жыць. Я лічу, што чалавек павінен жыць, займацца сваёй справай, любіць сваю краіну, любіць сваіх дзяцей, зямлю. Што ў гэтым кепскага? Я хачу, каб на гэтай зямлі не было гвалту. Калі парушаецца запавет «Не забі», то я не разумею, пра што ўвогуле можна казаць.

— У грамадстве ёсць пэўная частка людзей абыякавых, а пэўная частка падтрымлівае ваўкоў з вашых карцін. Нават вітаюць аўтазакі з чырвона-зялёнымі сцягамі. Як вы з імі знаходзіце супольную мову?

— Я выпадкова была сведкаю ўсяго гэтага ва Ўруччы, у Менску. Я іх бачыла а дзявятай ранку, яны пачалі сігналіць аўтазакам, а роўна аб адзінаццатай іх нібыта карова языком злізала. Магчыма, у іх ёсць нейкі расклад, аплочаны час. Я не ўяўляю, з якой прычыны можна пайсці і абараняць тых, хто б’е на вуліцах людзей. Магчыма, яны таксама хочуць гэтым займацца, калі іх падтрымліваюць. Людзі бываюць вельмі дзіўныя.

— Ваўкі мацнейшыя за коцікаў. Як вы ўяўляеце, што коцікі, якія вераць у дабро і справядлівасць, каб не чыніць гвалт, могуць перамагчы ваўкоў?

— Ёсць такі выраз «Няма звера страшнейшага за ката». Я не адразу да гэтага прыйшла, бо коцікаў я акурат малявала з іншага боку — белымі і пухнатымі. Кот — гэта прататып тыгра, рысі, ільва. Не варта даводзіць коціка да стану звера. І воўк насамрэч вельмі добрая жывёліна. Яны не робяць такіх жахлівых рэчаў, як тыя героі, якіх я малюю ваўкамі. Там усё страшней папраўдзе.

— Неўзабаве святы. Што вы параіце зрабіць, паглядзець ці пачытаць, каб узняць настрой, калі навокал адбываюцца невясёлыя рэчы?

— Я б пажадала, каб людзі падумалі пра сваіх блізкіх і родных, пра тое, што ім цікава ў гэтым жыцці. Каб яны заняліся домам, святочным настроем. Гаспадыня можа проста спячы пірог і пацешыць родных, сяброў і блізкіх. Трэба думаць пра тое, што вакол цябе і што прыносіць радасць. Калі няма глабальнай радасці звонку, то трэба яе ствараць унутры сябе і дарыць іншым. Тады атрымаецца, што ў нас ува ўсіх усё роўна будзе свята. Усё ідзе ў правільным кірунку. Трэба набрацца цярплівасці і зразумець, што не бывае так — калі нешта доўга баліць, то потым імгненна папраўляешся. У кожнай краіны, якая цяпер пачуваецца добра, быў свой шлях. Відаць, у нас свой шлях да свабоды. Спадзяюся, мы пройдзем яго годна, без жахаў, якія нам усе прарочаць. Спадзяюся, у беларускага народу хопіць сілаў і трываласці ўсё вытрымаць і гнуць сваю лінію.

Сотні тысяч прыхільнікаў перамен на першым нядзельным маршы пратэсту ў Менску, 16 жніўня



 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: